«Калгасы не пракормяць». Дзяржава самаўхілілася ад забеспячэння беларусаў бульбаю


Напярэдадні важнай для беларусаў штогадовай кампаніі з пасадкаю бульбы «Белсат» вывучыў статыстыку збору «другога хлеба» у сельскагаспадарчых арганізацыях і хатніх гаспадарках. Адпаведныя дадзеныя збіраюцца з 1994 года, і ўсе гэтыя гады беларусы вырошчваюць бульбу істотна болей, чымся прадпрыемствы. Дзяржаву, відаць, гэта цалкам задавальняе.

Ілюстрацыйны здымак.
Фота: Белсат

У 1994 годзе, калі да ўлады прыйшоў Лукашэнка, сельскагаспадарчыя арганізацыі сабралі 1,2 млн тонаў бульбы, а самі беларусы – 7 млн. Усе наступныя 29 гадоў сітуацыя не мянялася: хатнія гаспадаркі з вялікім адрывам перамагалі ў гэтым «спаборніцтвы».

Апошнія два гады беларусы павялічваюць збор бульбы: у 2023-м накапалі 2,8 млн тонаў (арганізацыі – 579 тысячаў тонаў), што на 2,4% болей, чымся ў 2022-м і на 12,6%, чымся ў 2021-м. Таксама расце і ўраджайнасць: з 183 цэнтнераў з гектара ў 2021 годзе да 208 цэнтнераў у 2022-м і да 227 цэнтнераў – у 2023-м.

Акрамя таго, усе апошнія 29 гадоў беларусы паказвалі дзяржаве майстар-клас у вырошчванні гародніны, таксама збіраючы яе істотна болей, чымся сельгаспрадпрыемствы. Летась, напрыклад, на ўласных дзялянках людзі сабралі 2,2 млн тонаў памідораў, гуркоў, цыбулі, морквы, капусты ды іншай гародніны, а аграпрамысловы комплекс – усяго 166 тысячы тонаў. Апошнія гады ўраджай гародніны ў хатніх гаспадарках амаль не мяняецца.

Паводле падлікаў статыстычнага ведамства, летась у Беларусі на душу насельніцтва прыйшлося 438 кілаграмаў бульбы і 305 кілаграмаў гародніны, пры гэтым кожны беларус летась з’еў у сярэднім 56 кілаграмаў бульбы і 87 кілаграмаў гародніны.

Штосьці экспартуецца, але Белстат хавае гэтыя звесткі. Апошнія дадзеныя, вядомыя цяпер, – за 2021 год. Тады краіна паставіла за мяжу 243 тысячы тонаў бульбы на 68 млн долараў – амаль усё ў Расею.

Зрэшты, у той год Беларусь і імпартавала бульбу, агулам 33,6 тысячы тонаў на 12 млн долараў. Амаль усё – з Расеі ды Украіны.

Кірмаш сельскагаспадарчай прадукцыі ў парку Дружбы народаў у Менску, Беларусь. 7 лістапада 2021 года.
Фота: Белсат

Што датычыць продажу харчоў у арганізацыях гандлю, то за апошнія два гады значных зменаў у аб’ёмах не адбылося. Бульбы прадаюць каля 70 тысячы тонаў, морквы – 20 тысячаў тонаў, гуркоў – 34 тысячы тонаў, памідораў – 40 тысячы. Харчы ў крамах і на рынках збольшага беларускія: 90% бульбы, 86–87% морквы і гуркоў, блізу 70% – памідораў і цыбулі.

Хаця сёлета беларускіх таматаў днём са свечкай не знойдзеш, у студзені-сакавіку больш за 90% памідораў у гандлі былі імпартныя.

Палкую любоў беларусаў да вырошчвання бульбы ды іншай гародніны эксперт у сельскай гаспадарцы Мікалай Лысянкоў растлумачыў традыцыяй:

«У нас менталітэт такі. Усе саджаюць. Так, танней купіць гэтыя шэсць мяхоў, аднак не – усё адно будзем на дзялках, на лецішчах вырошчваць, палоць, выдаткоўваць сілаў болей, чым гэтай бульбы накапаем. Але ўсё адно капаем – для сябе, унукаў, дзяцей. Шмат бульбы вырошчваецца і на продаж».

Лысянкоў пры гэтым адзначыў, што не давярае афіцыйнай статыстыцы: маўляў, Белсат, як і Цэнтрвыбаркам, хлусіць:

«Белстат будзе даваць лічбы, што патрэбныя зверху. Калі я працаваў чыноўнікам, статыстыка прымалася ў нас з другога ці трэцяга разу. Ты даеш дадзеныя, а табе кажуць: не, няправільна, у вас мусіць быць болей, рабіце нанова. Прыпіскі ў нас паўсюль у сельскай гаспадарцы. Старшыня сельсавету не ведае, колькі бульбы сабралі, ён бярэ лічбы з галавы».

Гісторыі
Што беларускі робяць у эміграцыі? Вядома, садзяць бульбу!
2023.06.11 10:02

Лысянкоў мяркуе, што, калі б беларусы самі не вырошчвалі столькі гародніны, сельскагаспадарчыя арганізацыі краіну б не накармілі:

«У нас тэхналогіі вырошчвання гародніны засталіся з Савецкага Саюзу. Так, бульбаўборачныя камбайны мы ўжо маем, аднак у гародніне ўсё-ткі багата ручной працы. Калгасы не здольныя яе вырошчваць канкурэнтна. Калі ім студэнтаў ці яшчэ нейкую бясплатную працоўную сілу прывязуць, тады яны больш-менш могуць выйсці на рэнтабельнасць. А людзей усё менш і менш у вёсках, няма каму ўмоўна карову падаіць, не тое што капусту вырасціць».

Эксперт пагаджаецца, што калі б у крамах круглы год была смачная, якасная і недарагая гародніна, імпэт беларусаў да корпання ў зямлі паціху згасаў бы. У якасці прыкладу суразмоўца «Белсату» прывёў малочныя прадукты:

«Малака ў нас у краіне дастаткова. Тэхналагічна малако танней вырабіць на буйнатаварных вытворчасцях, яно даступнае і таннае. Карову гадаваць вельмі цяжка, працаёмка. Танней гэтае малако купіць, таму ў нас у вёсках моцна паменела кароваў».

Лысянкоў канстатаваў, што ў нас бракуе высокатэхналагічных вытворцаў, якім прасцей і танней у параўнанні з хатнімі гаспадаркамі вырасціць і сабраць ураджай.

«Тэхналогіяў амаль няма, бо гэта патрабуе буйных інвестыцыяў, а грошай на гэта бракуе. У нас прызвычаіліся да ручной працы. А ручная праца або дарагая, або бескаштоўная», – падсумаваў эксперт.

Аб’ектыў
Бульба як нацыянальны прадукт?
2023.08.16 22:01

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў