Шукеловіч спазнае сам ды «транслюе» для іншых культуры ды традыцыі Украіны, Польшчы, Літвы


Праграма «Вяскоўцы» пашырае сваю геаграфію, прычым істотна, бо ў новым сезоне распавядзе пра жыццё сельскіх жыхароў за межамі Беларусі. Усяго замежных выданняў запланавана шэсць, два з іх ужо знятыя ва Украіне. Усе яны будуць чаргавацца з перадачамі, зробленымі ў Беларусі.

«У ровенскім Палессі ва Украіне мы ўжо пабывалі, у Польшчы плануем наведаць Падляшша, а ў Літве – Віленшчыну», – дзеліцца ўласнымі планамі Віктар Шукеловіч.

Стваральнікаў праграмы «Вяскоўцы» здаўна цікавіла, як жывуць нашыя суседзі, чым займаюцца і ці моцна ад нас адрозніваюцца. «Ва Украіне здзівіла, што мяне пазнавалі.

«Аказваецца, «Белсат» даволі папулярны ў нашых суседзяў. Адна спатканая жанчына прызналася, што «Вяскоўцы» – любімая праграма ейнага мужа і ён заўсёды ўсё кідае і бяжыць да тэлевізара, каб паглядзець чарговы выпуск!» – прызнаецца Віктар.

Ва Украіне вядоўца пачаставаўся ўкраінскай надзвычай смачнай ежай ды паслухаў шматлікія народныя песні, зрабіўшы цікавыя высновы пра блізкасць культураў Украіны і Беларусі.

«Я цешыўся таксама, калі ў гаворцы ўкраінскіх вяскоўцаў чуў беларускія словы».

Украінцы паказалі сябе як больш прадпрымальныя і больш упэўненыя ў параўнанні з беларусамі, яны ставяцца з любоўю да Радзімы і павагай да роднай мовы. Неўзабаве гледачы «Вяскоўцаў» змогуць самі зрабіць высновы пра жыццё нашых суседзяў.

«Я абяцаю, што будзе цікава!»

З 5 верасня, штосераду, а 18:35 глядзіце прэм’ерныя выданні праграмы «Вяскоўцы». Праграму Віктара Шукеловіча можна паглядзець і онлайн.

Каментары