Лукашэнка прызнаўся, што не мае «лініяў»


«Як ніколі мы блізка падышлі да ядравай катастрофы. Што ў гэтай сітуацыі рабіць?» – задаецца пытаннем Лукашэнка ды сам адказвае: праводзіць супольна з Расеяй ядравыя вучэнні. Паводле Лукашэнкі, Злучаныя Штаты таксама адпрацоўваюць у Еўропе выкарыстанне такой зброі, у тым ліку каб нанесці ўдар па Беларусі. Але не кажуць пра гэта.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Ён менавіта Захаду імкнецца паказаць, што ён такі важны чалавек. Што ён удзельнічае ў ядравых праектах, што ён прымае нейкія рашэнні. Гэта яму падабаецца. Ён хоча, каб яго ўспрымала ўсур’ёз заходняя аўдыторыя. Ён хоча трапляць на старонкі заходняй прэсы. Ён хоча падкрэсліць сваю самастойнасць», – мяркуе гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

Свае гучныя ядравыя заявы Лукашэнка зрабіў пасля візіту ў Маскву, дзе і дамовіўся з Пуціным пра супольныя вучэнні. Анансаваў жа манеўры яшчэ раней, падчас урачыстай нарады ў Менску 7 траўня. Тады ж Лукашэнка даў загад правесці ў Беларусі раптоўнае правяранне сродкаў – носьбітаў нестратэгічнай ядравай зброі. Аднак у аналітычным цэнтры «iSANS» мяркуюць, што супольныя вучэнні Лукашэнка і Пуцін запланавалі раней. Самыя гэтыя манеўры эксперты лічаць інфармацыйна-псіхалагічнай спецыяльнай аперацыяй:

«Мэта такіх вучэнняў – аказанне ціску на заходніх партнёраў Украіны, якія, паводле задумы Пуціна, мусяць чарговы раз задумацца пра наступствы паставак узбраення Украіне, а таксама ўтрыманне іх ад удараў па Крымскім мосце, што будзе мець крытычна важнае значэнне ў забеспячэнні дзеянняў расейскай групоўкі на паўднёвым усходзе Украіны».

«Таксама гэта, канешне, шантаж і выкарыстанне беларусаў як такога жывога шчыта. Бо падлётны час ядравых ракетаў ад перамяшчэння на тэрыторыю Беларусі моцна ж не змяняецца. Але ставяцца пад пагрозу жыцці беларусаў. Таму мы бачым, як дзеля сваіх інфармацыйных аперацыяў Пуцін і Лукашэнка вось так жыццямі беларусаў гуляюць», – зазаначае каардынатар «Нашай візіі» Вадзім Мажэйка.

Беларускія войскі актыўна ўдзельнічаюць у розных вучэннях ужо больш за два гады. Бо, паўтарае нібы мантру Лукашэнка, навокал ворагі, якія хочуць напасці на Беларусь. Таму трэба быць гатовымі абараняцца. Ды і ядравая зброя – гэта толькі сродак стрымлівання.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Міністэрства абароны

«А затым яны кажуць, ён жа дурны. Я цытую. Ён жа дурны, у яго лініяў няма. Слушна кажуць, я хоць і не дурань, але лініяў няма», – заявіў Лукашэнка.

Тым самым фактычна пацвердзіў, што выбраў гэтак званую стратэгію варʼята. То бок ён паказвае сваім апанентам, што ў любы момант гатовы на неадэкватныя ўчынкі.

«Я думаю, што гэта ўсё гульня, якую ў Маскве прыдумалі, каб паўплываць на Захад. А Лукашэнка ў гэтай ролі адчувае сябе вельмі ўтульна. Гэта яму блізкая роля, гэта яму падабаецца, паказваць, што ён такі моцны, такі небяспечны. Што ён, у адрозненні ад Расеі, з гэтымі на Захадзе гатовы ўсё зрабіць», – дадаў Аляксандр Фрыдман.

А вось адправіць свае войскі на вайну ва Украіну Лукашэнка не гатовы. Пра што ён нібыта сказаў у Маскве ў размове з удзельнікамі гэтак званай спецаперацыі. Ці за стаіць за словамі Лукашэнкі пэўны мэсідж або гэта чарговы прапагандысцкі ход?

«Лукашэнка бачыць, што вайна дужа не папулярная ў беларускім грамадстве. Для яго такі ўдзел быў бы вельмі небяспечны. І насамрэч ён бачыць, што сярод таго, што хоча Пуцін ад Лукашэнкі, няма ўдзелу беларускіх войскаў. Паводле мільёна аргументаў мы бачым, як гэта не цікава самой Расеі. Таму лукашэнкаўская прапаганда цісне, што быццам бы мы ў вайне не ўдзельнічаем», – патлумачыў Вадзім Мажэйка.

Але насамрэч рэжым у вайне ўдзельнічае, адзначыў ён. Лукашэнка і сам гэта сёлета пацвердзіў, назваўшы сябе агрэсарам.

Ірына Юрʼева, «Белсат»