«Вельмі сумленны» эканаміст Белавусаў замест Шайгу: чаму Пуцін мяняе кіраўніка Мінабароны


Уладзімір Пуцін перавёў Сяргея Шайгу з пасады міністра абароны на пасаду сакратара Рады Бяспекі 12 траўня. У якасці новага міністра абароны ён прапанаваў першага намесніка старшыні ўрада, эканаміста Андрэя Белавусава. «Белсат» разбіраўся, што азначаюць перастаноўкі, хто такі Белавусаў і як гэта можа адбіцца на ходзе вайны.

Андрэй Белавусаў на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным. 7 лістапада 2023 года.
Фота: kremlin.ru

Уладзімір Пуцін пасля прэзідэнцкіх выбараў мае намер мабілізаваць эканоміку і абаронна-прамысловую базу для падтрымкі зацяжной вайны ва Украіне і, магчыма, падрыхтоўкі да будучай канфрантацыі з NATO, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны.

«Прызначэнне Белавусава на пасаду міністра абароны Расеі з’яўляецца важнай падзеяй у спробах Пуціна стварыць усе эканамічныя ўмовы для зацяжной вайны. Белавусаў не мае ваеннага вопыту і зʼяўляецца эканамістам па прафесіі», – адзначае Інстытут вывучэння вайны.

Пуціну патрэбны чалавек, які навядзе парадак з рэсурсамі, каб больш эфектыўна ваяваць у доўгую, вынікае з яго справаздачы.

Эканаміст, які будзе больш траціць на вайну?

Андрэю Белавусаву 65 гадоў. З 1986 па 2006 год ён працаваў у Інстытуце эканомікі і прагназавання навукова-тэхнічнага прагрэсу АН СССР/Інстытуце народна-гаспадарчага прагназавання РАН. Апошняя яго пасада там – загадчык лабараторыі. З 2012 па 2013 год ён быў міністрам эканамічнага развіцця Расеі. З 2013 па 2020 год – памочнікам прэзідэнта. З 21 студзеня 2020 года прызначаны першым намеснікам старшыні ўрада.

Абвяшчаючы кандыдатуру Белавусава прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што «вельмі важна ўпісаць эканоміку блока бяспекі ў эканоміку краіны».

Агляд
Расейцы штурмуюць Ваўчанск і абыходзяць горад па флангах. Што вядома?
2024.05.13 17:22

Акрамя таго, ёсць звесткі, што Пуцін незадаволены карупцыяй у войску. У Белавусава ў гэтым плане рэпутацыя значна лепш, чым у Шайгу, распавядаюць крыніцы «Financial Times».

«Ён абсалютна не карумпаваны. І гэта будзе моцна адрознівацца ад таго, што мы маем цяпер у Міністэрстве абароны. Шайгу і ўсе, хто яго атачаў, былі вельмі камерцыйнымі хлопцамі. Белавусаў не будзе рабіць выгляд, што кіруе арміяй як генерал з усімі гэтымі медалямі. Ён працаголік. Ён тэхнакрат. Ён вельмі сумленны, і Пуцін яго вельмі добра ведае», – сказаў «Financial Times» чалавек, які ведае Пуціна і Белавусава на працягу дзесяцігоддзяў.

На думку былога супрацоўніка цэнтральнага банку Расеі Аляксандра Пракапенкі, прызначэнне Белавусава азначае, што Кабінет міністраў і Міністэрства абароны будуць больш цесна каардынаваць выдаткі.

«Пры Шайгу ўсё выглядала так, быццам Сяргей Кужагетавіч проста заходзіў у Кабінет міністраў і выходзіў адтуль з грашыма. Белавусаў будзе іншым. Але ваенныя выдаткі могуць не скараціцца, а вырасці. Белавусаў – актыўны прыхільнік ролі прамысловасці ў эканоміцы, таму ён за тое, каб напампоўваць эканоміку грашыма праз абаронны сектар», – адзначыў Пракапенка.

Белавусаў таксама актыўна займаецца праектамі, звязанымі з вытворчасцю дронаў, што асабліва важна на полі бою.

«У студзені 2023 года Белавусаў асабіста абвясціў, што Расея завяршыла працу над праектам “Беспілотныя авіяцыйныя сістэмы”, які прадугледжвае вылучэнне 696 млрд рублёў (каля $ 7 млрд) на вытворчасць 32 000 беспілотнікаў у год да 2030 года. Пуцін, верагодна, мае намер, каб Белавусаў выкарыстаў свой досвед працы на грамадзянскай дзяржаўнай пасадзе для ўвязкі Федэральнай эканамічнай палітыкі з парадкам дня расейскага МО, тым самым больш поўна мабілізуючы расейскі АПК у больш шырокім і доўгатэрміновым маштабе і інтэгруючы яго з унутранай эканамічнай палітыкай», – адзначае Інстытут вывучэння вайны.

Hавiны
На вайне ва Украіне загінулі больш за 49 тысяч расейскіх вайскоўцаў
2024.03.29 20:02

«Белавусаў трапіць у даволі варожае асяроддзе»

Замена Шайгу – гэта было пытанне часу, распавёў «Белсату» вайскова-палітычны аглядальнік суполкі «Информаційний спротив» Аляксандр Каваленка.

«Кампанія супраць Шайгу пачалася яшчэ з часоў Прыгожына. Але Прыгожын апынуўся ў няміласці, затым яго ліквідавалі. Але ён пасеяў асноўны наратыў “Шайгу, Герасімаў, дзе боепрыпасы?!”. Гэтай фразай ён падкрэсліваў ступень карумпаванасці ўсёй структуры і яе няздольнасць выконваць пастаўленыя баявыя задачы», – кажа Каваленка.

Валерый Герасімаў і Сяргей Шойгу ідуць побач з Уладзімірам Пуціным падчас наведвання вайсковага палігону ў Ніжагародскай вобласці, дзе праходзілі стратэгічныя вучэнні ўзброеных сіл Расейскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь «Захад-2021». 13 верасня 2021 года.
Фота: kremlin.ru

Акрамя таго, Шайгу, як і Белавусаў, не быў прафесійным вайскоўцам. Затое Валерый Герасімаў застаецца начальнікам расейскага Генштаба. Менавіта ён кіруе ваеннымі дзеяннямі ва Украіне. Атрымліваецца, ад сыходу Шайгу Міністэрства абароны Расеі мала што губляе.

Аднак, чаго чакаць ад Белавусава, незразумела, адзначае суразмоўца. Калі вайскоўцы хутчэй за ўсё будуць спрабаваць перасягнуць адзін аднаго за кошт актывізацыі баявых дзеянняў, то невядома, што абярэ эканаміст.

«Або Белавусаў будзе рацыянальна ставіцца да размеркавання бюджэтных сродкаў і спрабаваць у перспектыве доўгай вайны з акцэнтам на знясіленне неяк рэарганізаваць Міністэрства абароны. Або ён будзе дзейнічаць зусім наадварот – зможа да фенаменальнага ўзроўню палепшыць паказнікі карупцыі ў Міністэрстве абароны. Пакуль рана рабіць нейкія высновы, паколькі чалавек толькі стаў каля стырна», – кажа Аляксандр Каваленка.

Таксама важна, ці ўдасца Белавусаву зладзіць з новым асяроддзем, паколькі ў самім міністэрстве абароны ёсць мінімум тры лагеры, якія змагаюцца паміж сабой. Гэта прыхільнікі Шайгу, група «блакітных крывей», то бок афіцэраў, чые семʼі пакаленнямі ў Мінабароны. І трэці лагер – «лубянскоўскі» – афіцэры Мінабароны, якія знаходзяцца пад уплывам ФСБ, працягвае суразмоўца.

«Белавусаў, які апынецца там найбліжэйшым часам, патрапіць сапраўды ў даволі варожае асяроддзе. Магчыма нават нейкія яго навыкі эканаміста маглі б ім спатрэбіцца, але наўрад ці ён зможа вельмі хутка дасягуць нейкіх дзейсных поспехаў, калі толькі не будзе мець асаблівы статус недатыкальнага, дадзены яму непасрэдна ад самога Пуціна.

У адваротным выпадку поспехі ў яго наўрад ці будуць якія-небудзь сурʼёзныя, асабліва на інфармацыйным фронце, яго могуць у бліжэйшы час пачаць даволі інтэнсіўна тапіць рэсурсы лампасаносцаў», – кажа Каваленка.

Ён лічыць, што ў дадзенай сітуацыі будуць дамінаваць альбо эканамісты, альбо вайскоўцы.

«Не думаю, што будзе другі варыянт у гэтым пытанні. Эканамісты могуць прыслухоўвацца да вайскоўцаў, але будзе ўсё ж такі эканамічна-рацыянальны падыход да выкарыстання сіл і сродкаў. Гэта можа і негатыўна адбіцца на зоне баявых дзеянняў, і, наадварот, пазітыўна для ўкраінскага войска, бо эканаміст – гэта не вайсковец. Калі яны паміж сабой не знойдуць канэкту [Белавусаў і вайскоўцы. – Рэд.], то ў прынцыпе не будзе нейкага пазітыўнага выніку для расейскіх акупацыйных войскаў», – заключае Аляксандр Каваленка.

Аналітыка
«Мілітарысцкая ліхаманка Лукашэнкі». Да чаго рыхтуецца беларускае войска і ці адкрые Расея другі фронт
2024.03.26 16:58

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў