Каманда Латушкі і Рух «За Свабоду»: нас чуюць у ЕЗ, а праца ў пытанні санкцыяў ужо прыносіць плён


Каманда Латушкі і Рух «За Свабоду» заявілі, што ў новым санкцыйным пакеце Еўразвязу супраць рэжыму Лукашэнкі і Расеі ўлічаныя асобныя палажэнні праграмы кааліцыі.

Фота мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: stock.adobe.com

«Нашыя падыходы чуюць у ЕЗ, а праца ў пытанні санкцыяў ужо пачынае прыносіць плён», – зазначае кааліцыя.

Еўракамісія падрыхтавала праект новага пакету санкцыяў, які накіраваны на ўзмацненне жорсткасці мераў у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі за падтрымку расейскай агрэсіі ва Украіне, і гарманізацыю санкцыяў з Расеяй.

«Лісты аб неабходнасці гарманізацыі санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі і Расеі раней былі накіраваныя нашай камандай у Еўракамісію, Еўрапейскую службу знешніх сувязяў, а таксама ў МЗС шэрагу краінаў-сябраў Еўразвязу. Цяпер ЕЗ гатовы прыняць гэтыя прапановы, – сцвярджае кааліцыя «Каманда Латушкі і Рух «За Свабоду». – Мы неаднаразова ўказвалі на неабходнасць гэтай і іншых важных мераў, каб спыніць выкарыстанне Беларусі як «чорнай дзіркі» для абыходу існых санкцыяў. Напрыклад, па дакументах тавар едзе з Польшчы ў Грузію, а ў Беларусі адрасат мяняецца на кампанію расейскага ВПК».

У праекце Еўракамісіі прадугледжаныя новыя абмежаванні, уключаючы забарону на пастаўкі ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэння, а таксама навігацыйнага абсталявання і прадметаў раскошы – тых самых групаў тавараў, якія найбольш падвяргаліся незаконнаму рээкспарту ў Расею.

Hавiны
Еўразвяз збіраецца ўвесці больш жорсткія санкцыі супраць Беларусі, але з выключэннем для калійкі
2024.05.07 17:15

Адмысловая ўвага нададзеная кантролю за рээкспартам, што таксама дапаможа перадухіліць траплянне гэтых тавараў у Расею праз Беларусь.

Уведзеныя таксама абмежаванні на імпарт пэўных тавараў з Беларусі, у тым ліку алмазаў і мінеральных прадуктаў, а таксама на экспарт у Беларусь тавараў і тэхналогіяў для нафтаперапрацоўкі.

«Нам важна, каб свет зразумеў: санкцыі павінны быць не толькі шырокімі, але і глыбокімі, каб выключыць любыя шчыліны. Інакш на санкцыях толькі нажываюцца набліжаныя да рэжыму праз схемы іх абыходу. Мы працягнем працу, каб забяспечыць выкананне і ўзмацненне гэтых мераў дзеля міру і бяспекі ў рэгіёне», – абяцаюць прадстаўнікі Каманды Латушкі і Руху «За Свабоду».

Кааліцыя «Каманда Латушкі і «Рух за Свабоду» удзельнічае ў выбарах у Каардынацыйную раду ІІІ склікання, якія адбудуцца 25 – 27 траўня 2024 года. Нумар спісу кааліцыі – 9.

Меркаванні
Гульня з санкцыямі: ці такія яны ўжо бяздзейныя?
2024.04.27 18:04

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў