Блінкен анансаваў хуткае падпісанне пагаднення з Украінай аб гарантыях бяспекі


Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен, які знаходзіцца з візітам ва Украіне, паведаміў на прэс-канферэнцыі з кіраўніком МЗС Украіны Дмытром Кулэбам, што Вашынгтон і Кіеў у наступныя тыдні падпішуць двухбаковае пагадненне аб гарантыях бяспекі. Пра гэта паведамляе BBC.

Энтані Блінкен.
Фота: Амбасада ЗША / by.usembassy.gov

Паводле Энтані Блінкена, «цяжкая праца» па падрыхтоўцы пагаднення ўжо завершаная. І яе можна будзе падпісаць «праз некалькі тыдняў». Паводле дзяржсакратара ЗША, пагадненне будзе прадугледжваць вылучэнне дапамогі Украіне на наступнае дзесяцігоддзе.

«ЗША захоўваюць прыхільнасць справе забеспячэння перамогі Украіны ў гэтай вайне, і я думаю, што мы прадэманстравалі гэта з дапамогай надзвычайнай падтрымкі, якую мы аказвалі і працягваем аказваць», – падкрэсліў Блінкен.

Ён адзначыў, што ЗША будуць «працягваць падтрымліваць Украіну абсталяваннем, якое неабходна ёй для поспеху, для перамогі». Блінкен пацвердзіў, што ЗША сканцэнтраваныя на адпраўцы ва Украіну ракетных сістэм «Patriot» і іншых відаў крытычна важнай паветранай абароны.

Дзяржсакратар ЗША таксама абвясціў аб выдзяленні Украіне яшчэ 2 млрд долараў дапамогі. Некалькі тыдняў таму Кангрэс ЗША ўхваліў доўгачаканы пакет дапамогі Украіне на суму больш за 60 млрд долараў. І цяпер, сказаў Блінкен, Вашынгтон прыкладае ўсе намаганні для найхутчэйшага надання Кіеву ваеннай тэхнікі.

«Уся ўвага прыкаваная да сітуацыі на ўсходзе і паўночным усходзе, у прыватнасці, у Харкаве, і таму найноўшая падтрымка, пра якую я толькі што абвясціў, і асабліва дадатковае фінансаванне ў памеры 60 млрд долараў, як мы ведаем, прыходзіць у крытычны момант. Мы спешна пастаўляем боепрыпасы, бронятэхніку, ракеты, сродкі СПА, спешна дастаўляем іх на перадавую, каб абараніць жаўнераў, абараніць мірных жыхароў. Што датычыць супрацьпаветранай абароны, то гэта, вядома, галоўны прыярытэт, і ў нашых гутарках мы падрабязна спыніліся на працы, якую мы вядзем, каб знайсці больш сродкаў СПА і даставіць іх ва Украіну», – падкрэсліў Блінкен.

Ён таксама адзначыў, што ў найбліжэйшыя тыдні прэзідэнт ЗША Джо Байдэн можа сустрэцца з украінскім калегам Уладзімірам Зяленскім.

Будучае двухбаковае пагадненне па бяспецы паміж ЗША і Украінай будзе прадугледжваць ваенную дапамогу і падтрымае шлях Кіева ў NATO, заявіў дзяржсакратар ЗША, выступаючы 14 траўня ў Кіеўскім політэхнічным інстытуце.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў