Ноч музеяў – 2024: у Беларусі – за грошы, за мяжою – бясплатна


У Міжнародны дзень музеяў, 18 траўня, па ўсім свеце праходзіць акцыя «Ноч музеяў». У гэты час шмат якія музеі, галерэі, выставачныя залы працуюць дапазна ці нават усю ноч, пры гэтым большасць экспазіцыяў ды імпрэзаў можна наведаць бясплатна. Паглядзелі, што сёлета прапаноўваюць музеі Беларусі, Літвы, Латвіі, Польшчы і Грузіі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Гарадзенскі дзяржаўны гістарычна-археалагічны музей.
Фота: grodno-museum.by

Беларусь: даследаванне розных відаў любові ў музейнай прасторы

Ноч музеяў у 2024 годзе пройдзе пад тэмаю «Музеі: адукацыя і даследаванні». Мэта сёлетніх імпрэзаў – падкрэсліць асноўную ролю музеяў у забеспячэнні цэласнага адукацыйнага досведу, а таксама паказаць, як музеі могуць быць дынамічнымі адукацыйнымі цэнтрамі, спрыяць развіццю цікаўнасці, творчасці і крытычнага мыслення.

Музеі Беларусі сёлета прэзентуюць сапраўды багатыя праграмы. Да святкавання далучацца ўстановы па ўсёй краіне. Расклады імпрэзаў ува ўсіх музеях, якія бяруць удзел у акцыі, дасяжныя на адмысловым сайце nochmuzeev.by. Апавядаем пра некалькі цікавых.

Сёлета ўпершыню ў Ночы музеяў возьме ўдзел Музей гісторыі фатаграфіі. 20 траўня з 18:00 да 21:00 установа запрашае наведаць экспазіцыю, на якой можна будзе пазнаёміцца са старымі фотаапаратамі, стэрэаграфіяй, аналагаваю фатаграфіяй, зрабіць здымкі ў фотазоне ў стылі фотаатэлье 1980-х гадоў. Гасцям прапануюць паздымаць на вялікі фармат на паперу, а потым надрукаваць і апрацаваць здымкі ў лабараторыі (кожны ўдзельнік забярэ сваю працу з сабою), паглядзець мультфільмы на дыяпраектары, зрабіць фотаграмы ў тэхніцы цыянатыпіі.

Афіша Ночы музеяў у Музеі гісторыі фатаграфіі ў Менску.
Крыніца: nochmuzeev.by

Адрас: Менск, вул. Казіна 89, к. 1.

Кошт квітка: 20 рублёў. Дзецям дашкольнага веку бясплатна.

18 траўня на Ноч музеяў запрашае Музей гадзіннікавай справы. У праграме – інтэрактыўны кўэст пра гісторыю гадзіннікавай справы. Для дзяцей – забаўляльныя гульні і майстар-класы.

Час: 19:00–23:00.

Кошт квітка: 12 рублёў, дзецям да 6 гадоў, школьнікам, навучэнцам ССНУ, ВНУ і пенсіянерам – 9 рублёў.

Музей гісторыі Менску 18 траўня чакае менчукоў і гасцей гораду на забаўляльнай праграме «Тэорыя любові: для рамантыкаў і скептыкаў». Гэта будзе імпрэза ў фармаце гульні, якая аб’яднае чатыры лакацыі: Менскую гарадскую ратушу (пл. Свабоды 2а), Археалагічны музей (вул. Кірыла і Мяфодзія 6), Мастацкую галерэю Міхаіла Савіцкага (пл. Свабоды 15), выставачныя залы на вул. Ракаўскай 17.

Распачаць гульню можна ў любым з пералічаных аб’ектаў а 20:00. Удзельнікі будуць даследаваць тэорыю любові ў музейных прасторах і разбірацца ў розных відах любові, якія вылучалі яшчэ старажытныя грэкі: ахвярнай «агапэ», рамантычным «эрасе», сямейнай і сяброўскай «сторгэ», філіі, маніі і г. д. Таксама запланаваныя музычныя праграмы. А яшчэ на працягу вечара госці змогуць атрымаць кансультацыю ў астролага. А 23:30 у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага разыграюць прызы для фіналістаў кўэсту. Галоўны прыз – рамантычнае спатканне «Над дахамі начнога Менску».

Кошт квітка: 15 рублёў, з наведваннем канцэртаў – 20 і 25 рублёў.

Аўтаспынам па мэмасах

Гасцям Музею Максіма Багдановіча ў Ноч музеяў прапануюць зазірнуць у мінулае і параўнаць з сучаснасцю, узгадаць старое і даведацца пра нешта новае.

«Пра тое, што ўсё паўтараецца, казалася і пісалася неаднойчы. Гэтую думку мы можам знайсці, напрыклад, у Святым Пісанні і ў вершах Максіма Багдановіча. Чалавек не можа не рухацца, не шукаць новага, такая ў яго прырода, але незаўважна для сябе ён часта пражывае зноў добра забытае старое. Так і жывём – у вечным вяртанні», – апавядаюць арганізатары пра ідэю імпрэзы.

Наведнікаў чакаюць паэтычная праграма, кўіз пра жыццё і творчасць Максіма Багдановіча, моўныя рэбусы, салонная гульня «Флірт-залёты», хуткія літаратурныя спатканні, архіўныя росшукі і пошук продкаў у інтэрнэце.

Адрас: Менск, вул. М. Багдановіча 7а.

Кошт квітка: 15 рублёў.

Галерэя «Farba» запрашае на выставу мэмаў «Аўтаспынам па мэмасах». А 19:30 пройдзе мэмкурсія па-беларуску, а 21:00 – па-расейску. Гасцей чакаюць мэмныя працы ды інсталяцыі ад сучасных беларускіх мастакоў, кўэст, мэмныя сувеніры.

Афіша Ночы музеяў у галерэі «Farba» ў Менску.
Крыніца: nochmuzeev.by

Адрас: Менск, пл. Свабоды 8 (уваход насупраць помніку «Гарадскія вагі»). 18 траўня галерэя будзе працаваць да 00:00.

Кошт квіткоў: 14 рублёў. Студэнтам – 12 рублёў, школьнікам, навучэнцам сярэдне-спецыяльных навучальных установаў, пенсіянерам, шматдзетным сем’ям, інвалідам 3-й групы – 10 рублёў.

18 траўня для ўсіх наведнікаў адчыняе дзверы Заалагічны музей БДУ. Аглядную экскурсію можна будзе наведаць а 12:00, 14:00, 16:00 і 18:00.

Адрас: вул. Курчатава 10 (1-ы паверх, к. 141).

Кошт квітка: школьнікам – 6,5 рубля, студэнтам – 7 рублёў, астатнім наведнікаў – 7,50 рубля. Аплата толькі наяўнымі. Дашкольнікам, студэнтам і работнікам БДУ і музею, навучэнцам школаў-інтэрнатаў, удзельнікам ВАВ, інвалідам – бясплатна.

Таксама можна будзе наведаць Музей землязнаўства факультэту геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ.

Адрас: Менск, вул. Ленінградская 16.

Кошт квіткоў: школьнікам – 5,6 рубля, студэнтам – 6,1 рубля, іншым наведнікам – 6,5 рубля.

Разнастайную праграму ў Міжнародны дзень музеяў падрыхтаваў Музей беларускай літаратуры:

  • выступ фолк-дуэту «Ralla»;
  • інтэрактыўная праграма «Капітан далёкіх вандровак»;
  • лекцыя даследніка Змітра Юркевіча да 205-годдзя Станіслава Манюшкі;
  • музычная праграма квінтэту «Радыё-брас»;
  • літкўіз і сямейная гульнятэка ад праекту «Скарбонка гульняў» і Наталлі Галко;
  • экспромт-тэатр «Пярэпыты з паэтамі» ад народнага літаратурнага тэатру «Жывое слова»;
  • сустрэча з Кніжнай феяй Кацярынай Хадасевіч-Лісавой;
  • майстар-клас стварэння традыцыйных беларускіх лялек ад Ганны Сілівончык.

Квіткі:

  • 10 рублёў (дзецям да 7 гадоў вольны ўваход);
  • 20 рублёў – агульны квіток на праграмы двух музеяў: Дзяржаўнага музею гісторыі беларускай літаратуры і Літаратурнага музею Максіма Багдановіча.

Адрас: Менск, вул. М. Багдановіча 13.

Да Ночы музеяў сёлета далучаецца кампанія «Аліварыя» – яе Музей піваварэння 17 траўня запрашае на гід па міжнародных стылях піва. Гасцей будуць знаёміць з гатункамі і брэндамі піва, знанымі ў розных краінах свету: амерыканскім «hard drink», бельгійскім і індыйскім элем, французскім лягерам.

Час экскурсіяў: 18:00–20:00, 20:00–22:00.

Адрас: Менск, вул. Кісялёва 30. Удзел бясплатны.

Яшчэ адна незвычайная ўстанова, што сёлета будзе чакаць гасцей, – Музей скейтбордынгу ў Менску. 18 траўня наведнікаў чакае наступная праграма:

  • сталая экспазіцыя;
  • скейт-відэа на VHS;
  • гульня «Tony Hawk Pro Skater» на прыстаўцы;
  • адкрыццё выставы «Скейт-філатэлія»;
  • начная экскурсія;
  • інтэрактыў і майстар-клас на савецкім скейце;
  • скейт-гігант;
  • фотавыстава «Гісторыя скейтбордынгу».

У праграме – конкурсы з прызамі. Для ўсіх наведнікаў – памятныя сувеніры і магчымасць замовіць ежу і напоі ў «Backdoor Bar».

Адрас: Менск, вул. Кастрычніцкая 16/3 (уваход з боку ракі).

Кошт квіткоў: 15 рублёў – дарослым, 11 – студэнтам, 8 – школьнікам.

Літва: размова з морам і з сабою

У Літве на адмысловым сайце muziejunaktis.lt, прысвечаным Ночы музеяў, можна знайсці больш за 100 імпрэзаў: перформансы, інсталяцыі, спектаклі, выставы, экскурсіі, адукацыйныя захады, творчыя майстэрні, канцэрты і г. д.. Усе імпрэзы ў межах Ночы музеяў тут бясплатныя.

Ноч музеяў у Мастацкім музеі палацу Радвілаў у Вільні.
Крыніца: muziejunaktis.lt

У межах Ночы музеяў у Вільні пройдзе Украінская ноч культуры: выстава жывапісу і графікі ўкраінскай мастачкі Алены Сагайды да ейнай кнігі «Робэр», а таксама паказ відэафільмаў пра мастачку. Алена – украінская ўцякачка ад вайны, жыве ў Вільні два гады.

Адрас: Галерэя музею Марыі і Юргія Шлапеляў, вуліца Піліс (Pilies) 40, Вільня.

18 траўня а 18:00 Вайсковы музей Вітаўта Вялікага запрашае на імпрэзу «Я выбіраю свабоду», прысвечаную 80-годдзю пачатку партызанскай вайны ў Літве. Наведнікаў чакае імправізаваны лагер пад адкрытым небам, дзе яны пазнаёмяцца з сапраўднаю зброяй таго часу, побытам літоўскіх партызанаў, даведаюцца пра шыфраванне, канспіралагічны друк і да т. п. Жаўнер і аўтар кніг пра гісторыю літоўскага войска Эрнэстас Куцкайліс прэзентуе свае кнігі пра партызанскае пакаленне «Пажаданні з лесу», «Партызаны: змагацца, выжыць, перамагчы».

Імпрэза бясплатная.

У былой віленскай турме зарганізуюць экскурсію «Калі пасткі становяцца домам: стратэгіі выжывання ў савецкую эпоху».

«Паколькі савецкая эпоха аддаляецца ад нас як у часе, гэтак і ў эмацыйным плане, мы прапаноўваем вам яшчэ раз азірнуцца на ўжо мінулыя дні і паразважаць пра іх з пункту гледжання сённяшняга дня. Якой тактыцы выжывання давялося навучыцца чалавеку савецкай эпохі? Як сфармаваныя ў той час з’явы і іх наступствы раскрываюцца ў сучасным грамадстве? У экспазіцыі, размешчанай амаль у 20 камерах былой турмы, мы паразважаем, ці цяжка было манеўраваць паводле перыметру пасткі. Для адных прагляд выставы стане своеасабліваю тэрапіяй, а іншым дасць магчымасць лепш зразумець пакаленні бацькоў і дзядоў. А якую стратэгію выжывання абралі б вы?» – пытаюцца ў анонсе імпрэзы.

Час: 19:00, 21:30. Патрабуецца рэгістрацыя. Удзел бясплатны.

Адрас: вуліца Т. Касцюшкі (T. Kociuškos) 1a.

