Як расейская прапаганда ператварае людзей у зомбі

Амаль чатыры гады прайшло пасля падзеяў 2020 года, калі надзея беларусаў на сваю і вольную і незалежную краіну была раздушаная лукашэнкаўскімі карнікамі, а большая частка беларускай незалежнасці была здадзеная Расеі. Рэпрэсіўны механізм дзее ўсё больш імкліва і не можа спыніцца, інакш можа зламацца ўся сістэма. Але самае страшнае, што ўся краіна апанаваная расейскім парадкам дня, а прапаганда Лукашэнкі працуе паводле метадычак, напісаных у Маскве.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. У беларускай сталіцы прайшло традыцыйнае шэсце з нагоды 77-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, пасля чаго пачалася святочная гульба гараджанаў. Менск, Беларусь. 9 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

Гэта ўжо прыводзіць да таго, што шмат грамадзянаў нашай краіны становяцца ахвярамі іхнай супольнай працы. Тыя, хто яшчэ ў 2020 годзе выходзіў на маршы пад нацыянальнымі сцягамі, раптам апынуліся ў іншым лагеры. Некаторыя змены проста шакуюць.

Звернемся да прыкладаў. Жанчына – актыўная сябра дэмакратычнай партыі – раптам выстаўляе ў сябе на старонцы ў сацыяльных сетках чалавека ў савецкай вайсковай форме з георгіеўскай стужкай. Пры гэтым выкарыстоўваецца фраза «без гэтай перамогі не было б усіх вас».

Цяжка зразумець, што ў чалавека адбываецца ў галаве, мне складана ўявіць, як з гэтых частак з’яўляецца такая карціна.

Зазвычай людзі не хочуць думаць, яны жадаюць атрымаць гатовы прадукт у яркай упакоўцы. Большасці не хочацца правяраць факты і крытычна мысліць, і расейская прапаганда карыстаецца гэтым напоўніцу. Так белае робіцца чорным, а чорнае – белым.

Так працавала савецкая прапаганда, і так працягвае працаваць расейская. За альтэрнатыўную інфармацыю, нават за спробу яе здабыць, можна атрымаць рэальны тэрмін. Тым больш што да расейскай метадычкі дадаецца праца лукашысцкіх ідэолагаў.

Вось яшчэ адзін прыклад. Дасведчаны мужчына, шмат чаго пабачыў у жыцці, у 2020 годзе браў удзел у маршах. Выйшаў на пенсію, у яго з’явілася шмат вольнага часу і ён стаў ахвярай дзяржаўнага тэлебачання. Цяпер ён піша пра тое, «якую вялікую памылку мы маглі зрабіць у 2020 годзе і як добра, што нам удалося захаваць краіну і абʼяднацца вакол моцнага лідара».

Пад асаблівым ударам – беларускія дзеці. У дачыненні да іх расейскі рэжым выкарыстоўвае пернік. Праплачаныя паездкі ў дзіцячыя летнікі на мора, выезды ў Маскву, падарункі і расказы пра цудоўную Расею.

У выніку беларуская дзяўчынка, бацькі якой у 2020 актыўна падтрымлівалі нашу рэвалюцыю, раптам выкладвае ў сацыяльныя сеткі здымкі з трыкалорамі і васковай фігурай Пуціна. Яшчэ адна выкладвае здымак з савецкім чырвоным сцягам і подпісам: вернем нашу агульную айчыну!

Маладая спартоўка, якая чатыры гады таму выстаўляла здымкі з нацыянальным сцягам, выходзіць на ўзнагароджанне абматаная чырвона-зялёным. Ці прымусілі яе гэта зрабіць? Думаю, не. Але ж ёсць прычына, чаму яна так зрабіла?

Безумоўна, не ўсіх, але частку беларускіх патрыётаў мы ўжо згубілі. Як можа быць іначай, калі чалавек 24 на 7 застаецца ў расейскай інфармацыйнай плыні?

Выказваць сваю пазіцыю ў Беларусі вельмі небяспечна, таму многія жывуць так, як жылі б пры акупацыі, ходзяць на працу і дзяржаўныя мерапрыемствы.

Пакуль яшчэ нямала тых, хто чакае новага акна магчымасцяў. І на гэтых людзей цяпер асноўная надзея. Рэжымы Пуціна і Лукашэнкі вялізарныя сродкі ўкладаюць у прапаганду. І калі краіны Захаду ўжо сёння не адкажуць на гэты вельмі небяспечны выклік, заўтра можна быць вельмі позна. Гэтая зброя забівае не горш, чым куля.

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў