Памежная ахова Польшчы апублікавала 2 лютага відэа з польска-беларускай мяжы, на якім група мігрантаў хутка перамяшчаецца ўздоўж памежнага плоту з беларускага боку. Пры гэтым незаконных пераходаў мяжы польскія памежнікі не фіксуюць ужо цягам некалькіх дзён.
«Нягледзячы на тое, што цягам некалькіх дзён мы не фіксавалі спробаў нелегальна трапіць на тэрыторыю Польшчы, мы па-ранейшаму назіраем групы мігрантаў, якія рухаюцца з беларускага боку ўздоўж мяжы нашай краіны», – паведамляе Падляскі аддзел Памежнай аховы Польшчы.
Асобаў, якія перамяшчаліся ўздоўж польскай мяжы, шукаючы спосабы яе перайсці, бачылі ўчора на памежнай заставе ў Белавежы. Як сцвярджаюць польскія памежнікі, мігранты з’яўляюцца каля мяжы штодзень. Сітуацыю дапамагае кантраляваць электронная загарода, дзякуючы якой памежная ахова адсочвае перамяшчэнні з беларускага боку.
Як паведамляе беларуская служба Польскага радыё, МУС Польшчы паспрабуе змяніць падыходы да мігрантаў на мяжы з Беларуссю: «стаўленне да іх будзе больш гуманнае». Новае кіраўніцтва ведамства гаворыць пра стварэнне пошукава-ратавальных групаў, а таксама пра змены пастановы аб прымусовым вяртанні замежнікаў на беларускі бок (pushback).
З пачатку 2024 года ў Польшчу з боку Беларусі спрабавалі незаконна трапіць 88 чалавек. Між тым у студзені 2023-га былі зафіксаваныя 1400 спробаў нелегальна перайсці мяжу. Аднак казаць пра тое, што мігранцкі крызіс на мяжы з Беларуссю скончыўся, пакуль заўчасна, мяркуюць эксперты.
Зміцер Міраш belsat.eu