Ляжалі прынамсі пяць чалавек без усялякіх прыкметаў жыцця


https://www.youtube.com/watch?v=–rw2uJYwZI

19 сакавіка 2006 года ў Беларусі адбыліся трэція прэзідэнцкія выбары. Альтэрнатыву Аляксандру Лукашэнку складалі апазіцыйныя кандыдаты Аляксандр Мілінкевіч і Аляксандр Казулін, а таксама Сяргей Гайдукевіч ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі.

Выбары ладзіліся паводле Выбарчага кодэксу ад 2000 года, што абмяжоўваў грамадзянскія правы і агітацыю, пазбаўляў грамадства права кантролю за галасаваннем і падлікам галасоў. Улады ўжывалі пагрозы знявольвання, запалохвалі журналістаў, перашкаджалі афіцыйным кандыдатам праводзіць сходы, арыштоўвалі і заводзілі крымінальныя справы супраць грамадскіх і палітычных актывістаў і давераных асобаў кандыдатаў, а нават і афіцыйна зарэгістраванага кандыдата ў прэзідэнты – Аляксандра Казуліна, які быў жорстка збіты і затрыманы пры спробе рэгістрацыі на зладжаны ўрадам Трэці Усебеларускі народны сход.

Паводле афіцыйных вынікаў, Лукашэнку падтрымалі 83 % выбарцаў, Гайдукевіча – 3,5 %, Мілінкевіча – 6,1 % і Казуліна – 2,2 %.

Вялізны рэзананс тады мела нечаканае прызнанне Лукашэнкі пра фальшаванне выбараў, якое ён зрабіў на прэсавай канферэнцыі з украінскімі журналістамі:

«Так, мы сфальшавалі апошнія выбары. Я ўжо заходнікам гэта казаў. За прэзідэнта Лукашэнку прагаласавала дзевяноста тры з паловай адсоткі. Але, кажуць, гэта не еўрапейскі паказчык. Мы зрабілі восемдзесят… шэсць?»

А з 20 да 24 сакавіка на знак пратэсту супраць сфальшаваных вынікаў на Кастрычніцкай плошчы Менску паўстаў народны намётавы лагер. Некалькі соцень адважных людзей правялі чатыры ночы і тры дні ў намётах пад бел-чырвона-белымі сцягамі, на заледзянелым бруку, у атачэнні спецназу, міліцыі ды пад знявагамі адмыслова прывезеных «ветэранаў». Лагер жорстка знішчылі спецсілы. Сотні чалавек былі збітыя і кінутыя ў турмы. А на наступны дзень, 25 сакавіка, на Дзень Волі ў цэнтры Менску адбыліся крывавыя сутыкненні пратэстоўцаў з міліцыяй і войскам. Пачаўся масавы хапун.

Сведчаць непасрэдныя ўдзельнікі гэтых драматычных падзеяў – лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч і журналістка Любоў Лунёва.

«Сведкі» – аўтарскі цыкл Вячаслава Ракіцкага, прысвечаны найноўшай гісторыі Беларусі, глядзіце ў пятніцу а 19:10.

Каментары