Ціск на дыяспару: у 104 беларусаў замежжа адбяруць маёмасць на радзіме


Справа 104-ох. У беларусаў замежжа, што ўдзельнічалі ў святкаванні сёлетняга Дня Волі, могуць забраць маёмасць. Следчы камітэт распачаў супраць прадстаўнікоў дыяспары крымінальныя справы – за ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні і дыскрэдытацыю Беларусі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Новая ахвяра сілавікоў. У Клімавічах затрымалі мясцовага жыхара Кірыла Вазмілава за «здзек з нацыянальных сімвалаў». Маладзён, відавочна пад прымусам, кажа на камеру, што ў 2020-м штурхаў нагамі чырвона-зялёны сцяг, а пазней падпаліў яго ў двары. Нешараговым у гэтак званым пакаяльным відэа, стала тое, што хлопца прымусілі перадаць прывітанне ягонаму брату, які нібыта яшчэ ў 2020-м з’ехаў у Польшчу.

«Гэта распаўсюджаная практыка – калі праз сваякоў, бацькоў перадавалі прывітанне тым людзям, якія за мяжой. Цяпер гэта проста выпала ў публічную прастору. Шчыра кажучы, я б не вельмі вёўся на гэтыя правакацыі. Гэта такая дурная спроба запужаць, якая для чалавека за мяжой Беларусі пагрозы не нясе», – кажа праваабаронца «Вясны» Алесь Буракоў.

А што да тых, хто застаецца ўнутры краіны? Раней Лукашэнка прыстрашыў палітычных эмігрантаў расправай над іх сваякамі – праз канфіскацыю маёмасці. І доўга чакаць не прыйшлося. Следчы камітэт завёў крымінальныя справы супраць 104-ох беларусаў замежжа, што ўдзельнічалі ў беларускіх акцыях па ўсім свеце, у тым ліку – на Дзень Волі.

«Збеглыя марыянеткі вырашылі, што застануцца беспакаранымі, і працягвалі аказваць актыўную дапамогу ў рэалізацыі злачынных планаў асноўнай радыкальнай групы», – заявіў афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэту Беларусі Сяргей Кабаковіч.

Імёны падазраваных СК не называе. Аднак зазначае, што атрымаў інфармацыю аб абʼектах іхнай нерухомасці на тэрыторыі Беларусі. І нібыта ўжо цяпер там праводзяць ператрусы і арышты маёмасці.

«Калі будзе распачатая да гэтых людзей спецвытворчасць, людзям папрызначаюць тэрміны, вялікія штрафы, то ўсе, відавочна, усе аддзелы прымусовага выканання змогуць арыштоўваць кватэры, потым выстаўляць іх на аўкцыён. А тое, што там хтосьці прыпісаны, гэта проста для будучага пакупніка будзе вялікай праблемай, але не для дзяржавы», – мяркуе праваабаронца «Вясны» Алесь Буракоў.

Вольны хор, Дзень Волі, День Воли, БНР-106, беларусы, Літва, Литва
У Вільні адсвяткавалі Дзень волі. Выступ Вольнага хору. Вільня, Літва. 25 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

Практыку пазбаўлення маёмасці сваіх палітычных апанентаў Лукашэнка выкарыстоўваў і раней. Сярод тых, хто ўжо пацярпеў ад гэтай неправамернай захады – семʼі Ціханоўскіх і Цапкалаў, палітзняволеныя праваабаронцы Уладзімір Лабковіч і Валянцін Стэфановіч, а таксама Яна Латушка – дачка апазіцыйнага палітыка Паўла Латушкі.

«Ніхто, як Следчы камітэт і ГУБАЗіК, не робіць столькі, каб радыкалізаваць беларускае грамадства. Каб беларусы запісваліся ў харугвы, стварылі свае арганізацыі, якія пазней будуць змагацца за тое, каб вярнуць маёмасць, якую яны незаконна канфіскавалі ў грамадзянаў Беларусі», – кажа намеснік кіраўніцтва Абʼяднанага пераходнага кабінету, кіраўнік НАУ Павел Латушка.

Паводле палітыка, цягам апошняга месяца, ён асабіста і ўся каманда НАУ зазнаюць ціск з боку рэжыму і праз застрашванне іхных сваякоў у Беларусі.

«Нашая каманда, я спадзяюся, вытрымае гэты ціск, і мы будзем працягваць барацьбу. Нашая мэта – прыцягнуць да адказнасці Лукашэнку. Менавіта за гэтыя злачынствы, якія ён ажыццяўляе цяпер у дачыненні безабаронных родных і блізкіх», – мяркуе палітык.

Пра ціск з боку лукашэнкаўскіх сілавікоў паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку і актор Аляксандр Ждановіч, больш вядомы пад псеўданімам Маляваныч. Ён распавёў пра тэлефонны званок, які атрымалі ягоныя дзеці, з заклікам «чакаць гасцей».

Наста Печанькова, «Белсат»