Пераслед беларусаў у Расеі і таксісты-«экстрэмісты». Рэпрэсіі за 15 траўня


«Белсат» працягвае фіксаваць рэпрэсіі ў дачыненні да беларусаў, якія сутыкаюцца з пераследам з прычыны сваёй грамадзянскай ці антываеннай пазіцыі.

Расейская паліцыя.
Фота: Антон Карлінер / Vot Tak TV / Белсат

Больш як 400 беларусаў дадалі ў базу крымінальнага вышуку МУС Расеі за апошнія тры месяцы. За гэты час з базы вышуку прыбралі каля 200 імёнаў. Цяпер у спісе больш як 3400 беларусаў. «Медиазона» стварыла сэрвіс, што дазваляе знаходзіць у рэестры людзей паводле прозвішча. Адсутнасць у базе не гарантуе, што крымінальная справа супраць канкрэтнай асобы не заведзеная.

Аператыўнікі крымінальнага вышуку Расеі затрымалі ў горадзе Мурыне беларускага доктара Уладзіміра Мартава – былога загадчыка аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Віцебскай больніцы хуткай дапамогі. Ён таксама ёсць у базе крымінальнага вышуку. Доктару інкрымінуецца арганізацыя або ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні. Нагодай для арышту стала інтэрв’ю аднаму з беларускіх медыяў.

Улады ўключылі ў базу «дармаедаў» магілёўца Сяргея Гіркіна з другой групай інваліднасці, якая ў Беларусі непрацоўная. Мужчына лічыць, што прычына занясення ў базу «дармаедаў» – ягоны ад’езд з Беларусі: ужо пяць гадоў магілёвец жыве ў Польшчы і не атрымлівае беларускай дапамогі на інваліднасць.

У Гарадзенскім абласным судзе 15 траўня пачаўся разгляд крымінальнай справы жыхара Ліды Паўла Лукашэвіча. Яго вінавацяць у «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК), «абразе суддзі альбо народнага засядацеля» (арт. 391 КК) і «стварэнні экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзеле ў ім» (ч. 3 арт. 361-1 КК). Справу разглядае суддзя Юрый Казакевіч. Лукашэвіч працаваў у філіяле кампаніі «Белтэкс оптык». Яго затрымалі 22 верасня 2023 года і першапачаткова пакаралі адміністрацыйным арыштам на 15 сутак.

Прызначаная дата апеляцыі ў справе палітзняволенага Аляксандра Зіязэтдзінава. Яго восенню 2022 года асудзілі паводле ч. 1 арт. 361-2 («Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці») да трох гадоў калоніі за перавод крыптавалюты ў »BYPOL«. А 29 лютага 2024 года зноў пачалі судзіць паводле ч. 1 арт. 361-2 («Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці») і ч. 2 арт. 290-1 («Фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці»). Яму пагражала да 15 гадоў калоніі. Справу разглядала суддзя Алена Шылько, але вынік пакуль невядомы. У Вярхоўным судзе ў закрытым рэжыме 17 траўня адбудзецца разгляд апеляцыйнай скаргі палітвязня. Рашэнне будзе прымаць суддзя Эдгар Мартырасян.

Менскі гарадскі суд пачаў разгляд крымінальнай справы Кацярыны Шаблінскай-Івановай. Яе судзяць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч.1 арт. 130 КК («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы»), ч. 3 арт. 361 КК («Заклікі да мер абмежавальнага характару, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі»), ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Справу прызначаная разглядаць суддзя Алена Шылько. Жанчына да затрымання, якое, меркавана, адбылося напачатку верасня 2023 года, адна выхоўвала 6-гадовага сына.

Сілавікі затрымалі майстра па рамонце ноўтбукаў. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі, што мужчына быў падпісаны на «экстрэмісцкія» рэсурсы і пакідаў у іх каментары.

Тэлеграм-каналы «Инсайдер UA» и «Таксисты/Минск» унеслі ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». На іх былі падпісаныя адпаведна 1329110 і 14 542 асобаў.

Інтэрв’ю
Рэкі і павароты Сашы Васюковіча. Шчырая размова з фатографам па вызваленні з турмы
2024.05.15 06:05

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў