ЗША адновяць вайсковую дапамогу Украіне ўжо цягам некалькіх гадзінаў. Дакумент зацвердзіў Джо Байдэн.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
А крыху раней 78 галасамі супраць 18 сенат ЗША прагаласаваў за вылучэнне 61-мільярднага пакету дапамогі Украіне. Яшчэ 34 мільярды пойдуць на падтрыманне Ізраілю і Тайваню.
«Сёння Сенат шле паведамленне ўсяму свету: Амерыка заўсёды будзе абараняць дэмакратыю ў цяжкую хвіліну. Мы гаворым нашым саюзнікам: мы будзем з вамі. Мы гаворым нашым праціўнікам: не звязвайцеся з намі. Мы гаворым свету: мы зробім усё, што ад нас залежыць, каб абараніць дэмакратыю і наш лад жыцця», – кажа лідар большасці ў Сенаце Чак Шумэр.
Пэнтагон у сваю чаргу заявіў пра гатовасць аднавіць дастаўку зброі і боепрыпасаў Украіне адразу пасля ўхвалы з боку прэзідэнта ЗША.
«Будзе здзейсненае транспартаванне і перадача Украіне першай партыі ўзбраенняў, якія ўжо цяпер знаходзяцца на еўрапейскіх вайсковых базах ЗША. Магчыма, яны даўно знаходзяцца на мяжы Украіны з Польшчай, Румыніяй, Славакіяй і адразу перасякуць мяжу, як толькі будзе дадзеная каманда з Вашынгтона», – разважае кіраўнік усеўкраінскай грамадскай арганізацыі «Україна в НАТО» Юрый Раманюк.
Пытанне вылучэння дапамогі Украіне аказалася падвешаным у паветры з мінулай восені. Яго ніяк не маглі паставіць на галасаванне ў ніжняй палаце парламенту.
«Наданне Украіне дапамогі сталася ахвяраю амерыканскіх выбараў, – мяркуе палітолаг Яўген Магда. – Выбары праходзяць на мажарытарнай аснове, і ўвосень не было зразумела нават, ці будзе Трамп кандыдатам ад рэспубліканцаў. Да таго ж будучыя кандыдаты – і дэмакраты, і рэспубліканцы – намагаліся раздзяліць гэты пакет дапамогі на некалькі. Асобна – дапамога Украіне, асобна – Блізкаму Усходу, асобна – Тайваню, барацьба з “ТыкТокам”. Каб кожны дэпутат мог набраць свае палітычныя балы ў вачах выбарнікаў».
Між тым ЗСУ проста цяпер востра адчуваюць нястачу боепрыпасаў як на фронце, гэтак і ў тыле, дзе расейцы няспынна абстрэльваюць энергетычную інфраструктуру Украіны і яе гарады. Сёння ўначы пасля атакі С-300 пацярпелі Харкаў і Херсон. Ёсць параненыя.
Да таго ж выданне «Більд» паведамляе аб прарыве расейцамі ўкраінскай абароны каля сяла Ачэрэтына Данецкай вобласці.
«Ваенна-палітычнае кіраўніцтва Расеі добра разумее, што ва ўмовах нашага аслаблення трэба нарошчваць намаганні, – кажа вайскова-палітычны аглядальнік Ігар Леўчанка. – Выкарыстоўваюць як людскія рэзервы, так і ва ўзбраенні і тэхніцы».
Зрэшты, Украіна знаходзіць магчымасць дзеяць ва ўмовах снараднага голаду. Уначы ЗСУ правялі паспяховую атаку з дапамогаю беспілотнікаў. У выніку ў Смаленскай вобласці пацярпела нафтабаза. Другой цэллю стаўся Наваліпецкі металургічны камбінат.
Ян Федаровіч, «Белсат»