Нідэрландскі спявак Ёўст Клейн адхілены ад «Еўрабачання»


Арганізатары «Еўрабачанне» паведамілі 11 траўня аб адхіленні ад удзелу ў спеўным конкурсе нідэрландскага спевака Ёўста Клейна. Прычынай назвалі расследаванне шведскай паліцыі аб скарзе на яго жанчыны са здымачнай групы.

Ёўст Клейн.
Фота: Eurovision.tv

Паводле заявы арганізатараў, было б няправільна працягваць удзел Ёўста Клейна ў конкурсе, пакуль паліцыя вядзе расследаванне заявы, а паводзіны спевака былі парушэннем правілаў конкурсу.

Што менавіта здарылася, арганізатары не паведамляюць. Толькі адзначаюць, што, насуперак паведамленням медыяў, у інцыдэнт не былі ўцягнутыя чальцы іншых дэлегацыяў.

Спявак, які выступае пад псеўданімам Joost, меў выступіць у фінале з іранічнай песняй «Europapa». Дэлегацыя Нідэрландаў назвала дыскваліфікацыю «непрапарцыйнай».

Раней шведскі тэлеканал «SVT» паведамляў, што магла адбыцца фізічная сутычка між спеваком і фатографам, але паліцыя казала пра інцыдэнт з пагрозамі.

Выданне таксама адзначыла, што Клейн выказаўся адносна ўдзельніцы з Ізраілю. Калі журналіст спытаў ізраільскую спявачку Эдэн Галян, ці не думае яна, што сваім удзелам стварае небяспеку для іншых артыстаў, вядоўца прэс-канферэнцыі сказаў, што яна не абавязаная адказваць на гэтае пытанне. А Клейн перапытаў: «Чаму не?». Да таго ён сядзеў, накрыўшыся сцягам Нідэрландаў.

Ці быў звязаны інцыдэнт з пазіцыяй спевака адносна ўдзелу Ізраілю, невядома.

Супраць удзелу Ізраілю адбываліся пратэсты, у Мальмё ўвялі падвышаныя захады бяспекі праз магчымыя тэракты, а Ізраіль не раіў сваім грамадзянам наведваць конкурс.

Эдэн Галян збіралася выступаць у другім паўфінале з песняй «October Rain» («Кастрычніцкі дождж»), у якой пабачылі адсылкі да атакі тэрарыстаў «Хамасу» на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года. Песню адхілілі як занадта палітызаваную. Таксама адхілілі і запасны варыянт – «Dancing Forever» («Вечны танец»), у якой пабачылі намёкі на атаку тэрарыстаў на музычны фэст. Нарэшце ўхвалілі пераробленую першую песню, ужо пад назваю «Hurricane» («Ураган»). Давялося прыбраць нават слова «кветкі», якое на ізраільскім вайсковым жаргоне азначае загінулых вайскоўцаў. Не зважаючы на тое, што песню адцэнзуравалі, прыхільнікі Палестыны працягнулі пратэсты супраць самога ўдзелу Ізраілю ў конкурсе.

Фінал «Еўрабачання» пройдзе ў шведскім Мальмё вечарам 11 траўня, трансляцыю можна будзе глядзець тут. У конкурсе цяпер будуць удзельнічаць толькі 25 песень. У ліку фіналістаў – прадстаўнікі Украіны, Літвы, Латвіі і Эстоніі. Пачатак – а 21:00 паводле цэнтральнаеўрапейскага (і польскага) часу, або а 22:00 паводле менскага і віленскага. Беларускія гледачы могуць галасаваць за канкурсантаў, але іхныя галасы залічацца ў «Рэшту свету» – групу з вагой голасу, як у адной краіны-ўдзельніцы.

Агляд
«Еўрабачанне-2024» – ізноў без Беларусі і нечакана змрочна. Хто ад суседзяў і на каго ставяць
2024.05.07 09:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў