Расейскія танкі зноў вязуць у Беларусь?


У Беларусь зноў могуць прыехаць эшалоны вайсковай тэхнікі з Расеі. Такая інфармацыя з’явілася ў супольнасці чыгуначнікаў Беларусі. Паводле звестак, прадстаўнікі Міністэрстваў абароны Беларусі і Расеі пры ўдзеле Беларускай чыгункі актыўна ўзаемадзейнічаюць у пытаннях перакідвання ў нашую краіну расейскай цяжкай ваеннай тэхнікі, боепрыпасаў і асабовага складу акупантаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Ніякія войскі пакуль нікуды не едуць! Як слушна зазначае “Беларускі Гаюн”, ідзе толькі падрыхтоўка да магчымых будучых перакідванняў войскаў, якія калісьці, можа, адбудуцца. І самае натуральнае – гэта вучэнні супольныя беларуска-расейскія, якія ў будучым запланаваныя. Пры тым, што нават самі вучэнні не факт, што будуць. Бо мінулыя запланаваныя вучэнні былі адмененыя», – кажа каардынатар «Нашай візіі» Вадзім Мажэйка.

Разам з тым тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» не выключае сцэнара, што магчымая перадыслакацыя расейскіх войскаў, патрэбная для «эскалацыі на мяжы з краінамі NATO». Але былы кіраўнік Службы бяспекі Украіны Віктар Ягун бачыць іншую мэту гэтага руху акупантаў:

«Я думаю, што хутчэй за ўсё, усё гэта звязана толькі з адным: адцягнуць… і нават не адцягнуць, а скаваць нашыя сілы на мяжы. Я не думаю, што расейцы спрабуюць перайсці беларуска-ўкраінскую мяжу. У мяне апошні год складалася ўражанне, што ёсць нейкая дамоўленасць: вы сядзіце моўчкі недзе ў Беларусі, а мы вас не чапаем і па вас не бʼем. Як толькі пачнецца нейкі рух… Ну, паслухайце, у нас цяпер сапраўды ёсць ATACMS, якія бʼюць на 300 кіламетраў. І які-небудзь прылёт па вайсковай базе ў Беларусі – дакладна не тое, чаго чакае Лукашэнка. Таму я думаю, што ён дакладна не дазволіць пераход мяжы і нейкія баявыя дзеянні з тэрыторыі Беларусі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пагрузка ваеннай тэхнікі ў межах раптоўнага правярання сіл рэагавання ў Беларусі. Крыніца
фота: Telegram / Министерство обороны Республики Беларусь

У тым выпадку, калі мэта Расеі сапраўды згрупаваць сілы ЗСУ на мяжы з Беларуссю, ва Украіны застаецца козыр у рукаве.

«Кіеў можа папрасіць сваіх партнёраў размясціць на тэрыторыі Украіны сілы дзяржаваў NATO. Гэта не маецца на ўвазе, што гэта будуць сілы NATO. Гэта будуць сілы дзяржаваў нейкай кааліцыі, ad hoc, якая б магла размясціць свае сілы, напрыклад, на тэрыторыі паўночнай Украіны на мяжы з Беларуссю. Каб украінцы маглі зняць частку сваіх сілаў з мяжы і скіраваць іх на фронт», – кажа аўтар і вядоўца праграмы «ПраСвет» на «Белсаце» Сяргей Пеляса.

Паводле чыгуначнікаў Беларусі, цяпер улады ў Менску і ў Маскве прымаюць шэраг захадаў дзеля забеспячэння сакрэтнасці вайсковых перавозак.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»