Новы фільм Віктара Аслюка. «Озўалд. Менская містэрыя»


https://youtu.be/gO9AICraDcU

«Озўалд. Менская містэрыя» – гэта новы фільм «Белсату», які быў зроблены сусветна вядомым беларускім кінадакументалістам Віктарам Аслюком.

Перад прэмʼераю фільму мы паразмаўлялі з Віктарам.

«Містэрыя – гэта таямніца. Усё, звязанае з Озўалдам, застаецца таямніцаю дасюль.

І ў фільме Озўалд хутчэй не гістарычны персанаж, а вобраз, міфалагічная постаць.

Я намерана абмяжоўваў сябе сціплымі кінематаграфічнымі сродкамі ды намагаўся зрабіць з маленькага пакойчыку містычнае месца.

Актуальнасць, ці, іншымі словамі, злабадзённасць, – спрэчная катэгорыя. Мастацтва – актуальнае ці не?

У асобе Лі Гарві Озўалда нашая ўласная беларуская гісторыя пераплятаецца з сусветнаю гісторыяй. Час у Менску быў вельмі важны для Озўалда, шмат у чым сфармаваў яго.

Я выкарыстоўваю апошні шанец зняць сведкаў той гістарычнай драмы, асабліва блізкага сябра Озўалда, успаміны якога ўваскрашаюць не толькі Озўалда, але і тую далёкую ўжо эпоху – савецкі Менск 60-х.

Пра Озўалда напісалі мільёны старонак, знялі сотні тэлевізійных праграмаў – яго гісторыя нязменна інтрыгуе, бо так і няма пэўнага адказу, ці ён сапраўды забіў Кенэдзі. Гэта не было маёй задачай, адказваць на гэтае бессэнсоўнае пытанне. Я арыентаваўся толькі на менскае мінулае маленькага чалавека, які трапіў у гісторыю».

22 лістапада 1963 года ў Дэласе забілі амерыканскага прэзідэнта Джона Кенэдзі. Праз дзень у дэласкім пастарунку быў застрэлены падазраваны ў забойстве прэзідэнта, 24-гадовы Лі Гарві Озўалд, які прабыў нейкі час у СССР, у Менску. Маладзён, які паспрабаваў пачаць новае жыццё за жалезнаю заслонаю.

Рэжысёр выпраўляецца ў тую самую кватэру ў цэнтры Менску, дзе адбываліся прыватныя размовы паміж беларускім студэнтам Эрнстам Цітаўцом і амерыканскім «турыстам» Лі Гарві Озўалдам. У атмасферы татальнага праслухоўвання з боку савецкіх спецслужбаў маладзёны ўздымалі розныя жыццёвыя тэмы.

Савецкі перыяд жыцця Лі Гарві Озўалда – ува ўспамінах Эрнста Цітаўца, аўтара кнігі пра савецкі эпізод з жыцця Озўалда, і дзённікавых запісах самога Озўалда.

У нядзелю, а 20:10, – прэм’ера дакументальнага фільму вядомага кінадакументаліста Віктара Аслюка «Озўалд. Менская містэрыя». Таксама фільм можна будзе паглядзець онлайн на нашай старонцы.

Пасля стужкі «Озўалд. Менская містэрыя» глядзіце працяг тэмы ў дакументальным фільме «Джон Кенэдзі. Невядомы прэзідэнт».

Каментары