За Пагоню саджалі пры Сталіну, і цяпер не шмат змянілася


https://www.youtube.com/watch?v=RCvluMWi8b4

У маленькім мястэчку Паставы жыве 90-гадовы Антось Фурс. Разам з жонкай Алесяй яны былі б звычайнымі пенсіянерамі, каб не адзін істотны факт: Антось і Алеся – былыя вязні ГУЛАГу.

У 1946 годзе, будучы студэнтамі Пастаўскай настаўніцкай семінарыі, яны заснавалі падпольную моладзевую арганізацыю – Саюз беларускіх патрыётаў*, мэтай якой было адраджэнне і развіццё беларускай мовы і культуры.

Спадар Антось згадвае, што гэта была сакрэтная арганізацыя на ўзор філаматаў і філарэтаў, але тыя былі дзецьмі багатых бацькоў, а Саюз беларускіх патрыётаў складалі перадусім дзеці сялянаў.

Саюз меў статут, а ягоныя чальцы складалі прысягу пад бел-чырвона-белым сцягам.

«Але мы нічога не рабілі супраць дзяржавы, – кажа спадар Антось. – Мы змагаліся за мову, хацелі з’ехаць у вёскі і там вучыць дзяцей беларускай мове. Ужо тады ішла масавая русіфікацыя. А нам было 16–17 гадоў – мы былі яшчэ дзецьмі»

Але савецкая ўлада не шкадавала нават дзяцей. Калі арганізацыю раскрылі, усе 40 удзельнікаў былі адпраўленыя ў лагеры. Антось Фурс атрымаў 15 гадоў, а ягоная жонка, мастачка Алеся, – 25, толькі за тое, што намалявала Пагоню.

Уражвае, што чалавек, які прайшоў праз такія пакуты, не страціў моцы духу, аптымізму, дабрыні і сардэчнасці. Цяперашняе ягонае жыццё таксама не простае, Жонка Алеся зусім страціла зрок, яна цяжка хворая і прыкутая да ложка. Антось, хоць трымаецца бадзёра, таксама мае праблемы са здароўем – пагаршаецца слых. Тым не менш, спадар Антось рады гасцям, ахвотна дзеліцца ўспамінамі.

Дзяржавы, якія цэняць сваю гісторыю і нацыянальныя каштоўнасці, уключаюць такіх людзей у кола шанаваных аўтарытэтаў, мэтраў і ганаровых грамадзянаў. На жаль, гэтыя правілы не распаўсюджваюцца на Беларусь, дзе сапраўдныя нацыянальныя героі забытыя, вялікія нацыянальныя пісьменнікі цкуюцца ўладамі ды не маюць годных умоваў жыцця на радзіме, а катаў узносяць на п’едэстал.

Пра неверагодна моцнага чалавека, які здолеў вытрымаць самае цяжкое выпрабаванне савецкай эпохі, глядзіце ў рэпартажы «Чалавек з ГУЛАГу».

Прэм’ера ў дакументальным цыкле «Без рэтушы», у аўторак а 21:50.

* Увосень 1945 года ў Глыбокім была заснаваная падпольная патрыятычная моладзевая арганізацыя «Саюз беларускіх патрыётаў», а ўвесну 1946-га да яе далучылася суполка з Паставаў – «За Беларусь». Аб’яднаныя групоўкі дзеялі пад назвай «Саюз беларускіх патрыётаў».

 

 

Каментары