Аператыўнікі крымінальнага вышуку Расеі затрымалі ў горадзе Мурыне беларускага доктара Уладзіміра Мартава – былога загадчыка аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Віцебскай больніцы хуткай дапамогі, паведамляе расейскае выданне «Фонтанка.ру».
Доктар Мартаў быў затрыманы 14 траўня. Ён быў абвешчаны ў вышук на запыт лукашэнкаўскіх сілавікоў. Доктару інкрымінуецца арганізацыя або ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні. Нагодай для арышту стала інтэрв’ю аднаму з беларускіх медыяў.
Мартава даставілі ў аддзяленне паліцыі Усевалажскага раёну Ленінградскай вобласці.
У 2020 годзе Уладзімір Мартаў адкрыта крытыкаваў пазіцыю ўладаў адносна пандэміі каронавіруса, казаў пра рэальную сітуацыю і праблемы медыкаў.
3 красавіка 2021 года Мартава звольнілі. У 2022 годзе доктара затрымалі і асудзілі на 7 содняў адміністратыўнага арышту.
Марыя Міхалевіч belsat.eu