На экскурсію «Памяць: эмпірычная аўдыяэкскурсія па экспазіцыі ўнутранай турмы КДБ» запрашае Музей акупацыі і барацьбы за свабоду. Музыкі розных пакаленняў агучылі выбраную прастору былой турмы – следчага ізалятару НКВД і КГБ. Удзельнікі экскурсіі пад кіраўніцтвам саксафаніста Карняліюса Пукінскіса агледзяць музей і адкрыюць у пакоях эмбіентныя гукавыя скульптуры, музычныя імправізацыі або аўдыявізуальныя інсталяцыі.

Час: 19:20.

Адрас: вул. Aukų, 2а, Вільня. Удзел бясплатны.

Адукацыйная імпрэза «Размаўляем з морам і сабой» у межах акцыі «Рабі мора з «Dextera» 2023».
Крыніца: muziejunaktis.lt

Цікавую імпрэзу прапаноўвае Марскі музей Літвы – гукавую інсталяцыю «Размова з морам і з сабою». Герой інсталяцыі – малюск, які жыве ў ракавіне, – апавядае пра загадкавае жыццё марскіх істотаў, прапаноўвае нам задумацца пра дзейнасць чалавека на зямлі і яе ўплыў на марскую прыроду.

Адрас: Цэнтр рэабілітацыі жывёлы Балтыйскага мора, вул. Smiltynės 2, Клайпеда. Імпрэза бясплатная.

Гэтая музейная ноч у Літве будзе вельмі музычная. У Вільні 18 траўня пройдзе фестываль вулічнай музыкі, ва Уцяне адкрыюць IV джазавы фестываль «Utena Jazz». На рацэ Данге каля карабля-музею М52 «Судувіс» пройдзе канцэрт Вайсковага духавога аркестру, прысвечаны 20-годдзю сяброўства Літвы ў NATO. Шэраг канцэртаў таксама адбудзецца ў іншых гарадах і музеях Літвы.

Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча 18 траўня запрашае ўсіх на мерапрыемства з нагоды «Ночы музеяў», пачатак а 13:00. Сёлетняя тэма – «Старадаўні Кірмаш».

А 18-й у буйной залі музею адкрываецца выстава. А ў бібліятэчнай залі з 15:00 будзе ісці майстар-клас па гліне. Удзельнікі змогуць вылепіць сабе свісцёлку. Колькасць месцаў абмежаваная, удзел па папярэдняй рэгістрацыі.

Крыніца: lutskevichmuseum / Інстаграм

У двары музею запланаваны шэраг актыўнасцей. Так, з 13:00 і да закрыцця мерапрыемства працуе Кірмаш майстроў. Можна прыдбаць сабе цікавыя аўтэнтычныя вырабы ад завушніц і тканых паясоў да світшотаў і кніг.

З 15:00 да 18:00 будзе дзейнічаць «дзіцячая паляна». Канцэртна-танцавальная праграма пачынаецца а 16-й. Вас чакаюць: майстар-класы па Сярэднявечных і старадаўніх еўрапейскіх танцах, выступ вулічнага тэатру «Вір» («Святы Георгій забівае цмока»).

Завяршае праграму канцэрт саліста групы Leibonik, Сяргея Башлыкевіча.

Вітаюцца госці ў Сярэднявечных і традыцыйных строях.

Латвія

У Латвіі ў Ноч музеяў у Сейме пакажуць выставу, прысвечаную 20-годдзю сяброўства краіны ў Еўразвязе і NATO. Экспазіцыя апавядзе пра перавагі сяброўства ў ЕЗ і Паўночнаатлантычным альянсе, а таксама пра шлях Латвіі да далучэння да гэтых саюзаў.

Наведнікі змогуць убачыць таксама памяшканні Сейму – залу сесіяў, дзе дэпутаты збіраюцца штотыдзень, выбарчую ды іншыя залы парламенту.

Сейм будзе адкрыты для наведання 18 траўня з 19:00 да паўночы.

Польшча

У Польшчы сёлета ў Ночы музеяў бяруць удзел 312 установаў, якія прыгатавалі 336 імпрэзаў. Раней за астатніх святкаваць Дзень і ноч музеяў распачне Кракаў – ужо 17 траўня.

Да Міжнароднага дня музеяў падрыхтаваўся таксама Музей вольнай Беларусі ў Варшаве на вуліцы Фоксаль (Foksal) 11.

Афіша Ночы музеяў у Музеі вольнай Беларусі ў Варшаве.
Крыніца: freebelarusmuseum / Instagram

17 траўня пакажуць пад адкрытым небам навелу «Артэфакты. Музей Вольнай Беларусі», пасля прагляду – сэт ад беларускага дыджэя Papa Bo Selektah.

