Белстат: Беларусы сталі больш зарабляць


Сярэдні заробак у Менску ўпершыню перавысіў 3 тысячы рублёў – такімі звесткамі падзяліўся Белстат. Згодна з імі, пасля выплаты падаткаў жыхары сталіцы на рукі атрымліваюць 2613,6 – гэта на 13,6 % больш як летась.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

 

«Вельмі цяжка зразумець, адкуль бярэцца сярэдні заробак больш за 2 тысячы рублёў, калі нават у Менску заробкі ў 2 тысячы лічацца як даволі добрыя заробкі», – кажа эксперт у галіне прафсаюзаў Дзяніс Садоўскі.

Афіцыйна заробак расце не толькі ў сталіцы. Гэтак, у сакавіку сярэднестатыстычны грамадзянін краіны нібыта ўбачыў у сваёй разлікоўцы 2161,1 рублёў, што на 135,4 рублёў больш за папярэдні месяц.

«Гэта стандартная сітуацыя, якая адбываецца ў Беларусі перад выбарамі: стараюцца запаволіць інфляцыю, стараюцца неяк штучна яе стрымаць, ну і таксама стараюцца дадаць да заробкаў, што могуць», – дадае Дзяніс Садоўскі.

Паводле Белстату, найбольш у сакавіку зарабілі жыхары Менску і Менскай вобласці. У топ рэгіёнаў з высокім сярэднім заробкам таксама трапілі Гомельская і Гарадзенская вобласці. У аўтсайдарах – Магілёў і ваколіцы. За першы вясновы месяц магілёўцы атрымалі амаль удвая менш за жыхароў сталіцы.

«У Менску сапраўды зарплата заўсёды вышэйшая, але гэтая няроўнасць паміж Менскам і рэгіёнамі зараз крыху спала адносна гістарычнага сярэдняга. Гэта адбылося з-за адтоку айцішнікаў. Раней у нас гэты разрыў паміж Менскам і рэгіёнамі быў значна большы і ён пачаў апускацца пасля 2022 года», – адзначае акадэмічны дырэктар BEROC Леў Львоўскі.

Зазірнуў Белстат і ў кішэні прадстаўнікоў розных сфераў. Найменш у сакавіку зарабілі працаўнікі б’юці-індустрыі, музейныя і сацыяльныя работнікі.

Высокімі заробкамі могуць пахваліцца працаўнікі з галінаў фінансавых паслуг і страхавання, пасажырскага паветранага транспарту, а таксама праграмісты – але іхныя заробкі растуць павольней, чымся ў іншых.

«Калі ў сярэднім рэальныя зарплаты павысіліся ў Беларусі за год больш як на 13 %, то ў сектары ІТ сярэднія рэальныя зарплаты павысіліся крыху больш за 5 %. Гэта значыць, што іншыя сферы паціху крыху даганяюць ІТ», – кажа Леў Львоўскі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Грошы.
Фота: Сцяпан Цюшкевіч / 1prof.by

Насамрэч, як паказвае практыка, атрымаць не тое, каб як у сферы ІТ, але проста сярэдні афіцыйны заробак складана. Вынікі нашага даследавання разыходзяцца з прыгожымі лічбамі Белстату. Большасць рэспандэнтаў, якія ўзялі ўдзел у апытанні, такой сумы ў разлікоўках нават і не бачылі.

«Статыстыка Белстата – верыць ёй – сумнеўнае задавальненне. Гэта лічбы, якія публікуюць для Лукашэнкі, якія далёкія ад рэальных. Калі паразмаўляць з людзьмі з прадпрыемстваў, то можна разумець, што гэта лічбы з нябёсаў, людзі такога заробку не атрымліваюць», – адзначае прадстаўнік Рабочага руху Аляксандр Сакалоў.

Гэтак, заробкі на Беларускім металургічным заводзе, які днямі рапартаваў пра павышэнне тарыфнай стаўкі 1-га разраду на 5 %, адчувальна недацягваюць да сярэдніх. Абпальвальніку там прапануюць толькі 1150 рублёў, а памочніку машыніста цеплавоза – 1330.

«На буйных прадпрыемствах кажуць: падвышэння заробку не плануецца, заробак будзе на ранейшым узроўні, але, як мы бачым са статыстыкі Белстата, лічбы кожны месяц растуць», – дадае Аляксандр Сакалоў.

Несупадзенне відавочнае і праз звесткі Рэспубліканскага банку вакансіяў. Цяпер там больш за 147 тысяч прапановаў працы, але заробак амаль паловы пазіцыяў пасля выплаты падаткаў не дацягне нават да тысячы рублёў.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»