Найлепшай школе беларускай журналістыкі ўжо 9 гадоў


https://www.youtube.com/watch?v=tQyNYQo0ZBU

У чацвер, 1 снежня, не прапусціце 300-ае выданне аднаго з самых удалых і найстарэйшых праектаў «Белсату» – праграмы «Рэпартэр». Цягам 9 гадоў мы паказалі вам 1200 рэпартажаў.

Напярэдадні 9-й гадавіны «Рэпартэра» мы паразмаўлялі з рэдактарам праграмы Юрыем Калінам.

«Чаму праект пад назваю «Рэпартэр» атрымаўся такі паспяховы і доўгатрывалы?»

«Напэўна, таму, што ёсць глядач, якому падабаецца такая форма, які хоча глядзець менавіта такі тэлечасопіс. Галоўны прынцып рэдакцыі – быць блізка да гледача.

У нас каля 15 сталых рэпарцёраў ва ўсіх кутках Беларусі, перш за ўсё ў правінцыі. Там людзі найбольш безабаронныя. «Рэпартэр» – часта апошняя ўстанова, да якой яны могуць звярнуцца па дапамогу.

Што датычыць нашых супрацоўнікаў, 9 гадоў таму іх практычна не было. Трэба было іх знайсці, заахвоціць ды навучыць прафесіі. За гэты час з рэдакцыяй супрацоўнічалі, напэўна, калі 100 журналістаў.

Частка працуе надалей, шмат хто пачаў рабіць самастойныя рэпартажы, дакументальныя фільмы (напрыклад, Андрэй Куціла – аўтар фільму «Госці», стужкі-пераможцы нацыянальнага конкурсу міжнароднага фестывалю «Лістапад» у 2015 годзе, зробленай на замову «Белсату»), аўтарскія праграмы для нашага каналу. Іншыя разышліся па тэлевізійным свеце.

Не памылюся, калі скажу, што «Рэпартэр» – гэта нядрэнная школа тэлевізійнай журналістыкі, якой карыстаецца «Белсат», ды таксама журналісцкая прастора цэлай Беларусі.

Як заўсёды ў чацвер, а 21:45, у «Рэпартэры» вы пабачыце: Гісторыя сляпога кахання. Першы ў Беларусі царкоўны прыход для невідушчых. Беларускія аграсядзібы трапілі пад пагрозу знішчэння! Цi адродзіцца традыцыя Магiлёўскага барока?

Праграма таксама дасяжная онлайн на нашай старонцы.

Каментары