Паседжанне лукашэнкаўскага «органу народаўладдзя» распачатае


Без інтрыгі. Старшынём гэтак званага Усебеларускага народнага сходу стаў Лукашэнка. Орган, які прапагандысты не аднойчы называлі найбольш дэмакратычным прадстаўніцтвам усіх пластоў насельніцтва. Але адна з першых заяваў старшыні гэта зняпраўдзіла.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Акрамя права ўзнагароджваць чыноўнікаў, УНС мае шэраг іншых паўнамоцтваў. Напрыклад, сход прымае пастанову наконт зняцця прэзідэнта з пасады. Мае права ўвесці надзвычайнае або ваеннае становішча.

Прапануе змены і дапаўненні ў Канстытуцыю. Мае права разглядаць пытанне легітымнасці выбараў. Выбірае і вызваляе ад пасады старшыню і суддзяў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў, старшыню і чальцоў Цэнтральнай выбарчай камісіі. Зацвярджае Ваенную дактрыну, Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі.

«Інстытуцыя, якая б магла кантраляваць іншыя галіны ўлады. Гэта, відавочна, быў адказ на падзеі 2020 года. Орган, які легітымна зможа адмяніць іх рашэнні. Ці адмяніць вынікі выбараў», – зазначае доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

На сённяшнім паседжанні – 1159 дэлегатаў. Як дэкларавалася раней, яны рэпрэзентуюць розныя сацыяльныя пласты і групы грамадства. Але, як мы сёння пабачылі, нават сам Лукашэнка ў гэта не верыць.

«Ва УНС такі адбор і такая сістэма выбараў, што гэта ніяк не адлюстроўвае настрою грамадства і асобных сацыяльных групаў. Фактычна большасць дэлегатаў там прызначае выканаўчая ўлада», – зазначае Андрэй Казакевіч.

Падчас выступу Лукашэнка зноў згадаў, што на тэрыторыі Беларусі размешчаная тактычная ядравая зброя. Ён таксама зрабіў шэраг мілітарысцкіх заяваў.

«Надзіманне шчок, што мы магутныя, мы, значыць, рыхтуемся да вайны. Але тым не менш там былі зробленыя акцэнты на тое, што ваяваць мы не хочам, не збіраемся. І ўвогуле, пакіньце нас у спакоі, мяне асабіста», – сцвярджае палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Юрый Дракахруст.

Палац Рэспублікі ў Менску перад правядзеннем «Усебеларускага сходу». Красавік 2024 года.
Фота: Osh.by

Не стала нечаканасцю і абранне Лукашэнкі старшынём УНС. Такім чынам ён вярнуў сабе некаторыя паўнамоцтвы, якія, паводле новай Канстытуцыі, перадаў сходу.

«Ён фактычна з адной кішэні сваёй, штонікаў ці пінжака Аляксандра Лукашэнкі, пераклаў у іншую. Але гэта ўсё засталося пры ім. Ніякага іншага суб’екту, прынамсі пакуль, не прадугледжана», – сцвярджае Юрый Дракахруст.

Эксперты пагаджаюцца ў меркаванні, што Лукашэнка проста цяпер нікуды сыходзіць не збіраецца, а УНС – гэта адзін з ягоных планаў на будучыню.

Але самая сістэма Усебеларускага народнага сходу нясе шэраг пагрозаў у выпадку сыходу Лукашэнкі.

«Гэтая новая канструкцыя можа спарадзіць канфлікт паміж галінамі ўлады і прывесці да вялікага крызісу. Так што Лукашэнка, сам таго не жадаючы, падклаў бомбу, магчыма, пад ім жа створаную сістэму», – зазначае палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі.

На сённяшнім паседжанні дэлегаты, апроч свайго старшыні – Лукашэнкі, абралі ягонага намесніка і агулам склад прэзідыуму сходу. Асноўныя пытанні будуць разглядацца заўтра. На парадку дня – ваенная дактрына і канцэпцыя нацыянальнай бяспекі.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»