Што не так з каханнем і сексам у краіне «Кама-сутры»?


У Індыі існуюць нелегальныя прытулкі для закаханых.

Парадокс, але радзіма «Кама-сутры» і Балівуду – краіна суворых забаронаў і рэгламентавання сексуальных зносінаў. Дотыкі на вачах у іншых, размовы «пра гэта», а таксама аднаполыя, дашлюбныя і міжкаставыя любошчы не дапушчальныя ў індыйскай культуры.

Традыцыйная культура Індыі грунтуецца на каставай сістэме, дзе амаль усе аспекты жыцця чалавека рэгулююцца правамі касты, у якой ён нарадзіўся. Міжкаставыя шлюбы вельмі непажаданыя, а часта папросту немагчымыя. Пра 90 % шлюбаў дамаўляюцца бацькі маладых.

Кадр з д/ф «Каханне і секс у Індыі»

Нягледзячы на тое, што канстытуцыя забараняе каставую дыскрымінацыю, выпадкі знявагі «ніжэй народжаных» тут звычайная рэч. Пары, якія наважыліся зламаць правілы, вымушаныя ўцякаць і браць шлюб таемна, а пазней жыць у страху, ізаляванымі ад сем’яў і грамадства. Калі ж сваякі знойдуць непаслухмяных, найчасцей іх чакае самасуд, а ў выніку цяжкае калецтва ці смерць.

Дганашры (Dhanashree) і Сагар (Sagar) паходзяць з розных кастаў, таму разлічваць, што бацькі пагодзяцца на іхны шлюб, не выпадала. З дапамогаю арганізацыі «Love Commandos» ім удалося збегчы. Цяпер яны разам з такімі ж «нелегальнымі парамі» хаваюцца ў сакрэтным прытулку, баючыся выйсці вонкі.

Стаўленне да жанчыны таксама фармуецца праз прызму паходжання, а таксама той факт, што ў шлюбе бок нявесты мусіць забяспечыць усе звязаныя з вяселлем выдаткі ды прывабны пасаг. Праз гэта дзяўчынкі лічацца непажаданымі дзецьмі, а цяжарныя імі жанчыны часта робяць спарон. З гэтай прычыны дактарам забаронена казаць бацькам пол будучага дзіцяці. Сёння ў Індыі найбольшая ў свеце дыспрапорцыя паміж мужчынскім і жаночым насельніцтвам.

Пра ўсё гэта распавядае дакументальны фільм «Каханне і секс у Індыі» (2018) французскай рэжысёркі Сары Фурнье (Sarah Fournier). Глядзіце на «Белсаце» ў суботу, 20 кастрычніка, а 19:30 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4») або онлайн на нашай старонцы.

Каментары