Знаёмімся з кандыдатамі ў Каардынацыйную раду: выбарчы спіс № 11 «Краіна для жыцця»


«Белсат» працягвае адмысловы праект з нагоды выбараў у Каардынацыйную раду трэцяга склікання. У яго межах мы знаёмім выбарнікаў са спісамі, якія прэтэндуюць на месцы ў КР. Кожны з лідараў атрымаў аднолькавыя пытанні. Адказы публікуюцца згодна з чаргой, у якой яны былі атрыманыя нашымі карэспандэнтамі.

Паліграфолаг Віталь Савюк падчас запісу праграмы «Шчыра кажучы».
Крыніца: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

Гэтым разам прадстаўляем спіс «Грамадскі рух «Краіна для жыцця». Узначальвае яго Віталь Савюк, лідар аднайменнага грамадскага руху. Агулам у спісе – 17 асобаў. Сярод іх – давераная асоба Святланы Ціханоўскай на выбарах 2020 года Ева Сапрыгіна, былы добраахвотнік палка Каліноўскага Уладзімір Лаўранюк ды іншыя. З поўным пералікам чальцоў спісу можна пазнаёміцца тут.

Нумар «Грамадскага руху «Краіна для жыцця» ў выбарчым бюлетэні – 11.

Што нам адказалі ў «Краіне для жыцця»

1. Назавіце тры галоўныя выклікі, якія стаяць перад Беларуссю сёння.

Дыктатарскі рэжым Лукашэнкі, паглынанне Беларусі Расеяй, магчымы беспасярэдні ўдзел Беларусі ў вайне на баку Расеі.

2. Назавіце тры галоўныя праблемы, якія перашкаджаюць беларускім дэмакратычным сілам іх вырашаць.

Раскол у дэмакратычных сілах, адсутнасць рэальнай стратэгіі дзеянняў, нястача рэсурсаў у тых апазіцыйных сілаў, хто гатовы да рэальных дзеянняў.

3. Кім для вашай палітычнай сілы ёсць Аляксандр Лукашэнка?

Дыктатар, які захапіў уладу ў Беларусі.

4. Кім для вашай палітычнай сілы ёсць Святлана Ціханоўская?

Адзін з лідараў дэмакратычных сілаў. За Святлану Ціханоўскую ў 2020 годзе прагаласавала большасць беларусаў.

5. Ці падтрымліваеце вы ўзмацненне санкцыяў у дачыненні рэжыму ў Беларусі за яго дзеянні ўнутры і за межамі Беларусі? Ці, наадварот, варта іх зменшыць у абмен на вызваленне палітвязняў?

Відавочна, што санкцыі ў тым выглядзе, у якім ёсць, не працуюць. Трэба мяняць падыход да санкцыяў, каб павялічыць іх эфектыўнасць. У выпадку выбару адмена санкцыяў у абмен за вызваленне ўсіх зняволеных – мы за адмену, але працягнем барацьбу з рэжымам іншымі спосабамі.

6. Ці падтрымліваеце вы сілавы сцэнар змены ўлады ў Беларусі?

Беларусь і беларусы не гатовыя на гэты момант да сілавога сцэнара. Гэта адзін з магчымых сцэнароў, але для яго рэалізацыі неабходна шмат рэсурсаў, стратэгія, якую распрацуюць прафесіяналы, а не «сілавікі-блогеры».

Жаночы пратэст
Здымак мае ілюстрацыйны характар. АМАП затрымлівае людзей каля плошчы Перамогі падчас жаночай акцыі пратэсту ў Менску, Беларусь. 26 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

7. Як вы ставіцеся да інтэграцыі Беларусі ў Еўрапейскі Звяз і ў NATO?

Мы за інтэграцыю ў Еўрапейскі Звяз. Гэтае пытанне, як і пытанне ўступлення ў NATO, павінен вырашаць беларускі народ на рэферэндуме, а не кучка палітыкаў.

8. Ці павінна Беларусь выйсці з інтэграцыйных аб’яднанняў з Расеяй? Якіх?

Так, трэба разарваць усе дамовы з Расеяй, якія супярэчаць інтарэсам незалежнай Беларусі.

9. Колькі дзяржаўных моваў павінна быць у Беларусі? Якія?

Безумоўна, галоўнай дзяржаўнай мовай у новай Беларусі павінна быць беларуская, але гэтае пытанне павінна вырашацца паступова, каб не ствараць расколу ў грамадстве. Статус расейскай мовы вырашаць беларусы на рэферэндуме.

10. Ці падтрымліваеце вы дэкамунізацыю ў Беларусі? Назваў, помнікаў і гэтак далей?

