Рапарт Мельнікава: вышэйшая адукацыя ў Беларусі – масавая і няякасная


Беларуская вышэйшая адукацыя трапіла пад крытычны абстрэл у прэм’ерным выданні праграмы «Рапарт». Журналіст Эдуард Мельнікаў, які сам выкладае ва ўніверсітэце, каменя на камені не пакідае ад беларускіх ВНУ.

Дасталася таксама і студэнтам, якія не маюць матывацыі вучыцца, а толькі прыйшлі па дыпломы. Хтосьці пайшоў вучыцца, каб «адкасіць» ад войска, іншыя шукаюць сабе мужа замест навукі. У выніку такія спецыялісты трапляюць на рынак працы, дзе яны вучаць, лечаць ды займаюцца вырабам прадукцыі. Ці будзе якасным прадукт у выніку працы такіх спецыялістаў? Дый як паказвае беларуская практыка, адукацыя не дае гарантыяў камфортнага жыцця.

«Нас не вучаць прымяняць веды эфектыўна, каб дасягаць сваіх «эгаістычных»мэтаў, зарабіць грошай і гэтак далей», – кажа фатограф Рыгор, які таксама не працуе па спецыяльнасці.

У праграме шмат гісторыяў таго, як людзі працуюць зусім не паводле спецыяльнасці. Дальнабойнікі, візажысты ды фатографы, якія 5 ці болей гадоў марынаваліся за партамі студэнцкіх аўдыторыяў. Але што зробіш, калі ўсе навокал спрабуюць пераканаць, што важна мець дыплом ВНУ, але мала хто кажа, як важна рабіць у жыцці тое, што вам падабаецца.

Глядзіце прэмʼернае выданне праграмы «Рапарт» у пятніцу, 25 траўня, а 18:55.

Каментары