Трус па-берлінску. Дакументалістыка высокага гатунку


28 гадоў існавання Берлінскага муру праз прызму дзікіх трусоў, якія насялялі яго. Выдатны дакументальны фільм, які нават пазмагаўся за Оскара ды доўга не знікаў з экранаў еўрапейкіх кінатэатраў.

Як мы ведаем з урокаў гісторыі, Берлін быў раздзелены падвойным мурам на дзве зоны: савецкую ды заходнюю. Дык вось па адным баку сценаў жылі людзі вольныя, а па іншым баку з немцаў рабілі чалавека савецкага. Такая сітуацыя задавальняла толькі трусоў, якія цудоўна пачуваліся паміж двума пасамі Берлінскага муру.

Польскі рэжысёр выдатна апісвае становішча ў якім апынулася грамадства ГДР. Выкарыстоўваючы Эзопаву мову аўтар фільму Барташ Канопка параўноўвае людзей за жалезнай заслонай з трусамі, што апынуліся ў поўнай ізаляцыі, і спрабуюць уцякчы на свабоду:

«Гісторыю трусоў мы падцягнулі пад гісторыю людзей з Усходняе Нямеччыны, Польшчы і ўвогуле людзей з-за жалезнай заслоны».

Стужка была адным з пяці намінантаў на прэмію «Оскар» у 2010 г. у катэгорыі найлепшы кароткаметражны дакументальны фільм. Глядзіце стужку «Трус па-берлінску» у нядзелю, 27 траўня, а 19:50.

Каментары