Нягледзячы на пратэсты, Ізраіль прайшоў у фінал «Еўрабачання-2024»


Нягледзячы на пратэсты супраць удзелу Ізраілю ў «Еўрабачанні», прадстаўніца краіны Эдэн Галян прайшла ў фінал песеннага конкурсу. Публіка асвістала ізраільскую спявачку, але гэта не перашкодзіла ёй цудоўна выступіць на «Мальмё-Арэне». Другі паўфінал «Еўрабачання-2024» адбыўся ў Швецыі 9 траўня. Як гэта было і хто прайшоў у фінал?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Магутны голас, шоу-балет і вялікая колькасць дыму – такім быў выступ прадстаўніцы Ізраілю Эдэн Галян у другім паўфінале «Еўрабачання-2024». Спявачка выканала абноўленую кампазіцыю «Hurricane», бо ў першаснай версіі журы конкурсу ўбачыла палітычны падтэкст.

«Адчуваю, што мяне перапаўняюць эмоцыі. Для мяне сапраўды вялікі гонар – быць на гэтай сцэне, рэпрэзентаваць нас з гонарам і дайсці да фіналу. Гэта нейкае вар’яцтва! Я так удзячная ўсім, хто галасаваў і браў удзел у нашым падтрыманні», – падзялілася ўражаннямі ад выступу прадстаўніца Израілю Эдэн Галян.

Акрамя падтрымання, прадстаўніца Ізраілю адчула і моцны псіхалагічны ціск: прысутныя на «Мальмё-Арэне» асвісталі яе проста перад выступам.

«Я адчуваю, што пераважная большасць – я не кажу пра ізраільцянаў ці габрэяў, але пра аматараў «Еўрабачання», – яны адчуваюць зло і здзекі з 20-гадовай жанчыны, якая нічога дрэннага не зрабіла. І яны спачуваюць ёй, дарэчы, таксама на арэне. Гэта песенны конкурс, нельга асвістваць спявачкі, якая пачынае спяваць. Гэта чыстае зло», – пракаментаваў кіраўнік дэлегацыі Ізраілю на «Еўрабачанні-2024» Ёаў Цафір.

Удзел Ізраілю ў «Еўрабачанні-2024» быў пад пытаннем праз вайсковыя дзеянні краіны ў сектары Газа. Палестынцы і іхныя прыхільнікі патрабавалі і дагэтуль патрабуюць адхілення Ізраілю ад конкурсу. Напярэдадні другога паўфіналу ў Мальмё адбылося адразу некалькі прапалестынскіх акцыяў.

«Мы тут, каб паказаць тым, хто цяпер у Газе, што яны не самотныя. Нам варта прыцягнуць да іх трохі больш увагі і дапамагчы ім выжыць», – распавяла ўдзельніца акцыі пратэсту супраць удзелу Ізраілю ў «Еўрабачанні».

выступ прадстаўніцы Ізраілю Эдэн Галян на «Еўрабачанні».
Фота: Jessica Gow / TT newsagency / Forum

Каб усе ўдзельнікі пачуваліся бяспечна і камфортна, у Мальмё ўзмацнілі паліцэйскі кантроль, забаранілі палёты дронаў і ў цэлым закрылі паветраную прастору.

«Тут усё, як кажуць у Швецыі, па-зялёнаму. Спакой і ніякіх непажаданых падзеяў. Будзем спадзявацца, што так будзе працягвацца і ўвесь вечар. Мы думаем, што ўсё пройдзе добра», – зазначыў паліцыянт Кенэт Тунал.

Адным з фаварытаў конкурсу можа стацца прадстаўнік Швейцарыі Нэма. Ягоная кампазіцыя «The Code» раскрыла вельмі моцны вакал артыста і тэму гендарнай ідэнтычнасці. У песні спалучаюцца поп, электра і элементы оперы, цытуюцца творы Моцарта і Бізэ.

«Проста праспяваўшы гэтую песню перад жывой аўдыторыяй і ведаючы, што яе слухае так шмат людзей, я адчуваю сапраўдныя эмоцыі. Гэта вельмі моцна на мяне паўплывала», – распавёў прадстаўнік Швейцарыі Нэма.

У выніку другога паўфіналу разам з Ізраілем у фінал прайшлі яшчэ 9 краінаў: Грэцыя, Швейцарыя, Аўстрыя, Арменія, Латвія, Эстонія, Нарвегія, Нідэрланды і Грузія. Апошнюю на конкурсе прадстаўляе спявачка Нуца Бузаладзэ, якая перамагла ў міжнародным конкурсе «Новая волна» ў 2014 годзе і брАла ўдзел у сусветна вядомым праекце «American Idol». На «Еўрабачанні» яна выканала песню «Firefighter».

«Перш за ўсё, вялікі дзякуй усім за тое, што так верылі ў мяне. Я адчувала вашую энергію на сцэне. Дзякуй вам за тое, што прымусілі мяне паверыць, што мары сапраўды могуць зрабіцца рэальнасцю. І гэта была мая мара – убачыць Грузію ў фінале праз сем гадоў», – пракаментавала спявачка з Грузіі Нуца Бузаладзэ.

Фінал «Еўрабачання» адбудзецца а 22-й гадзіне ў суботу, 11 траўня. Удзел у ім возьмуць 26 краінаў. Фаварытамі, акрамя Швейцарыі, лічацца Харватыя, Украіна ды Ірландыя. Беларусы не бяруць удзелу ў конкурсе, але могуць галасаваць праз сайт «Esc.voteІ».

Паглядзець жа трансляцыю «Еўрабачання» беларусы змогуць толькі праз «Youtube» – афіцыйны акаўнт конкурсу «Eurovision Song Contest» вядзе жывую трансляцыю.

Аліна Скрабунова, «Белсат»