Пачатак: 20:00.

18 траўня гасцей чакае супольная праграма ад Музею вольнай Беларусі і Цэнтру думкі Яна Паўла ІІ.

  • А 10:00 у Музеі вольнай Беларусі адкрыецца выстава «Minsk Anti Zoo. Red Mark», прысвечаная нязломным беларускім палітзняволеным жанчынам, можна будзе паглядзець на артэфакты, падораныя музею цягам апошніх месяцаў.
  • А 18:00 Музей вольнай Беларусі разам з беларускім Свабодным тэатрам запрашаюць на спектакль «No exit». Гісторыя двух падлеткаў, якая магла б і не адбыцца, калі б не вайна. Але вайна карэктуе жыццё на свой лад, і іншага выйсця, як прыняць рэальнасць яе існавання і паглядзець ёй у вочы, няма. Рэжысёрка – Юлія Шаўчук, кампазітарка – Вольга Падгайская.
  • А 19:00 Цэнтр думкі Яна Паўла ІІ перакрые вуліцу Фоксаль і ператворыць яе ў адкрытую танцпляцоўку, дзе змяшаюцца розныя музычныя і танцавальныя сусветы. Беларуска-польскі гурт «Hajda Banda» зацягне вас у віхор рытмаў і спеваў традыцыйнай музыкі з Падляшша, Заходняй Беларусі і Палесся ў электронным выкананні.
  • А 21:00 «SW@DA X NICZOS» дадуць канцэрт, які падыме ўзровень эмоцыяў гэтай ночы на максімум. Унікальны дуэт з Падляшша сумяшчае клубныя аранжаванні з элементамі традыцыйных спеваў на падляскай і беларускай мовах. Медыйны патрон – тэлеканал «Белсат».
  • А 22:15 – канцэрт-дыялог паміж усходняй і заходняю культурамі Еўропы ў выкананні Хору Цэнтру думкі Яна Паўла II.

Сярод іншых цікавых музейных імпрэзаў у Варшаве:

Адрас: вул. Жэлязна (Żelazna) 59, Варшаўская акруговая палата медсясцёр і акушэрак.

Час: 16:00–22:00.

Анонс
Ноч музеяў з беларускім акцэнтам
2024.05.11 11:00

У Музеі жыцця ў ПНР (Польскай Народнай Рэспубліцы) адбудзецца выстава «Абсурды рэчаіснасці ПНР», якая адновіць побыт мінулай эпохі: можна будзе ўбачыць, як выглядаў прагляд кінастужкі ў кінатэатры 1970-х гадоў, паспрабаваць пагутарыць праз таксафон 1960-х, на чым слухалі музыку, пакаштаваць ваду з сатуратара і каву з тагачаснай эспрэса-машыны.

Час: 18:00–00:30.

Адрас: вул. Пенкна (Piękna) 28/34.

Падрабязную інфармацыю пра імпрэзы на Ноч музеяў у Польшчы можна атрымаць на старонцы historia.org.pl.

Грузія

У Тбіліскім музеі фатаграфіі і мультымедыя 18 траўня а 17:00 адкрываецца выстава, арганізаваная «ifa – Institut für Auslandsbeziehungen «EVROVIZION: перакрыжаванні гісторыі і прасторы». Экспазіцыя аб’ядноўвае працы 15 міжнародных і грузінскіх мастакоў, якія даследуюць сацыяльна-палітычную сітуацыю ў Еўропе і ідэю еўрапейскай ідэнтычнасці.

«Адкрыццё выставы супадае з падзеямі гістарычнага значэння для Грузіі. Ніколі пытанне Еўропы не было такім актуальным, як сёння», – гаворыцца ў абвестцы пра выставу на старонцы музею ў Facebook.

Выстава звяртае ўвагу на менш бачныя і маргіналізаваныя геапалітычныя і культурныя прасторы Паўднёва-Усходняй і Усходняй Еўропы. Выстава выязная і ўжо пабыла ў некалькіх краінах, Тбілісі – пяты прыпынак пасля Босніі і Герцэгавіны, Сербіі, Грэцыі і Кіпру.

Адрас: вул. Костава (Kostava) 14, гатэль «Стамба», блок Д, 2-і паверх.

Выстава будзе працаваць да 21 ліпеня. Уваход вольны.

Усе музеі Грузіі ў Міжнародны дзень музеяў звычайна робяць агляд экспазіцыяў бясплатным.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў