«Газпром» – мары не здзяйсняюцца


Расейская кампанія «Газпром» зафіксавала па выніках 2023 года страты памерам больш чым 7 мільярдаў долараў. Гэта здарылася ўпершыню за апошнія 25 гадоў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«”Газпром” проста адмовіўся пастаўляць газ у Еўропу ў надзеі на тое, што Еўропе будзе дрэнна. Гэта было чыста расейскае рашэнне, палітычнае, і яно прывяло да таго, што “Газпром” перастаў атрымліваць грошы за гэты газ», – мяркуе кандыдат эканамічных навук, аналітык Мікалай Кульбака.

Разлік быў у тым ліку на тое, што ўзімку Еўропа будзе замярзаць і пойдзе на палітычныя саступкі Крамлю. Аднак такі падыход не спрацаваў. Больш за тое, ад 2021 года краіны ЕЗ паслядоўна зніжаюць спажыванне расейскага газу.

Цяпер Еўразвяз мае планы да 2027 года ўвогуле адмовіцца ад расейскага газу.

«Праблема “Газпрому” ў тым, што ў яго няма магутнасцяў па звадкаванню і ён не можа перакідваць газ на іншыя рынкі, – разважае Мікалай Кульбака. – Замяшчэння, у адрозненне ад нафты, не адбылося. “Газпрому” гэта не ўдалося, і ён пачаў несці вялізныя страты».

«Газпром».
Фота: gazprom.ru

«Газпром» апынуўся ў новай рэальнасці, дзе вымушаны фіксаваць страты. Ці адаб’ецца гэта на кошце газу для звычайных спажыўцоў – напрыклад, у Беларусі?

«Ёсць абмежаванні па плацежаздольнасці і беларускіх, і расейскіх спажыўцоў, – мяркуе публіцыст, спецыяліст у міжнародных эканамічных стасунках Алесь Чайчыц. – Не будуць улады рызыкаваць тым, каб выклікаць дадатковую сацыяльную напружанасць у сувязі з цэнамі на газ. Але, канешне, зніжэння цэнаў дакладна чакаць не варта».

Да таго ж у Беларусі раней анансавалі супольныя праекты з «Газпромам». Летась Міністэрства энергетыкі паведамляла пра магчымасць пабудаваць завод для вытворчасці звадкаванага прыроднага газу. Сёлета «Газпром трансгаз Беларусь» і «Газпром газаматорнае паліва» выказалі намер стварыць сумеснае прадпрыемства.

«Роля Беларусі гістарычна была як транзітны калідор расейскага газу на Захад. Зараз яна з гэтага калідору ператварылася ў тупік. І тое, што ў Беларусі будзе ажыццяўляцца, – гэта будуць праекты, скіраваныя на беларускі спажывецкі рынак, на расейскі рынак. І тут, канешне, вялікае пытанне, ці будуць гэтыя праекты надалей жыццяздольнымі», – разважае Алесь Чайчыц.

У 2008 годзе кіраўнік «Газпрому» Аляксей Мілер дзяліўся дзёрзкімі планамі. Маўляў, праз 7-8 гадоў ягоная энергетычная кампанія дасягне капіталізацыі ў адзін трыльён долараў. Планы ў жыццё так і не ўвасобіліся. Цяпер жа капіталізацыя «Газпрому» ацэньваецца прыблізна на 40 мільярдаў долараў.

Ян Федаровіч, «Белсат»