У Польшчы беларускую мову называюць «літоўскай»


Нехта можа не паверыць, але ў падляскіх вёсках ліцвінамі называюць тых, хто гаворыць па-беларуску.

У праграме «Вяскоўцы» – новыя цікавінкі, гэтым разам з жыцця людзей на польска-беларускім памежжы. Вядоўца Віктар Шукеловіч завітаў на Падляшша, у вёску Ласінку, дзе пазнаёміўся з цікавымі і неардынарнымі людзьмі. Спачатку яго запрасілі да сябе ў госці спадарыня Аліцыя і спадар Аляксандр, якія пражылі ў шлюбе блізу 50 гадоў. Віктар дапамог ім нарыхтоўваць яблыкі на зіму, паспрабаваў вырваць хрэн, але не ўсё ў яго пайшло гладка.

Спадар Аляксандр раней быў аграномам, а спадарыня Аліцыя працавала ў бібліятэцы ды пісала п’есы для дзяцей на гаворцы сваёй роднай вёскі.

Муж і жонка распавялі, што жыхароў Падляшша дзеляць на тры групы: ліцвінаў, падляшоў і матаноў. Хто гэта такія і чым адрозніваюцца – глядзіце ў выданні.

Яшчэ адна цікавінка выдання – аўтэнтычны жарт, якім даўней на Падляшшы падколвалі ліцвінаў.

У Ласінцы Віктар спаткаўся таксама са спадарынямі Марыяй ды Аннай, якія расказалі яму, што «некалі жылося цяжка, але весела». Спадарыня Марыя навучылася некалі сама араць ды рабіць усю цяжкую работу па гаспадарцы, бо муж праз працу ў горадзе не меў на ўсё часу. Спадарыня Анна паступіла пасля вайны вучыцца на рахункавода, але не мела грошай, каб купіць сабе патрэбныя прылады і спартовую вопратку ў вучэльню, і таму мусіла адмовіцца ад навукі. «А цяпер для пенсіянераў – Амерыка», – каларытна апісвае сваё жыццё спадарыня Анна.

Аўтэнтычная падляская гаворка, мясцовыя спевы і самае галоўнае багацце рэгіёна – тутэйшыя людзі – у новым выданні «Вяскоўцаў».

Праграму «Вяскоўцы» глядзіце кожную сераду а 18:35 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы. І сачыце за намі ў Facebook.

Каментары