Знаёмімся з кандыдатамі ў Каардынацыйную раду: выбарчы спіс № 1 «Салідарнасць»


«Белсат» працягвае адмысловы праект з нагоды выбараў у Каардынацыйную раду трэцяга склікання. У яго межах мы знаёмім выбарнікаў са спісамі, якія прэтэндуюць на месцы ў КР. Кожны з лідараў атрымаў аднолькавыя пытанні. Адказы публікуюцца згодна з чаргой, у якой яны былі атрыманыя нашымі карэспандэнтамі.

Лідар спісу «Аб’яднанне палітычных партыяў «Народная грамада» і Беларуская хрысціянская дэмакратыя «Салідарнасць» Георгій Дзмітрук.
Крыніца: bchd.info

Наступным прэзентуем спіс «Аб’яднанне палітычных партый «Народная грамада» і Беларуская хрысціянская дэмакратыя «Салідарнасць». Узначальваюць яго Георгій Дзмітрук, які называе сябе сустаршынём БХД (тады як БХД на афіцыйным сайце заяўляе, што выключыла яго ў мінулым траўні) і Яўген Вільскі, выканальнік абавязкаў старшыні «Народнай грамады». Таксама ў спісе ёсць журналісты Дзмітрый Лупач і Алена Шабуня, гарадзенскі прадпрымальнік Сяргей Верамеенка ды іншыя. Першапачаткова ў спісе была 21 асоба, але двух кандыдатаў – Вольгу Цішкевіч і Паўла Бялюціна – выключылі пасля таго, як іхныя звароты знайшліся ў базе даносаў у КДБ.

Нумар спісу «Аб’яднанне палітычных партыяў «Народная грамада» і Беларуская хрысціянская дэмакратыя «Салідарнасць» у выбарчым бюлетэні – 1.

Што нам адказалі ў «Салідарнасці»

1. Назавіце тры галоўныя выклікі, якія стаяць перад Беларуссю сёння.

Ліквідацыя фармальнай незалежнасці Беларусі, безабароннасць беларусаў за мяжою, знішчэнне ўмоваў для стварэння беларускай нацыянальнай эліты.

2. Назавіце тры галоўныя праблемы, якія перашкаджаюць беларускім дэмакратычным сілам іх вырашаць.

Залежнасць элітаў ад вонкавага фінансавання, замена палітычнай дзейнасці на рэалізацыю праектаў НДА, няздольнасць беларускіх палітыкаў несці адказнасць за прынятыя рашэнні.

3. Кім для вашай палітычнай сілы ёсць Аляксандр Лукашэнка?

Лукашэнка – дыктатар, які здзейсніў шэраг антыканстытуцыйных пераваротаў з 1996 да 2022 года.

4. Кім для вашай палітычнай сілы ёсць Святлана Ціханоўская?

Пераможца электаральнай кампаніі ў 2020 годзе.

5. Ці падтрымліваеце вы ўзмацненне санкцыяў у дачыненні рэжыму ў Беларусі за яго дзеянні ўнутры і за межамі Беларусі? Ці, наадварот, варта іх зменшыць у абмен на вызваленне палітвязняў?

Санкцыі – гэта інструмент ціску на рэжым Лукашэнкі і яго прыхільнікаў. Ніякага гандлю палітвязнямі. Круглы стол магчымы паміж вызваленымі Паўлам Севярынцам і Мікалаем Статкевічам – з аднаго боку, і рэжымам Лукашэнкі – з другога, у справе пераменаў у Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Святлана Ціханоўская сустрэлася з беларускаю дыяспарай у польскай сталіцы. Варшава, Польшча. 3 чэрвеня 2021 года.
Фота: Саша Альтэр / Белсат

6. Ці падтрымліваеце вы сілавы сцэнар змены ўлады ў Беларусі?

Вайсковы сцэнар змены ўлады – апошні варыянт вяртання канстытуцыйнага ладу ў Беларусі.

7. Як вы ставіцеся да інтэграцыі Беларусі ў Еўрапейскі Звяз і ў NATO?

Партыя БХД як і «Народная грамада» падтрымліваюць шлях у ЕЗ і NATO.

8. Ці павінна Беларусь выйсці з інтэграцыйных аб’яднанняў з Расеяй? Якіх?

Палітычнае аб’яднанні Беларусі і Расеі – інструмент ціску, які трэба спыніць, зыходзячы з нацыянальных інтарэсаў. Эканамічнае партнёрства магчымае пры наяўнасці роўных падыходаў.

9. Колькі дзяржаўных моваў павінна быць у Беларусі? Якія?

Пытанне мовы будзе вырашацца ў Беларусі ў час прыняцця Канстытуцыі.

10. Ці падтрымліваеце вы дэкамунізацыю ў Беларусі? Назваў, помнікаў і гэтак далей?

Дэкамунізацыя – адна з асноўных умоваў пераменаў у Беларусі.

11. Ці лічыце вы важным падтрыманне традыцыйных і хрысціянскіх каштоўнасцяў?

Традыцыйныя і хрысціянскія каштоўнасці – частка беларускай спадчыны, якая ўратавала Беларусь ад русіфікацыі і бальшавізацыі.

12. Ці падтрымліваеце вы пашырэнне гендарных квотаў, увядзенне квотаў для прадстаўнікоў нацыянальных ці сексуальных меншасцяў?

Не.

13. Якое стаўленне вашай палітычнай сілы адносна прадстаўнікоў і ініцыятываў ЛГБТК+?

Мы верым, што нашыя агульныя каштоўнасці і прынцыпы могуць стацца асноваю для стварэння грамадства, дзе кожны чалавек мае роўныя магчымасці для самарэалізацыі, дзе сямʼя ёсць асноваю грамадства, а маральныя прынцыпы і чалавечая годнасць займаюць цэнтральнае месца ў нашых рашэннях і дзеяннях.

14. Ці лічыце вы неабходнаю прыватызацыю дзяржаўных прадпрыемстваў?

Прыватызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў мае права быць пры ўмове празрыстасці і мэтазгоднасці для жыхароў той мясцовасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. «Белкард» – найбуйнейшы вытворца аўтамабільных кампанентаў для аўтамабіляў усіх тыпаў і мадыфікацыяў. Горадня, Беларусь. 4 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

15. Ці варта ў Беларусі павялічваць або скарачаць дапамогу з бюджэту сем’ям, маламаёмасным групам?

Трэба павялічваць эфектыўнасць працы з маламаёмаснымі групамі. Гэта ў сябе ўключае перагляд сістэмы дапамогі, яе формаў і метадаў, каб пазбегчы сацыяльнага эгаізму. Гэта значыць, дапамога тым, хто аказаўся ў праблемнай сітуацыі не са сваёй волі.

16. Ці падтрымліваеце вы амністыю паводле наркатычнага артыкулу 328 КК, легалізацыю ці дэкрыміналізацыю ўжывання канабісу ў Беларусі?

Пакаранне за злачынства мусіць адпавядаць узроўню шкоды для грамадства і дзяржавы. Дэталі вывучаць мусіць спецыяльная парламенцкая камісія. Ужываннем наркотыкаў чалавек сам сябе пакараў.

17. Ці лічыце вы неабходнай люстрацыю ў Беларусі? У дачыненні якіх групаў?

Люстрацыя мусіць закранаць усіх дзяржаўных чыноўнікаў, найперш высокапастаўленых і сілавікоў, адказных за бяспеку грамадзянаў.

18. Ці ёсць Беларусь суўдзельніцай у вайне Расеі супраць Украіны?

Беларусь застаецца пад акупацыяй Расеі. Яе тэрыторыя выкарыстоўваецца супраць яе волі марыянеткавым рэжымам Лукашэнкі, які незаконна захапіў уладу.

19. Ці падтрымліваеце вы ўзмацненне кантактаў беларускіх і расейскіх дэмакратычных сілаў?

Любыя кантакты беларускіх палітыкаў з расейскімі рухамі мусяць зыходзіць найперш з пытання прызнання права за Беларуссю на незалежнасць і інтэграцыю з Еўрапейскім Звязам. Па-другое, прызнанне з боку расейскіх палітыкаў каланізацыі Беларусі на працягу двух апошніх стагоддзяў, гвалтоўнай русіфікацыі, генацыду ў час паўстанняў ХІХ стагоддзя і беларускага нацыянальнага руху ў ХХ стагоддзі.

20. Якой павінна быць дзяржаўная сімволіка Беларусі: сцяг, герб, гімн?

Дзяржаўная сімволіка Беларусі мае быць нацыянальнаю: бел-чырвона-белы сцяг, герб Пагоня, гімн «Магутны Божа».

Выбары ў Каардынацыйную раду пройдуць з 25 да 28 траўня. Першыя вынікі будуць абвешчаныя не пазней за 29 траўня. Падаць скаргі можна будзе да 8 чэрвеня. Канчатковыя вынікі выбараў у КР абвесцяць 8 чэрвеня, а першае паседжанне Каардынацыйнай рады ІІІ склікання мае адбыцца 15 чэрвеня.

Абноўлена
Выбарчая камісія абвясціла спісы, якім дазволілі балатавацца ў Каардынацыйную раду
2024.04.25 13:12

Чытайце таксама адказы на пытанні іншых спісаў (спасылкі будуць дадавацца па меры публікацыі адказаў):

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў