15 красавіка ўкраінскі блогер BalaganOff абвесціў «мегазбор» 45 тысячаў долараў на 100 дронаў для палка Каліноўскага. Сёння ён паведаміў, што грошы сабралі. «Беларусы, я вас люблю», – напісаў блогер на патрабаванне зладзіць новы краўдфандынг, бо «не ўсе паспелі заданаціць».
«Мы з вамі пачынаем мегазбор «Беларусам ад беларусаў» на 100 дронаў для палка Каліноўскага! Хтосьці не верыць, што ў нас усё атрымаецца, хтосьці нават марыць, каб не атрымалася, аднак мы з вамі ведаем, што Добрых Людзей Болей!» – напісаў напярэдадні ўкраінскі блогер BalaganOff (Аляксандр Рыкаў).
Ён планаваў штодня справаздачыцца пра тое, як ідзе збор. Аднак хапіла толькі аднаго стрыму – сёння блогер паведаміў, што неабходную суму (45 тысячаў долараў) сабралі. Ён падзякаваў усім за дапамогу і звярнуўся да каліноўцаў:
«Усім добраахвотнікам нізкі паклон. Беражыце сябе і знішчайце акупантаў».
Паспяховы краўдфандынг пракаментаваў камандзір палка Каліноўскага Дзяніс (Кіт) Прохараў:
«Мы ўдзячныя кожнаму і кожнай, хто далучыўся да збору. Дзякуй за вашае адзінства! Разам з вашай падтрымкай наш баявы дух узмацняецца».
BalaganOff у сваім канале апублікаваў скрыншот сторыз з Instagram з патрабаваннем зладзіць новы збор, бо «не ўсе паспелі заданаціць». «Беларусы, я вас люблю», – напісаў блогер.
Сцяпан Кубік belsat.eu