Так, трэба сапраўды агучыць усе злачынствы камуністычнага рэжыму. Усе пытанні, якія датычаць назваў вуліцаў, помнікаў і г. д. маюць развязвацца на мясцовым рэферэндуме ў кожным асобным рэгіёне. Людзям трэба даць магчымасць выбіраць.

11. Ці лічыце вы важным падтрыманне традыцыйных і хрысціянскіх каштоўнасцяў?

Падтрыманне традыцыйных і хрысціянскіх каштоўнасцяў вельмі важнае, але ў Беларусі ёсць прадстаўнікі і іншых рэлігіяў, права на свабоду веравызнання якіх таксама не павінны парушацца.

12. Ці падтрымліваеце вы пашырэнне гендарных квотаў, увядзенне квотаў для прадстаўнікоў нацыянальных ці сексуальных меншасцяў?

Не падтрымліваем. Мы за справядлівасць. Займаць пэўныя пасады павінен той, хто толькі мае досвед, веды і кваліфікацыю для выканання сваіх абавязкаў, а не за тое, што ён ёсць меншасцю.

13. Якое стаўленне вашай палітычнай сілы адносна прадстаўнікоў і ініцыятываў ЛГБТК+?

Яны таксама грамадзяне сваёй краіны, як і астатнія грамадзяне, і мусяць мець роўныя правы з усімі.

14. Ці лічыце вы неабходнаю прыватызацыю дзяржаўных прадпрыемстваў?

Так. Але яна мае праводзіцца пад сурʼёзным аўдытам у інтарэсах Беларусі, а не ў інтарэсах замежных карпарацыяў ці алігархаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Работнік менскага заводау МАЗ. Менск, Беларусь. 17 жніўня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

15. Ці варта ў Беларусі павялічваць або скарачаць дапамогу з бюджэту сем’ям, маламаёмасным групам?

Абавязак дзяржавы – дапамагаць грамадзянам, якія апынуліся ў складанай сітуацыі. Памер гэтай дапамогі мае вызначацца, зыходзячы з магчымасцяў дзяржавы і мінімальных патрэбаў малазабяспечаных семʼяў.

16. Ці падтрымліваеце вы амністыю паводле наркатычнага артыкулу 328 КК, легалізацыю ці дэкрыміналізацыю ўжывання канабісу ў Беларусі?

Так, падтрымліваем такую амністыю. 328-ы артыкул выкарыстоўваўся рэжымам у рэпрэсіўных мэтах. Усе прысуды ў сфабрыкаваных справах і там, дзе прызначаныя тэрміны, не суразмерныя дзеям, павінны быць адмененыя.

17. Ці лічыце вы неабходнай люстрацыю ў Беларусі? У дачыненні якіх групаў?

Так, люстрацыя неабходная ў дачыненні ўсіх асобаў, якія ўчынілі злачынствы. Гэтае пытанне мусіць вырашаць у новай Беларусі незалежны суд. Гэты працэс важны, каб у гісторыі Беларусі больш не паўтарылася падобнае прававое бязмежжа.

18. Ці ёсць Беларусь суўдзельніцай у вайне Расеі супраць Украіны?

Так. Яе тэрыторыя выкарыстоўвалася для ўварвання ва Украіну.

19. Ці падтрымліваеце вы ўзмацненне кантактаў беларускіх і расейскіх дэмакратычных сілаў?

На гэты момант магчымыя кантакты на фармальным узроўні для высвятлення пазіцыі расейскай апазіцыі ў розных пытаннях.

20. Якой павінна быць дзяржаўная сімволіка Беларусі: сцяг, герб, гімн?

Усе гэтыя пытанні павінен вырашаць народ Беларусі на рэферэндуме, пасля грамадскага абмеркавання. Мы змагаемся за тую Беларусь, дзе галоўныя пытанні краіны будзе вырашаць народ, а не купка палітыкаў, якія на сваю думку, без уліку меркавання народу гатовыя памяняць на свой густ што заўгодна.

Выбары ў Каардынацыйную раду пройдуць з 25 да 28 траўня. Першыя вынікі будуць абвешчаныя не пазней за 29 траўня. Падаць скаргі можна будзе да 8 чэрвеня. Канчатковыя вынікі выбараў у КР абвесцяць 8 чэрвеня, а першае паседжанне Каардынацыйнай рады ІІІ склікання мае адбыцца 15 чэрвеня.

Абноўлена
Выбарчая камісія абвясціла спісы, якім дазволілі балатавацца ў Каардынацыйную раду
2024.04.25 13:12

Чытайце таксама адказы на пытанні іншых спісаў (спасылкі будуць дадавацца па меры публікацыі адказаў):

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў