Бізнесовец ратуе жыхароў закінутых вёсак


Анатоль Шавалда калісьці працаваў у калгасе, але той закрылі. Мужчыну – інваліду трэцяй групы праз зрок – у вёсцы новую працу было знайсці складана. Таму ён набыў машыну і падаўся ў прадпрымальнікі.

«Самае неабходнае важу: крупы, алей, макароны. Цяпер халаднавата стала, дык селядца любяць таксама», – распавядае Анатоль Шавалда.

У салоне аўтамабіля крупы, гародніна, садавіна, прысмакі, сыры і нават жвачка. Анатоль Шавалда жыве ў Гарадоцкім раёне, што на Віцебшчыне. Бізнес мужчына распачаў у 2001 годзе. Ягоная аўталаўка наведвае населеныя пункты Даўгапольскага сельвыканкаму штотыдзень. Прыязджае і ў глухія вёскі: напрыклад, у Сілаўцах жывуць усяго чатыры чалавекі. Анатоль ездзіць сюды не дзеля прыбытку. Ведае, што пенсіянеры яго чакаюць, і пакінуць іх без візітаў не дазваляе сумленне.

«Чалавечак добры, паслужлівы, шкадуе пенсіянераў. Што трэба, заўсёды прывязе», – кажуць пра яго вяскоўцы.

Прадукты для продажу прадпрымальнік набывае на аптовай базе ў абласным цэнтры. Нацэнку робіць малую: адсоткаў 20–30. Таму кошт тавараў у аўталаўцы меншы, чым у дзяржаўных крамах. Спадара Анатоля мясцовыя лічаць за свайго: для іх ён не толькі прадпрымальнік, але часам і сацыяльны работнік. Чаго няма ў ягонай аўталаўцы, набудзе ў краме і бескарысліва даставіць вяскоўцам.

«Тэлефануюць, важу і батарэйкі, і лекі, і таблеткі бабкам. Мне ж не цяжка ў краму забегчы», – прызнаецца спадар Анатоль.

Апроч Анатоля, па раёне ездзяць дзяржаўныя аўталаўкі, часам зазіраюць і гарадскія прадпрымальнікі. Канкураваць з імі дапамагае тое, што за сямнаццаць гадоў працы спадар Анатоль дасканала вывучыў попыт сваіх пакупнікоў: не вязе далікатэсаў і дарагіх харчоў, гандлюе толькі тым, што па кішэні вяскоўцам.

Мянчук Аляксандр Грушнік – уладальнік пераезнага шынамантажу. Ягоная мабільная фірма робіць усе тыя ж віды рамонту, што і звычайны шынамантаж: замена гумы, рамонт і балансаванне колаў. Свой бізнес Аляксандр распачаў у 2010 годзе. Кажа, што тады ў Беларусі такога віду рамонту ніхто не прапаноўваў.

«Цяпер ужо больш-менш людзі сталі пазнаваць нас. У горадзе ездзім. У асноўным, дзяўчаты вызываюць шынамантаж, бо складана паставіць запаску. Ну і гэта не жаночая праца, а дзяўчат усё больш і больш за стырном становіцца», – кажа бізнесовец.

Выратоўваць кіроўцаў выязджаюць у любыя кропкі: і ў горад, і ў лес. Выклікаюць шынамантаж кліенты і дадому: калі дамовіцца з суседзямі і замовіць рамонт адразу трох аўтамабіляў, то за паслугу «выезд» плаціць не давядзецца. Кошт атрымаецца такі ж, як і ў стацыянарным шынамантажы. На месца працаўнікі фірмы прыбываюць за паўгадзіны. А на тое, каб, напрыклад, адрамантаваць кола, ім дастаткова пятнаццаці хвілінаў.

«Ключ ад машыны адзін раз у чалавека трапіў у кола, прычым ад ягонай жа машыны, і ён не мог туды залезці. Я кола зняў, аддаў яму ключ, і ён адкрыў машыну. Калодкі ды яшчэ шмат чаго. Здавалася б, тое, што не магло трапіць у кола, але трапляе», – узгадвае Аляксандр Грушнік.

Чатыры гады таму Дзяніс набыў мабільную лазню. А потым пайшоў далей і стаў іх вырабляць, і цяпер драўляныя бочкі як прадае, гэтак і здае ў арэнду. Замовіць лазню на колах можна хоць у двор дому, хоць на бераг рэчкі.

«Гэта можа быць прыватны заказ і на турзлёт, які ідзе нават рэспубліканскага маштабу. Былі працаўнікі і больш цікавых ведамстваў», – распавядае Дзяніс Астравумаў.

Бочкі робяць з елкі, алешыны і асіны, што гарантуе іх якасць. Нядаўна цікавасць да вытворчасці Дзяніса Астравумава выказалі фіны: не выключана, што ў хуткім часе Дзянісавы бочкі паедуць за мяжу.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Эканаміст: рэвалюцыі не будзе, бо беларусы бягуць за мяжу
  • «Мяне праследуе школа!»: за што ў беларусаў могуць адабраць дзіця
  • Гумовыя боты замест фірмовых красовак, бутэлькі – замест адзення. Гісторыі беларусаў, якія замаўляюць рэчы ў інтэрнэце.

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце.

Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках.

Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».

Каментары