Расейцы штурмуюць Ваўчанск і абыходзяць горад з флангаў. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 810-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 13 траўня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы 21-й асобнай механізаванай брыгады на баявой машыне пяхоты шведскай вытворчасці CV90 пры лініі фронту ў Данецкай вобласці, Украіна. 12 траўня 2024 года.
Фота: Valentyn Ogirenko / Reuters / Forum

Харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах Харкаўскай вобласці)

На поўначы Харкаўскай вобласці расейцы намагаюцца развіць поспех на двух участках фронту – у кірунку буйнога паселішча Лыпці ў Харкаўскім раёне (на паўночным усходзе ад абласнога цэнтру) і ў ваколіцах гораду Ваўчанск у Чугуеўскім. Аналітыкі праекту «Deepstate» гавораць, што на першым участку, пасля фактычнага заняцця населеных пунктаў Марахавец, Алійныкава і Зялёнае, войскі РФ працягнулі рух на поўдзень і ў выніку амаль захапілі паселішча Лук’янцы, а таксама падышлі да Глыбокага, у якім цяпер спрабуюць замацавацца.

На другім участку баі ідуць уздоўж умоўнай лініі населеных пунктаў Старыца, Бугруватка, Гатышча, Ваўчанск і Ваўчанскія Хутары.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» удакладняе, што ў паселішча Гатышча расейцы кантралююць толькі паўночную частку, а каля Ваўчанску баі лакалізуюцца на паўночных ваколіцах. Пры гэтым крыніца адзначае, што вораг дзее выключна сіламі пяхоты і ў апошнія содні прасунуўся мінімальна, засяродзіўся на замацаванні раней занятых пазіцыяў.

Прарасейскі «Рыбарь» прызнае, што рух Узброеных сілаў РФ запаволіўся пасля заняцця так званай шэрай зоны на памежжы, паколькі цяпер яны падабраліся да першай лініі абароны ўкраінцаў.

Разам з тым крыніца сцвярджае, што войскі РФ усё ж прасоўваюцца ў Ваўчанску: на поўначы гораду бліжэй да вечара 12 траўня яны захапілі тэрыторыю мясцовага мясакамбінату і пачалі зачыстку будынкаў абутковай фабрыкі, адначасова з гэтым яны атакавалі Ваўчанск з усходу і, імаверна, змаглі прарвацца да цэнтральнай часткі населенага пункту.

Яшчэ адзін прарасейскі тэлеграм-канал – «Фронтовая птичка» – піша, што ў горадзе УС РФ дзейнічаюць сіламі дыверсійна-выведных групаў, засяродзіўшы свае асноўныя намаганні на спробах абысці Ваўчанск з флангаў: сцвярджаецца, што з усходу пад кантроль РФ перайшлі населеныя пункты Зыбіна і Ваўчанскія Хутары, а на захадзе – Старыца і Бугруватка.

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што на купянскім кірунку цягам апошніх содняў адбылося 19 баявых сутыкненняў у ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка, Іванаўка, Бераставое ў Харкаўскай вобласці і каля Стэльмахаўкі, Новаягораўкі і Макееўкі ў Луганскай.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Бахмутський Балу» піша, што агулам пад Купянскам сітуацыя для сілаў абароны краіны складаная, бо непрыяцель праводзіць рэгулярныя штурмы з дапамогай цяжкой тэхнікі.

На суседнім ліманскім кірунку ЗСУ абараняюцца на плацдарме з усходу ад ракі Жарабец. У Міністэрстве абароны РФ заявілі, што іхныя вайскоўцы занялі больш выгадныя рубяжы каля паселішча Торскае на поўначы Данецкай вобласці.

Разам з тым у ведамстве адзначаюць, што на абодвух кірунках украінцы не менш за 13 разоў на содні контратакавалі, імкнучыся вярнуць раней страчаныя пазіцыі.

Сівэрскі і краматорскі кірункі (лінія фронту ў Данецкай і Луганскай вобласцях з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец)

На сівэрскім выступе расейцы ціснуць па ўсёй шырыні фронту ў ваколіцах населеных пунктаў Белагораўка, Верхнякаменскае, Спірнае, Выемка і Раздолаўка, але істотных поспехаў не маюць. Пры гэтым ЗСУ прынамсі тры разы намагаліся адкінуць ворага каля Спірнага і Раздолаўкі.

На краматорскім кірунку асноўная актыўнасць Узброеных сілаў РФ усё яшчэ лакалізуецца ў ваколіцах гораду Часаў Яр.

Тэлеграм-канал «Два майора» паведамляе, што войскі РФ паступова прабіваюць абарону ўкраінцаў на флангах гораду побач з паселішчам Багданаўка на поўначы і ўздоўж дарогі Т0504 (Бахмут – Касцянтынаўка) на поўдні, а таксама ў паселішчы Іванаўскае.

Яшчэ адна прарасейская крыніца – канал «НгП раZVедка» – фіксуе поспехі расейцаў у суседнім ад Іванаўскага паселішчы Клішчыеўка, дзе яны прасунуліся да цэнтральнай часткі населенага пункту.

Праўкраінскі «Бахмутський Демон» звяртае ўвагу на тое, што ў гэты ж час сам Часаў Яр УС РФ не штурмуюць, засяродзіўшыся на ўдарах па горадзе авіяцыяй і артылерыяй.

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На пакроўскім кірунку ўкраінскае камандаванне фіксуе 24 баявыя сутыкненні за апошнія содні.

Тэлеграм-канал «Два майора» удакладняе, што баі ідуць на захадзе ад гораду Аўдзееўка, дзе войскі РФ намагаюцца выраўняць лінію фронту на ўчастку Салаўёва – Новапакроўскае – Уманскае і паміж паселішчамі Нэтайлава, Первамайскае і Невельскае.

У «Deepstate» фіксуюць прасоўванні расейцаў у Нэтайлаве, на ўсходзе ад Новапакроўскага і з захаду ад Сэменаўкі (з усходу ад участку Новапакроўскае – Уманскае).

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» адзначае поспехі непрыяцеля ў паселішчах Уманскае і Яснабродаўка.

На курахаўскім кірунку захоўваецца крытычная для ЗСУ сітуацыя ў Краснагораўцы. Аналітыкі «Deepstate» фіксуюць чарговыя прасоўванні ворага ў горадзе.

Канал «НгП раZVедка» сцвярджае, што Збройныя сілы намагаюцца выйсці з амаль страчанага населенага пункту, але нясуць вялізныя страты, бо цяпер апынуліся ў так званым агнявым мяшку варожай артылерыі.

Паводле крыніцы, украінскае камандаванне распрацавала план падтрымання свайго гарнізону ў горадзе, згодна з якім шматлікія малыя штурмавыя групы ЗСУ са складу 46-й брыгады будуць атакаваць пазіцыі расейцаў на паўднёвых ускрайках Краснагораўкі, а таксама ўдараць ніжэй фронтам каля паселішча Пабеда, каб адцягнуць увагу непрыяцеля.

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На ўрэмаўскім кірунку Узброеныя сілы РФ ціснуць на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў каля паселішчаў Уражайнае і Старамаёрскае. «Рыбарь» удакладняе, што цяпер баі ідуць у самім Старамаёрскім, а таксама на паўднёвых ускрайках Уражайнага.

У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці актыўнасць бакоў захоўваецца на выступе фронту з поўдня ад гораду Арэхаў – на ўчастку паміж паселішчамі Вэрбовае і Работына. У «Deepstate» пішуць аб прасоўваннях расейцаў каля першага населенага пункту.

У Херсонскай вобласці, паводле Генштабу ЗСУ, расейцы двойчы атакавалі на левым беразе Дняпра ў ваколіцах паселішча Крынкі, але поспеху не дасягнулі. Разам з тым баі на гэтым участку працягваюцца.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў