НКВД забіла ўсіх мужчынаў у гэтай вёсцы


Вёска Кустаўніца мела амаль 300-гадовую гісторыю, якая завершылася з будоўляю Мазырскага заводу перапрацоўвання нафты. На месцы вёскі выраслі прамысловыя ўстаноўкі. Захаваліся толькі могілкі, якія мяжуюць з тэрыторыяй прадпрыемства. На першы погляд, яны нічым не адрозніваюцца ад астатніх. Але ў цэнтры кладоў стаіць не тыповае для гэтых мясцінаў драўлянае ўкрыжаванне Ісуса Хрыста. Паводле старажыла Юрыя Збароўскага, гэтаму крыжу больш як 200 гадоў. Пры больш руплівым аглядзе бачым шмат драўляных крыжоў, паваленых часам там і тут, крыху металічных, з таблічкамі лацінкаю – напамін пра тое, што тут, на Мазыршчыне, была калісьці вёска Кустаўніца, якую насялялі пераважна каталікі польскага паходжання. Трагічныя падзеі адбыліся тут у 1937 г., калі ўсіх мужчынаў, старэйшых за 16 гадоў, арыштавала НКВД. Больш іх ніхто не бачыў.

Сёння ўсё яшчэ жывыя сведкі тых падзеяў. Марыя Радзівіл – дзевяностагадовая пенсіянерка, былая настаўніца, да гэтага часу не ведае, дзе магіла ейнага бацькі.

У 70-х гадах вёску «забілі» другі раз – тут пачалося будаўніцтва нафтавага гіганта. Моладзь выехала ў гарады, а пазасталых жыхароў перасялілі ў «камфортныя» хрушчоўкі.

Цяпер толькі помнік ахвярам рэпрэсіяў ды знішчаныя могілкі прыгадваюць пра сумную гісторыю Кустаўніцы.

Рэпартаж Сяргея Гараеўскага «Кустаўніца 1937–1939» глядзіце ў чацвер, 20 верасня, а 18:50.

Каментары