Валярына Кустава гатовая зрабіць беларускіх мужчынаў шчаслівымі


https://www.youtube.com/watch?v=6NcZoUnDFtw

«АдразуТак» – модны выраз пры ацэньванні жанчынамі мужчынаў. Бывае з практычнай рэалізацыяй, а бывае – з тэарэтычным дапушчэннем. У кожнай дзяўчыны і ў кожнага хлопца – свае крытэры ды фільтры датычна стасункаў з процілеглым полам.

Якія патрабаванні самыя важныя? Што рабіць, калі ўжо ў сталых стасунках згаслі пачуцці і пабляк кайф ад сексу? Гэта пытанні новага «Прывату» паэткі Валярыны Куставай.

«Валярына, на самым пачатку праграмы ты кажаш, што выданне «Прывату» будзе мужчынскае, бо гэта была замова ад феміністак. Што ты маеш на ўвазе?»

«Мы адкрылі сезон «Прыватаў» (выданне № 10) у верасні праграмаю «Навучы мяне кахацца». Госцяй была секс-трэнерка Марына Каханоўская. Пасля выдання да мяне прыходзілі водгукі, сярод іншых быў такі паўжартоўны, але ўсё ж:

Мы з дзевачкамі абураемся з антыфеміністычнае праграмы. У жанчыны няма аргазму, а замест каб адправіць на курсы мужа, яна сама ідзе! Калі мужык не ў стане цябе да аргазму давесці, каму ж тут вучыцца трэба? Хай павучацца яны!

Думаю, гэта цалкам справядліва. Але каб пацвердзіць неабходнасць такога запыту, на фан-пэйджы «Прывату» напісала, калі «Ю-Т’юб»-версія выдання набярэ больш за 2000 праглядаў, то зробім выданне і для мужчынаў. За некалькі дзён гэтак і здарылася. Таму выконваю сваё абяцанне перад глядачкамі ды гледачамі!»

«Якая была мэта гэтае праграмы? Ці ты даведалася штосьці новае пра мужчынаў?»

«Мэта – дапамагчы мужчынам заставацца шчаслівымі і самадастатковымі ў дачыненнях з каханымі. Але галоўнае – гэта захаванне семʼяў, якія думаюць, што яны маюць неразвязальныя праблемы, якія насамрэч развязальныя! А вось з новага пра мужчынаў, напрыклад, гэта:

Каб з мужчыны атрымаўся добры бацька, яму ў часе любошчаў варта лашчыць смочкі, бо так выпрацоўваецца пралактын, што ўплывае на прывязанасць да будучых дзяцей.

Наш эксперт тлумачыць усё гэта падрабязней. Не буду ўсяго расказваць, лепей глядзіце.

Таксама сямейны і мужчынскі псіхолаг Павел Зыгмантовіч пагадзіўся абсалютна бясплатна пракансультаваць гледачоў «Белсату», калі яны апішуць свае праблемы ці зададуць пытанні – у каментарах да выдання «Зрабі з сябе супермужа».

Ну і падпісвайцеся на профіль «Прывату», бо там будзем выкладаць і пашыраныя версіі размовы».

Глядзіце ў сераду, а 21:45, новы «Прыват» з паэткаю Валярынай Куставай«Зрабі з сябе СУПЕРМУЖА». Госць студыі – сямейны і мужчынскі псіхолаг Павал Зыгмантовіч. Праграма таксама дасяжная онлайн на нашай старонцы.

Каментары