Урад Польшчы выдзеліў больш за 2,5 мільярды долараў на ўмацаванне мяжы з Беларуссю і Расеяй


10 мільярдаў злотых (больш за 2,5 мільярды долараў) будуць выдаткаваныя на ўмацаванне мяжы з Беларуссю і Расеяй, паведаміў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск.

Польска-беларуская мяжа.
Фота: Wyborcza.pl

Новая абарончая праграма пад назвай «Шчыт Усход» мае абараніць польскую мяжу ад патэнцыйнага нападу з боку Беларусі і Расеі і зрабіць яе непраходнай. Рэалізацыя праекту будзе каштаваць 10 мільярдаў злотых (больш за 2,5 мільярды долараў). Грошы (у тым ліку, сродкі Еўразвязу) ужо выдзеленыя ўрадам, і працы распачаліся.

«Гэта будзе шчыт, які абароніць нас ад нападаў з усходу. Яго галоўная задача – стрымліваць ворага. «Шчыт Усход» уяўляе сабой сістэму ўмацаванняў і фартыфікацыйных збудаванняў, а таксама мадэрнізацыю 400 кіламетраў мяжы з Расеяй і Беларуссю. Гэта будзе стратэгія, накіраваная на тое, каб адсунуць вайну ад нашых межаў», – заявіў Дональд Туск.

Міністр абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш паведаміў, што ў рамках праграмы «Шчыт Усход» на ўсім працягу польскай мяжы з Расеяй і Беларуссю «будуць створаныя лясныя масівы, загароды і ўмацаванні».

Hавiны
Мігранты спрабавалі падпаліць пост польскіх памежнікаў і закідвалі патруль камянямі
2024.05.15 11:45

Сітуацыя на польска-беларускай мяжы пагаршаецца, зазначыў польскі партал Onet.pl, тлумачачы важнасць новага абарончага праекту. Увесну 2022 года мяжу нелегальна спрабавалі перайсці ад 1000 да 1700 чалавек штомесяц. Увесну 2023 года гэтыя лічбы падвоіліся. Апошнія звесткі Памежнай службы сведчаць, што цяпер на мяжу прыбывае найбольшая колькасць замежнікаў ад моманту пачатку крызісу. Толькі за травень памежнікі зафіксавалі больш за 3200 спробы нелегальна трапіць у Польшчу з боку Беларусі.

У 2021 годзе рэжым Аляксандра Лукашэнкі штучна стварыў міграцыйны крызіс на межах з Польшчай, Літвой і Латвіяй. У адказ суседзі Беларусі сталі ўзводзіць агароджы на межах, Польшча збудавала плот у студзені – чэрвені 2022 года і працягвае ўдасканальваць ахову мяжы. На мадэрнізацыю плоту будуць выдаткаваныя дадатковыя сродкі. Агульную суму затратаў ацэньваюць на 1,5 мільярда злотых, або 350 мільёнаў еўраў у эквіваленце.

Hавiны
«Украіна дала нам час. Выкарыстоўваем мы яго аптымальна?». Польшча сур’ёзна бярэцца за абарону
2024.05.07 17:51

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў