Будзеш бегаць па плошчах – развітаешся з сынам


https://www.youtube.com/watch?v=tRjIVFkd8EY

«Як можна пазбавіць бацькоўскіх правоў у нармальнай сям’і?» – запыталася ў міліцыянтаў, што прыйшлі да яе, маці журналісткі «Белсату» Ларысы Шчыраковай, якой пагражаюць адабраць сына за яе журналісцкую дзейнасць. У адказ яна пачула кароткае: «Можна».

За апошнія два гады Ларысу адзінаццаць разоў прыцягвалі да адміністратыўнай адказнасці за гэтак званы незаконны выраб медыйнай прадукцыі і двойчы – за ўдзел у несанкцыянаваных масавых акцыях.

Каб застрашыць нашую калегу і спыніць ейную журналісцкую дзейнасць, улады вырашылі ўдарыць у самае дарагое – у дзіця.

У наступным выданні праграмы «Маю права» – пра кошт, які даводзіцца плаціць людзям, якія не баяцца паказваць праўды пра беларускія рэаліі.

Гомельскі блогер Максім Філіповіч стаў вядомы пасля смелых і трапных каментароў наконт агульнага беззаконня ў краіне, а ў прыватнасці – датычных сумнавядомага дэкрэту № 3 аб «дармаедах», ахвярай якога ён сам зрабіўся. Ягоныя відэаматэрыялы на ют’юбаўскім акаўнце «Гарантий нет» набіралі некалькі соцень тысяч праглядаў, а некаторыя перавышалі і мільён.

Максім стаў адным з арганізатараў гомельскага «Маршу недармаедаў», які прайшоў 19 лютага, за што і быў завочна асуджаны на 13 содняў адміністратыўнага арышту. Арыштоўваць яго, нібыта небяспечнага тэрарыста ці наркадылера, прыехаў спецназ. Усё адбывалася ў доме ягонай маці. Максім Філіповіч ладзіў онлайн-трансляцыю гэтага брутальнага захопу, камера засталася ў маці, якая працягвала стрым.

«Да другой гадзіны ночы мы ўсе пасівелі, – не стрымліваючы слёз, падзялілася з намі спадарыня Эла Філіповіч. – Я лічу, што гэта бандыты».

Пра гэтыя ды іншыя справы ў чарговым выданні праграмы «Маю права». Глядзіце ў сераду а 19:05.

Каментары