У Беларусі і Расеі святкаванне сканчэння Другой сусветнай вайны вельмі адрозніваецца ад таго, як у рэшце Еўропы ўшаноўваюць памяць пра гэтую вайну. «Белсат» расказвае, як і чаму Літва і Украіна перайшлі ад савецкага свята да еўрапейскага Дня памяці.
Другая сусветная вайна завяршылася капітуляцыяй Японіі 2 верасня 1945 года. Але для Еўропы днём сканчэння вялікай вайны было 8 траўня 1945 года. У гэты дзень набыў моц акт аб безумоўнай капітуляцыі нацысцкай Нямеччыны, у Еўропе пачалося святкаванне перамогі. Той акт падпісаў 7 траўня нацысцкі генерал Альфрэд Ёдль, якога на капітуляцыю ўпаўнаважыў грос-адмірал Карл Дэніц. Дэніца ж прызначыў сваім пераемнікам Адольф Гітлер, які скончыў жыццё самагубствам 30 красавіка.
Савецкі Саюз настойваў на падпісанні яшчэ аднаго акту – ад прадстаўнікоў розных відаў войскаў нацыстаў. Такі акт падпісалі 8 траўня а 22:43 паводле цэнтральнаеўрапейскага часу, або 00:43 паводле маскоўскага. Яшчэ тыдзень захоўваліся асобныя спробы супраціву, некаторыя нацысты прабіваліся на захад, каб не трапіць у савецкую зону акупацыі.
У пасляваенным Усходнім блоку – СССР і яго сатэлітах – 9 траўня святкавалі як Дзень Перамогі. Пасля распаду гэтага блоку, а затым і СССР, большасць посткамуністычных краінаў перайшла да адзначэння 8 траўня як Дня памяці (у Нямеччыне, дарэчы, 8 траўня адзначаюць як Дзень вызвалення). Але ў Беларусі і Расеі захоўваюць дату 9 траўня і развіваюць ідэю святкавання, за якой губляецца памяць аб тым, што вайна – гэта кепска.
Гісторык Аляксандр Пашкевіч, сябра Беларускага інстытуту публічнай гісторыі, расказвае «Белсату», што розніцу ў датах тлумачаць звычайна тэхнічнымі момантамі: нацысты падпісалі капітуляцыю, калі ў Берліне яшчэ было 8 траўня, а ў Маскве – ужо 9 траўня, ды і менавіта 9-га ў СССР абвясцілі аб тым, што нацысты капітулявалі, а вайна ў Еўропе скончылася.
Аднак, на думку Пашкевіча, гэта другасная прычына, а галоўная – ідэалагічная: прэзентаванне Другой сусветнай вайны ў Савецкім Саюзе як Вялікай Айчыннай. У савецкай канцэпцыі, якая на постсавецкай прасторы не была радыкальна перагледжаная, СССР перамог у вайне ледзь не адзін, без істотнай дапамогі заходніх саюзнікаў. Гэтая дапамога, у тым ліку ленд-ліз (перадача ўзбраення, боепрыпасаў, медыкаментаў і харчоў са Злучаных Штатаў), згадваецца як нешта другаснае. У гады халоднай вайны савецкія ўлады асабліва падкрэслівалі, што ў СССР была «свая вайна», і розніца ў датах мусіла пра гэта сведчыць.
І нават калі халодная вайна скончылася, традыцыя ўкаранілася ў пакаленнях, сталася звыклаю рэччу: Дзень Перамогі – 9 траўня. Пашкевіч жа лічыць больш адпаведнай для адзначэння дату 8 траўня – раз ужо пытанне зрабілася ідэалагічным.
«Вялікую Айчынную вайну так званую, савецкае разуменне Другой сусветнай вайны ўзялі на ўзбраенне амаральныя аўтарытарныя рэжымы Пуціна і Лукашэнкі, – канстатуе Пашкевіч. – Яны гэта ўсё моцна дыскрэдытавалі. На сённяшні момант вялікая палярызацыя, вялікі падзел, і выбар гэтай даты сведчыць таксама пра пытанне палітычнай, ідэалагічнай арыентацыі».
Гісторык падкрэслівае: памяць пра Другую сусветную як Вялікую Айчынную ўзятая на ўзбраенне для развязвання новых войнаў. Стаіць пытанне «мы з гэтымі ці з тымі». Таму трэба адмаўляцца ад гэтай савецкай канцэпцыі і альтэрнатыўнай даты, каб паказаць еднасць «з усёй Еўропай і ўсім цывілізаваным светам» у памяці пра Другую сусветную вайну.
Гэтак жа тлумачыць «Белсату» змену даты дэпутат Сейму Літвы Валдас Ракуціс: «Мы далучыліся да заходняга свету». У Літве замест Дня Перамогі 9 траўня афіцыйна адзначаюць Дзень памяці і прымірэння 8 траўня. Ракуціс нагадвае, што адзначэнне перамогі 9 траўня – рашэнне савецкага кіраўніка Іосіфа Сталіна. На думку дэпутата, асобная дата была патрэбная Сталіну, каб паказаць, хто перамог у гэтай вайне.
Для літоўцаў, лічыць Ракуціс, адзначэнне сканчэння Другой сусветнай вайны ў Еўропе мае не такое вялікае значэнне, як для шматлікіх іншых народаў: для іх вайна пачалася ў 1940 годзе з анексіяй Літвы Савецкім Саюзам і скончылася ў сярэдзіне 1950-х задушэннем масавага антысавецкага супраціву, а мірныя дамовы Другой сусветнай вайны не вярнулі Літве свабоды.
«У нас не было такіх вялікіх зменаў, як было ў іншых дзяржавах, – кажа Ракуціс пра 9 траўня. – Мы называем гэта другой савецкай акупацыяй, і яна працягнула ваенныя дзеянні да 1953 года, партызанскі наш супраціў трываў даволі доўга пасля гэтай даты. Дарэчы, галоўныя падзеі ў нас адбываліся не ў 1945 годзе, але ў 1944-м, калі фронт праходзіў праз літоўскую тэрыторыю».
Яшчэ ў 2008 годзе Сейм Літвы забараніў выкарыстоўваць на масавых сходах (у тым ліку з нагоды Дня Перамогі) сімволіку нацысцкай Нямеччыны, СССР і Літоўскай ССР. Сёлета 9 траўня паліцыя будзе патруляваць могілкі: ускладаць кветкі не забаронена, паліцыя будзе сачыць за выкананнем забароны на савецкую сімволіку і перадухіляць магчымыя правакацыі.
Нацысцкія і савецкія сімвалы зраўнялі, бо ні саветы, ні нацысты не былі сябрамі для Літвы, тлумачыць Ракуціс. Таму Літва выбрала падыход «гэта не нашая вайна»: у Другой сусветнай удзельнічалі грамадзяне Літвы, але не Літва як дзяржава.
Украіна з 2016 года адзначала 8 траўня як Дзень памяці ды прымірэння, а 9 траўня як Дзень перамогі над нацызмам у Другой сусветнай вайне. Але ў 2023 годзе ва Украіне пастанавілі, што 8 траўня мае быць дзяржаўнае свята Дня памяці і перамогі над нацызмам, а 9 траўня – Дзень Еўропы (прымеркаваны да Дэкларацыі Шумана, з якой пачалося стварэнне Еўрапейскага аб’яднання вугалю і сталі – папярэдніка Еўразвязу).
Раман Кабачый, старэйшы навуковы работнік Нацыянальнага музею гісторыі Украіны ў Другой сусветнай вайне, расказвае «Белсату», што ўкраінскае грамадства доўга ішло да такога рашэння. У 2000 годзе быў прыняты закон «Аб Вялікай Айчыннай вайне», дзе ўпершыню прапісалі азначэнне ўкраінскага народу як удзельніка Другой сусветнай вайны, але наратывы яшчэ засталіся постсавецкія. Пасля Рэвалюцыі годнасці ў 2015 годзе ў межах дэкамунізацыйных законаў увялі адзначэнне 8 траўня ў еўрапейскім кантэксце – і ў апытаннях украінцы ўсё менш казалі пра Вялікую Айчынную і ўсё больш пра Другую сусветную вайну. А ў 2022 годзе Украіна «перайшла ад дэкамунізацыі да дэкаланізацыі».
«Адчуванне таго, што Другая сусветная вайна для нас – гэта не “победобесие”, а пераасэнсаванне трагедыі кожнай сям’і, кожнага населенага пункту, – яно ва Украіне зусім іначай бачыцца, чым у Расеі, тэрыторыя якой была нашмат менш акупаваная, чым цалкам акупаваныя тэрыторыі Украіны і Беларусі, – заўважае Кабачый. – Мы бачым гэта па-іншаму, мы адыходзім ад практык менавіта святкавання».
Як для вялікай часткі ўкраінцаў, так і для вялікай часткі беларусаў вайна пачалася ў 1939 годзе, калі савецкія войскі ўвайшлі ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну, якія тады былі ў межах Польшчы. Для некаторых украінцаў вайна пачалася яшчэ ў сакавіку 1939-га, калі Вугоршчына акупавала Карпацкую Украіну ў складзе Чэхаславаччыны. А для некаторых – яшчэ ў лістападзе 1938-га, калі частку цяперашняга ўкраінскага Закарпацця, у тым ліку Мукачава і Бэрэгава, анексавалі вугорцы.
За часоў кіраўніка СССР Леаніда Брэжнева 9 траўня пачалі менавіта святкаваць, а не проста адзначаць. Гэтае святкаванне спрабавала выштурхнуць са свядомасці сямейныя і рэлігійныя святы, падмяняла трагедыю спакладаным паняткам перамогі, лічыць Кабачый.
«Адзін дзед быў забраны на службу палявым ваенкаматам і загінуў, другому дзеду пашанцавала, ён дайшоў да Берліну… Каго забралі ў войска ў адным пінжаку і з адной вінтоўкай кінулі на танкі… Як ты гэта ўспрымаеш, як пераможнае шэсце? – пытае Кабачый. – Нават вызваленне Кіева вымагала вялікіх ахвяраў і рэсурсаў толькі таму, што Сталіну хацелася, каб да гадавіны Вялікага Кастрычніка вызвалілі».
Кіраўнікі СССР, якія бралі ўдзел у Другой сусветнай, не хацелі яе паўтарэння, перакананы гісторык. Дзеці вайны, як Міхаіл Гарбачоў і Барыс Ельцын, глядзелі на вайну ўжо крыху іначай, а Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін, якія нарадзіліся пасля Другой сусветнай, успрымалі вайну праз савецкую прапаганду, дзе была перамога і не было трагедыі. Адтуль, лічыць Кабачый, і расейскае «победобесие» – апашленне памяці з убіраннем дзяцей у вайсковую форму і дзіцячых вазкоў пад танкі, без асэнсавання таго, што такое вайна.
Да ўкраінцаў жа цяпер прыходзіць асэнсаванне, што іхных продкаў выкарыстоўвалі ў чужых войнах, напрыклад, у Афганскай вайне, лічыць суразмоўца. Так жа, як выкарыстоўвалі беларусаў і як цяпер Расея выкарыстоўвае чачэнцаў і буратаў у вайне ва Украіне.
Кабачый згадвае, што ў ягоным музеі ёсць дзённікі сучасных акупантаў. Сярод іх – дзённік бурата, які піша, што дзед ваяваў з фашыстамі, дзядзя з тэрарыстамі (імаверна, чачэнцамі), а ён будзе ваяваць супраць «сучасных нацыстаў». Але не задаецца пытаннем, што ён, бурат, забыў на Херсоншчыне, за 5000 км ад дому.
Ганна Русінава, Марына Яновіч, Алесь Наваборскі belsat.eu