Жыхары беларускіх вёсак пераймаюцца лёсам вядоўцы «Белсату»


За год існавання праграмы «Вяскоўцы» ягоны вядоўца стаўся пазнавальнай персонай у беларускіх селішчах. Праект, які робіць Віктар, настолькі прыйшоўся даспадобы на сяле, што людзі ўжо цытуюць некаторыя фразы з мінулых выданняў «Вяскоўцаў» і з нецярплівасцю чакаюць, калі Віктар Шукеловіч урэшце завітае да іх.

На вёсцы вядоўцу сустракаюць не толькі добрымі словамі, але і самымі разнастайнымі прысмакамі, робяць супольныя здымкі і знаёмяць з усёй раднёй. Некалькі разоў вяскоўцы прапаноўвалі Віктару застацца ў іх назаўсёды ды спрабавалі сасватаць яму мясцовых прыгажунь.

Але такая папулярнасць і пільная ўвага мае і свае мінусы, кажа Віктар:

«Мяне здзівіла, што ў вёсках непакояцца праз тое, што я папраўляюся. Нават даюць парады, як сагнаць вагу і заставацца ў форме. Але ад вясковых прысмакаў, хрумсткіх дранікаў, духмянага сальца і кумпячка я не збіраюся адмаўляцца».

А ў найбліжэйшым выданні праграмы «Вяскоўцы» – спадарыня Вольга, колішняя работніца торфаздабыўнай арцелі «16 чырвоных партызанаў». Гераіня праграмы кажа, што вельмі добра разбіраецца ў людзях і магла б працаваць у вышуку. Ацаніць ейныя выбітныя акторскія здольнасці ды незвычайнае пачуццё гумару можна падчас эфіру «Вяскоўцаў», у сераду, 23 траўня, а 18:35.

Каментары