Дзясяткі тысяч асобаў выйшлі на пратэст у Тбілісі праз закон аб замежных агентах


11 траўня ў Тбілісі адбылася масавая дэманстрацыя супраць закону аб замежных агентах – ініцыятыву называюць расейскаю, бо яна вельмі падобная да дыскрымінацыйнага закону, што дзеіць у Расеі. Паводле ацэнак кампаніі «Z.axis», удзел у акцыі ўзялі ад 69 да 92 тысяч асобаў.

Акцыя супраць законапраекту «Аб празрыстасці замежнага ўплыву». Тбілісі, Грузія. 11 траўня 2024 года.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Акцыю «Марш Еўропы» зладзіла апазіцыя і няўрадавыя арганізацыі. Людзі збіраліся ў розных пунктах у Тбілісі і рушылі на плошчу Еўропы.

Паводле сацыялагічнай кампаніі «Z.axis», якія публікуе выданне «Tabula», удзел у акцыі ўзялі ад 69 да 92 тысяч асобаў.

У кіроўнай партыі «Грузінская мара» пры гэтым заявілі, што дэманстрацыя не сабрала і 20 тысячаў.

Расейская служба Бі-Бі-Сі адзначае, што апошнім часам адбылося некалькі нападаў на палітыкаў і актывістаў, якія выступаюць супраць закону аб замежных агентах, пагрозы атрымліваюць і журналісты.

Пратэсты трываюць у Грузіі з 15 красавіка. На наступным тыдні чакаецца разгляд законапраекту ў канчатковым чытанні. І хаця прэзідэнтка Саламэ Зурабішвілі паабяцала адхіліць дакумент, у парламенцкай большасці «Грузінскай мары» хопіць галасоў, каб пераадолець вета.

Hавiны
У Тбілісі паліцыя выкарыстала супраць пратэстоўцаў вадамёты, гумовыя кулі і слезацечны газ
2024.04.30 23:23

Апазіцыя называе мясцовы законапраект «Аб празрыстасці замежнага ўплыву» калькаю з расейскага закону аб замежных агентах. У Расеі асобам, якім адвольна надаюць такі статус, забаронена, напрыклад, ладзіць публічныя імпрэзы, выкладаць у дзяржаўных установах, працаваць у выбаркамах, на чыноўніцкіх пасадах, а надоечы ім дадаткова цалкам забаранілі браць удзел у выбарах – і ў якасці кандыдатаў або давераных асобаў, і ў якасці назіральнікаў.

Захад крытыкуе ініцыятыву грузінскіх уладаў. Раней краіны Паўночнай Еўропы і Балтыі ў супольнай заяве адзначылі, што Тбілісі абраў трывожную траекторыю, якая разбурае еўрапейскую будучыню Грузіі ды гэты законапраект несумяшчальны з еўрапейскімі нормамі і каштоўнасцямі:

«У выпадку ўхвалення закон можа быць выкарыстаны, каб прымусіць замаўчаць медыі і арганізацыі грамадзянскай супольнасці, якія адыгрываюць важную ролю ў дапамозе Грузіі на шляху да сяброўства ў ЕЗ. Сцвярджэнні грузінскіх уладаў, што прапанова нагадвае законапраект ЕЗ, неабгрунтаваныя і ўводзяць у зман».

Прэм’ер-міністр Грузіі Іраклі Кабахідзэ раней казаў, што ўрад будзе прасоўваць законапраект, нягледзячы на супрацьдзеянне, паводле яго, «уведзенай у зман» моладзі, якая адчувае непрыязь у дачыненні Расеі. Пры гэтым кіраўнік ураду, нягледзячы на меркаваныя наступствы ўхвалення законапраекту, 11 траўня заявіў, што «наш шлях ляжыць толькі ў Еўразвяз, і наш галоўны вонкавапалітычны прыярытэт – сяброўства ў Еўразвязе».

Разбор
Бойка ў парламенце і пратэсты на вуліцы. У Грузіі зноў прымаюць закон пра замежных агентаў
2024.04.15 17:15

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў