news
Інтэрв'ю

Рэкі і павароты Сашы Васюковіча. Шчырая размова з фатографам па вызваленні з турмы

«Жыць не страшна, але я расчараваўся ў людзях».
15.05.202406:05

Вочы, галава, пальцы, памяць, аловак. Калі ты сапраўдны фатограф, застаешся ім нават у турме. У тых умовах фотаапарат і немагчымы, і небяспечны. Вядомы беларускі фатограф-дакументаліст Аляксандр Васюковіч вынес з Валадаркі шмат вобразаў, якія чакаюць на рэалізацыю. А яшчэ – копію малюнку Алеся Пушкіна, які той пакінуў на турэмнай сцяне. Размаўляем з Васюковічам пра свабоду і будучыню, прыслухоўваючыся да плыні недалёкай ракі (Вісла ці Іслач – на выбар).

Фотажурналіст Аляксандр Васюковіч. Варшава, Польшча. 8 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Саша Васюковіч прывёз сваю Беларусь з сабой: забраў у Варшаву свой ровар, на якім яшчэ некалькі тыдняў таму ездзіў па менскіх вуліцах. Зрэшты, раму пяць гадоў таму замаўляў у Варшаве. Вярнулася дамоў, усміхаецца ён. Перапрашае за невялікае спазненне. Прыкурвае і тут жа запэўнівае, што з паленнем збіраецца завязаць, бо да турмы тры гады не паліў, але ў камеры звычка вярнулася – як інструмент камунікацыі і чакання (спальвання часу).

«Не-не, турму я з галавы ўжо выкінуў. І паліць кіну», – кажа.

Рака, якая хаваецца за паваротам

Свае ўважлівыя вочы фатографа хавае за цёмнымі акулярамі («У Беларусі насіў, бо не хацеў, каб у любы момант мяне на камерах распазналі, а тут… проста каб варшаўскія мошкі ў вочы не ляцелі, калі на ровары едзеш»). Бараду, якую давялося згаліць на Валадарцы, ужо аднавіў.

Фотажурналіст Аляксандр Васюковіч. Варшава, Польшча. 8 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Няспешна гутарым пры століку з шахматнай дошкай без фігураў. За маёй спінай – куст бэзу (адквітнеў, у Беларусі яшчэ цвіце). За Сашавай – літаральна за 300 метраў – амаль бязгучна цячэ (уцякае) Вісла. У паўзах паміж словамі прыслухоўваемся і глытаем каву.

«Калі б табе трэба было зараз зняць пейзаж, які б перадаваў стан тваёй душы, што б мы пабачылі на тым фотаздымку?» – пытаемся ў фатографа.

«Магчыма, гэта будзе здымак нейкай звілістай ракі. Кшталту Іслачы. Не, да Віслы не падобная. Рака, якая хаваецца за паваротамі. Глядзіш і не бачыш, што там будзе за наступным… І мы ўцякаем, як рака», – адказвае ціхім голасам Саша Васюковіч.

«Не абражае цябе слова «ўцякач?». Палякі кажуць «уходзьца»…» – робім наступны ход нябачнай шахматнай фігуркай.

Hавiны
Журналіст Аляксандр Васюковіч эвакуяваны з Беларусі
2024.04.25 16:19

«Не, нармальнае слова», – парыруе Аляксандр.

«Цяпер па-іншаму стаўлюся да свабоды»

Яго затрымалі ў кастрычніку 2023 года пасля чарговага вяртання з Украіны (з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне выязджаў туды на здымкі тры разы). Бралі кадэбэшнікі – ператрус, канфіскацыя тэхнікі, допыт, Акрэсціна. Потым – Валадарка (СІЗА № 1 у Менску), дзе прасядзеў амаль тры месяцы. За некалькі тыдняў да суда (18–19 студзеня) трапіў у карцар, дзе яго трымалі 13 дзён запар.

Вытрываў. Суд прызнаў Сашу вінаватым паводле «народнага» артыкулу 342 КК і пакараў трыма гадамі «хатняй хіміі».

«Ці розныя мы людзі – я да затрымання і я цяпер?.. Ты ведаеш, у мяне было шмат часу падумаць пра сябе, пра сваё стаўленне да жыцця, пра стаўленне да сваёй свабоды. І мне падаецца цяпер, што я не вельмі ўважліва ставіўся да свабоды. Браў на сябе шмат рызыкаў, ездзячы ва Украіну з Беларусі. Цяпер бы не рабіў гэтага. Таму што свабода даволі вялікая каштоўнасць, можа, найвялікшая. Але цалкам гэта ўсведамляеш толькі тады, калі яе губляеш. Таму так, мы – я да затрымання і па вызваленні – розныя: цяпер я па-іншаму стаўлюся да свабоды», – гаворыць былы палітвязень.

Фотажурналіст Аляксандр Васюковіч каля муралу з выявай мастака Алеся Пушкіна побач з барам «Карма». Варшава, Польшча. 8 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Цяпер ён лічыць, што турмы і няволі трэба пазбягаць «любымі метадамі». І заўжды выбіраць свабоду.

На думку Сашы, нічога добрага не будзе, калі чалавек сядзе «за прынцыпы»: ён будзе проста «выключаны з жыцця» і страціць здароўе. На свабодзе ж можна зрабіць хоць штосьці.

Рысы Алеся Пушкіна

«Добра памятаем твой фотапраект, які называўся “Артэфакты гвалту“. Якія б кадры ўвайшлі ў цыкл пад назвай “Артэфакты Валадаркі”, калі б у цябе была магчымасць такі рэалізаваць?» – пытаемся.

«Дакладна гэта былі б лісты, якіх там усе вельмі чакаюць. Малюнкі, якія шмат хто малюе, каб нечым рукі заняць. Кубкі і лыжкі, зробленыя з пластыкавых бутэлек, бо алюмініевыя кубкі былі без вушак і апякалі табе далоні. Ружанец, зроблены з хлеба. Лязо ад брытвы, якім мы вастрылі алоўкі. Сплеценыя ніткі, якімі наразалі хлеб…» – пералічвае наш суразмоўца.

Усё, што дапамагала жыць і выжыць. Прадметы, якія апавядаюць аб празе жыцця і свабоды. Сляды. Дарогі…

Саша расказвае, што змог вынесці з турмы некаторыя свае малюнкі і лісты ад сваякоў. І яшчэ – найкаштоўнейшае для ўсіх беларусаў – копію малюнку, які пакінуў па сабе на турэмнай сцяне Алесь Пушкін.

Копія малюнку, які пакінуў на турэмнай сцяне Алесь Пушкін.
Фота: Аляксандр Васюковіч
Малюнак Аляксандра Васюковіча ў турме.
Фота: Аляксандр Васюковіч

 

«Гэта была першая камера, у якую я трапіў на Валадарцы, у так званым шанхаі. У ёй утрымліваліся 24 чалавекі. Да мяне там нехта і з «Litesound» сядзеў, і Алесь Пушкін таксама. Дык вось, мне паказалі малюнак – рысачкі, якія маляваў на сцяне Алесь Пушкін. Я папрасіў сваіх, каб мне пераслалі ў перадачы кальку, каб можна было яго скапіяваць. І я зрабіў гэта. І ў выніку вынес на свабоду», – распавядае Аляксандр Васюковіч.

Ён згаджаецца перадаць нам фотаздымак гэтай копіі для публікацыі.

«Вельмі балюча было гэта ўсё бачыць, таму што я быў да гэтага на пахаванні Алеся… І, блін, не ведаю, мне падалося, што ўсё, што я мог зрабіць, – гэта вынесці адтуль тую штуку. Для гісторыі», – кажа Саша.

«Трывога не нагнала, але…»

Фатограф зазначае з усмешкай, што, на жаль, не меў пры сабе ў камеры фотаапарата і таму яго ролю адыгралі аловак і папера.

Фотажурналіст Аляксандр Васюковіч каля бару «Карма». Варшава, Польшча. 8 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

А каб быў фотаапарат? Фантастычная, немагчымая сітуацыя, але тады Васюковіч прывёз бы з СІЗА рэпартаж аб чаканні.

«Так, гэта быў бы фотарэпартаж пра людзей, якія там у трывожным і страшным чаканні, пра тое, як яны стараюцца не згубіць саміх сябе ў гэтай турме. Асабіста для мяне гэта быў самы пакутлівы стан. Чакаў выраку. Ён мог быць і такі, і такі. Я не ведаў да апошняга. Толькі пасля таго як маю справу перадалі са Следчага камітэту ў Менску ў раённы СК, я зразумеў, што, напэўна, яны там нічога такога не знайшлі. Але ўсё адно паводле 342-га артыкулу мог паехаць і ў калонію, і на “хімію”», – распавядае былы палітвязень.

Саша зʼехаў з Беларусі ў красавіку 2024 года, праз тры месяцы пасля таго як выйшаў з Валадаркі. У ранейшых інтэрвʼю ён прызнаваўся, што, як толькі апынуўся на тэрыторыі Еўразвязу, трывогу як рукой зняло. Пытаемся ў Сашы, ці не нагнала яго «беларуская трывога» праз некалькі тыдняў жыцця ў Варшаве, бо такое здараецца ў жыцці шмат якіх беларусаў-эмігрантаў.

«Не, тыя абставіны, якія выклікалі трывогу ў Беларусі і падчас выездаў адтуль, зніклі. Пакуль мяне нічога не нагнала. А тут пакуль усё ідзе нармальна», – запэўнівае фатограф.

Інтэрв’ю
Аляксандр Мураўёў пра катаванні ў СІЗА КДБ, прачытаныя кнігі і Віктара Бабарыку
2024.03.26 15:00

У Варшаве Аляксандр зняў кватэру, зрабіў польскі «пэсэль» (ідэнтыфікацыйны нумар асобы) і часовую рэгістрацыю («мэльдунэк»), збіраецца падацца на міжнародную ахову. Галоўную трывогу (але цяпер ужо еўрапейскага кшталту) выклікае будучыня, дакладней, думкі пра тое, як і за што жыць далей. Аўтар вядомых праектаў «Еўрамайдан» і «Фота на памяць» трохі збянтэжаны тым, што за час побыту ў Польшчы ён не атрымаў ніводнай прапановы паехаць паздымаць ва Украіну.

Сам ірвецца туды. Здымаў ва Украіне з 2014 года.

«У любы момант можа падляцець варожы дрон»

«Проста цяпер, падобна, фатографы не асабліва каму і патрэбныя, калі ўжо так разабрацца. Плюс, ну… Не асабліва каму і трэба, каб я ездзіў ва Украіну, напрыклад, – гэта мая інтэнцыя. І я пакуль не ведаю, як я буду рабіць гэта, але мне хацелася б працягваць здымаць ва Украіне, таксама здымаць, што тут адбываецца з беларусамі, якія пераехалі. Магчыма, трэба сабраць ужо і свае архіўныя здымкі ў новы праект», – разважае фатограф.

У размове закранаем тэму крызісу фатаграфіі ўвогуле і фотажурналістыкі – у прыватнасці. Як лічыць Аляксандр, такі стан звязаны з недахопам сродкаў («ні ў кога няма грошай на гэта»). Кажа, што калі едзеш «паздымаць вайну» менш чым на месяц, то не асабліва куды паспяваеш трапіць, бо перамовы на здымкі з прэс-афіцэрамі трываюць, бывае, больш часу, чым самыя здымкі. Спальваецца пры гэтым шмат бензіну. Часу і энергіі. Вялікія выдаткі.

Фотажурналіст Аляксандр Васюковіч. Варшава, Польшча. 8 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Вайна ж ва Украіне ператвараецца ў вайну дронаў. Калі фатограф прыехаў туды апошні раз, было складана куды-небудзь трапіць бліжэй да фронту, бо ў любы момант да чалавека з фотаапаратам мог падляцець варожы дрон.

«Але там мяне найперш цікавяць звычайныя людзі, якія выжываюць падчас вайны. Калі апошнім разам быў у Данецкай вобласці, у Сівэрску, сустракаўся з людзьмі, якія не хочуць зʼязджаць адтуль, нягледзячы на небяспеку. Шмат хто не хоча эвакуявацца на захад краіны, бо лічыць, што іх там усе ненавідзяць, не бяруць на працу і г. д. Не ведаю, ці насамрэч гэта так, але ж аднекуль узялася такая думка. Можа, з прапаганды, якая спрабуе пасеяць разлад паміж людзьмі. Не ведаю, але гэта праблема, і з гэтым нешта трэба рабіць», – дзеліцца думкамі Аляксандр Васюковіч.

Крытычна выказваецца ён і наконт Закону аб мабілізацыі ва Украіне, згодна з якім украінскія мужчыны наборнага веку не могуць памяняць пашпарта за мяжой краіны. Васюковіч мяркуе, што гвалтам людзей ваяваць не прымусіш. У XXI стагоддзі трэба прыдумаць іншае развязанне, лічыць наш суразмоўца.

«Людзі не бачаць шэрага – толькі чорнае ці белае»

«Уявім сабе, што заўтра табе пазвоняць і прапануюць паехаць паздымаць ва Украіну. Машына ёсць, грошы – усё ёсць. Паедзеш?» – пытаемся.

Фотажурналіст Аляксандр Васюковіч каля бару «Карма». Варшава, Польшча. 8 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

«Так. Калі заўтра пазвоняць – паслязаўтра буду гатовы да выезду», – адказвае беларускі фатограф.

Пад канец размовы просім Сашу зняць сонечныя акуляры. Ён (без усмешкі) здымае. Трапляем у кадр ягоных блакітных і пільных вачэй фатографа. Хіба яшчэ – з рэшткамі беларускай трывогі.

«Страшна жыць увогуле?» – задаём пытанне былому палітзняволенаму проста ў вочы.

«Не… Не тое што страшна. Але, шчыра кажучы, я расчараваны ў сучасным грамадстве крыху. У людзях наагул. Людзям усё больш падабаецца папулізм, людзі ўсё больш не бачаць шэрага – толькі чорнае ці белае. Людзі цяпер даволі часта хочуць паказаць, што яны дапамагаюць. Але, як мне падаецца, вельмі часта гэта робяць, проста каб зрабіць выгляд, мы, маўляў, такія клапатлівыя. А каб доўга і цяжка працаваць над развязваннем праблемы – гэтага ніхто не хоча», – кажа Саша Васюковіч.

«Так сама было і з нашымі пратэстамі: усе нас падтрымлівалі, усе ведалі, што мы супраць Лукашэнкі, а пачалася вайна – і ўсе беларусы рэзка зрабіліся дрэннымі. Пачалася вайна ў Палестыне з Ізраілем – усе забыліся на Украіну… І вось так гэтае жыццё ідзе і ідзе, і ўсе рэагуюць на парадак дня: зʼяўляецца нешта новае, і пра старое шмат хто забывае…» – дадае былы палітвязень.

Так яно ідзе і ідзе. Жыццё. Паціскаем на развітанне рукі. Усміхаемся. Саша заскоквае на свой менскі ровар з польскай рамай і знікае за паваротам. Рыхтык тая самая выкручастая рака, падобная да Іслачы…

Рэпартаж
Знішчыць антызаапарк. У Варшаве адкрыўся праект «Minsk Anti Zoo. Red Mark»
2024.05.11 15:04

Зміцер Міраш belsat.eu