Беларусам адмовілі толькі ў 6 % заявак на польскія студэнцкія візы


Візавы скандал у Польшчы закрануў не толькі праграму «Poland Business Harbor»: пад падазрэнне трапілі і студэнты. Міністэрства замежных справаў Польшчы запэўнівае «Белсат»: цяпер няма масавых адмоваў беларусам у выдачы візаў на навучанне.

Польская віза ў пашпарце
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польская віза ў пашпарце.
Фота: Белсат

У верасні 2023 года ў Польшчы разгарэўся візавы скандал: Генеральная пракуратура правяла расследаванне і знайшла мноства фактаў незаконнай выдачы візаў, былі арыштаваныя не менш за сем асобаў, адзін з намеснікаў міністра замежных справаў пайшоў у адстаўку. Гаворка была найперш пра незаконную выдачу візаў мігрантам з Азіі і Афрыкі. Але выявілася таксама, што з атрымальнікаў візаў паводле праграмы «Poland Business Harbor» толькі кожны сёмы напраўду даехаў да Польшчы, таму праграму прыпынілі.

Затым узніклі пытанні да студэнтаў: віза для навучання дазваляе таксама і працаваць, таму пэўная частка «студэнтаў» проста не з’яўлялася на заняткі, але прыязджала працаваць. Такой схемай карысталіся перадусім студэнты з Азіі і Афрыкі, але праблемы з візамі з’явіліся і ў беларусаў. Беларускія медыі пачалі пісаць пра тое, што камусьці не выдалі студэнцкай візы, камусьці выдалі толькі на паўгода. Адна студэнтка распавяла, што ёй адмовілі ў працягу візы, бо тэлефанавалі ў дэканат і пыталі, ці вучыцца яна там, а ў дэканаце не адказалі, бо не было афіцыйнага запыту.

Гісторыі
«Узмацненне жорсткасці ў выдачы візаў». З польскімі візамі стане складаней, а PBH не вернуць
2024.04.04 06:01

У Консульскім дэпартаменце Міністэрства замежных справаў Польшчы «Белсату» адказалі, што адмовы ў студэнцкіх візах беларусам не маюць масавага характару. З 1 студзеня да 30 красавіка 2024 года адносна выдачы нацыянальных польскіх візаў грамадзянам Беларусі з мэтай навучання (код «09» у заяве) было 161 рашэнне, з гэтага 10 адмоваў (6,2 %) і 151 станоўчае рашэнне аб выдачы.

Падчас разгляду заяўкі на выдачу візы, як адказалі «Белсату», консул разглядае «даступную яму інфармацыю» для ацэнкі заяўленай мэты і ўмоваў знаходжання, а таксама праўдападобнасць дэклараванага ў заяве. Пры тым візу могуць выдаць на тэрмін, меншы за год, калі са звестак у справе будзе вынікаць, што патрэбная менавіта такая віза.

МЗС можа накіроўваць ва ўніверсітэты запыты аб статусе замежніка згодна з законам (ustawa z dnia 12 grudnia 2013 r. o cudzoziemcach), але ў сферу адказнасці МЗС не ўваходзіць праверка паспяховасці навучання. Значыць, у МЗС узнікнуць пытанні не тады, калі студэнт вучыцца кепска ці прагульвае нейкія заняткі, а тады, калі не вучыцца зусім.

Калі ў візе адмовілі, рашэнне можна абскардзіць цягам 14 дзён з атрымання рашэння аб адмове, але давядзецца зноў заплаціць консульскі збор.

У Міністэрстве замежных справаў падкрэсліваюць, што віза – гэта дазвол на ўезд і знаходжанне ў пазначаных у візе мэтах. Замежнік, які прыехаў з візай і хоча легальна жыць на тэрыторыі Польшчы, мае падаць заяву на часовы від на жыхарства (pobyt czasowy z tytułu podjęcia lub kontynuacji studiów).

Гэта значыць, для трохгадовага навучання не патрэбная віза на тры гады, а патрэбная віза для ўезду і часовы від на жыхарства. За выдачу відаў на жыхарства адказвае ўжо не МЗС, а ваявода (аналаг таго, што ў Беларусі завецца старшынём аблвыканкаму). Заяву трэба падаваць у аддзел справаў замежнікаў адпаведнага ваяводства (Wydział Spraw Cudzoziemców Urzędu Wojewódzkiego).

З запісам на падачу дакументаў на атрыманне відаў на жыхарства ёсць праблемышляхі абысці тыя праблемы), але агулам у атрыманні відаў на жыхарства беларусам у Польшчы адмаўляюць параўнальна рэдка.

Каментар
Часовыя праблемы, якія трэба перачакаць. Польскі эксперт пра візавыя цяжкасці беларусаў
2024.05.14 17:50

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў