Кім ёсць новы міністр абароны Расеі? І ці будзе цяпер лягчэй Украіне?


Міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу адпраўлены ў адстаўку. Адпаведны ўказ падпісаў Уладзімір Пуцін 12 траўня. Вольнае міністэрскае крэсла на Фрунзенскай набярэжнай у Маскве можа заняць эканаміст Андрэй Белавусаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Сяргей Шайгу ў апошні год, гэта значыць, у другі год вайны, зрабіўся прадметам вельмі жорсткай і публічнай барацьбы ў тым ліку і крытыцы. І ўсе памятаюць ягоны канфлікт з Прыгожыным, які прывёў і да смерці Прыгожына, і да даволі вялікіх палітычных наступстваў для самога Уладзіміра Пуціна. Так што гэта, магчыма, галоўны паказчык для Уладзіміра Пуціна, які прымаў гэтае рашэнне», – тлумачыць палітолаг Аляксандр Марозаў.

Вядома, што магчымы пераемнік Сяргея Шайгу – Андрэй Белавусаў – таксама не служыў у войску. У медыях яго называлі куратарам эканамічнага блоку ва ўрадзе Расеі і прыхільнікам большага ўдзелу дзяржавы ў эканоміцы. Тэлеграм-канал «Faridaily» адзначае, што будучага міністра абароны Пуцін прыкмеціў каля 15 гадоў таму. Знаёмыя і былыя падначаленыя называюць Белавусава адным з самых рэлігійных чыноўнікаў у Расеі.

«Гэта такая дэманстрацыя таго, што Расея будзе весці вайну. Сапраўды, не толькі супраць Украіны, а весці вайну рэсурсаў. У тым ліку і вайну рэсурсаў з усім глабальным альянсам падтрымкі Украіны. Такі сігнал Пуціна ў гэтых прызначэннях», – мяркуе Аляксандр Марозаў.

Такой жа думкі прытрымліваюцца і эксперты амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны. Паводле аналітыкаў, перастаноўкі сведчаць пра тое, што Пуцін робіць значныя крокі да мабілізацыі расейскай эканомікі і абаронна-прамысловай базы для падтрымання «зацяжной вайны ва Украіне». Але Белавусаву могуць перашкодзіць правесці неабходныя Пуціну рэформы, бо ў Міністэрстве абароны Расеі пануе ўнутрыкланавая барацьба – кажа вайсковы эксперт Аляксандр Каваленка.

Андрэй Белавусаў, якога Пуцін прапануе зрабіць міністрам абароны Расеі.
Крыніца: rzd-partner.ru

«Белавусаў, які туды акунецца ў бліжэйшы час, апынецца, сапраўды, у даволі-такі варожым асяроддзі, у якім, магчыма, нават яго нейкія навыкі эканаміста маглі б і спатрэбіцца. Але наўрад ці ён зможа вельмі хутка дасягаць нейкіх дзейсных поспехаў».

Ужо сёння на слуханнях у Савеце Федэрацыі Андрэй Белавусаў заявіў, што хоча змагацца з залішняю бюракратыяй у расейскім войску. І ўскосна прагаварыўся пра колькасць параненых на вайне ва Украіне:

«Гэта тычыцца асабліва медычнага абслугоўвання. Я лічу, абсалютны непарадак, калі ўдзельнікаў СВА, якія прыязджаюць у адпачынак, ганяюць з грамадзянскіх медыцынскіх установаў і адпраўляюць у вайсковыя шпіталі, якія часта проста перапоўненыя. Гэтае пытанне трэба вырашаць».

Што да Шайгу, то без працы Пуцін яго не пакінуў. Расейскія прапагандысцкія СМІ сцвярджаюць, што нарадзінец Тувы пасля 12 гадоў у Мінабароны зойме пасаду сакратара Рады бяспекі Расеі. Папярэдні ж сакратар Мікалай Патрушаў звольнены «ў сувязі з пераходам на іншую працу».

«У Патрушава пашыраюцца магчымасці па ўплыве. Ён не страчае рычагі кіравання тых структураў, якія ён пакідае пасля сябе. Таму тут нават сыход Патрушава – гэта больш пашырэнне магчымасцяў для яго, а не абмежаванне яго арэала ўплыву», – сцвярджае Аляксандр Каваленка.

Расейскія прапагандысцкія медыі прадракаюць Патрушаву пасаду кіраўніка адміністрацыі Пуціна.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»