Святлана Ціханоўская: «Наша культура – гэта наша наймацнейшая сакрэтная зброя і звышсіла»


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская падчас візіту ў Брусель сустрэлася з міністрамі культуры краінаў Еўразвязу і распавяла ім пра важнасць захавання беларускай ідэнтычнасці.

Святлана Ціханоўская падчас візіту ў Брусель, 13 траўня 2024 году.
Фота: tsikhanouskaya / Telegram

Святлана Ціханоўская зазначыла, што ва Украіне Расея ваюе снарадамі і танкамі, а ў Беларусі – прапагандай і культурай. Паводле беларускай лідаркі, Расея разглядае нашыя краіны як частку «рускага свету», яе мэта – каланізаваць і асіміляваць.

«Сёння Расея і яе марыянетачны рэжым у Менску робяць усё магчымае, каб сцерці нашую нацыянальную ідэнтычнасць і знішчыць усё, што звязвае нас з Еўропай. Кнігі па гісторыі перапісваюцца. Нацыянальных герояў называюць здраднікамі. Пісьменнікаў і музыкаў, якія адмаўляюцца прытрымлівацца «новай лініі», называюць «экстрэмістамі». Самыя таленавітыя былі кінуты ў турмы або былі вымушаны бегчы. Нават размаўляць на беларускай мове стала злачынствам.

Яны спадзяюцца, што мы здадзімся, што мы адмовімся ад барацьбы за нашую еўрапейскую мару. Але гэтага ніколі не адбудзецца. Наша культура – гэта наша наймацнейшая сакрэтная зброя і звышсіла. Людзі з моцнай нацыянальнай ідэнтычнасцю не могуць быць прыгнечаныя», – цытуе Ціханоўскую афіцыйны канал Аб’яднанага Пераходнага Кабінета.

Абраная прэзідэнтка заклікала еўрапейскіх міністраў падтрымаць праекты, якія ўмацоўваюць беларускую ідэнтычнасць і запрашаць беларускіх мастакоў у выгнанні на еўрапейскія фестывалі і канферэнцыі.

Напрыканцы выступу лідарка перадала міністру-прэзідэнту Фландрыі Яну Ямбону карціну «Беларускае сонца» мастака Алеся Пушкіна, які летась загінуў у турме. Карціна будзе выстаўленая ў адным з музеяў Бельгіі.

Hавiны
«Рэжым Лукашэнкі значна менш стабільны, чым здаецца». Святлана Ціханоўская – пра змены ў Беларусі і тое, як трэба да іх рыхтавацца
2024.05.06 16:47

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў