Кпіў, смяяўся і парадзіраваў. Новаабраны ўкраінскі прэзідэнт не пакінуў сухой ніткі на Лукашэнку. Зяленскі высмейваў кіраўніка Беларусі, калі яшчэ не ведаў, што ім давядзецца сустракацца і супрацоўнічаць. Можа, Лукашэнка ўжо забыўся на кепікі Зяленскага?
Аляксандр Лукашэнка ў двайным шоку: першы шок ад таго, што прэзідэнтаў у краіне можна мяняць, а другі ад таго, што дзейны прэзідэнт Украіны дазволіў адкрыта і шчыра палічыць галасы выбарнікаў – насуперак прагнозам Лукашэнкі.
Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:
– Президентом будет Порошенко.
– Точно?
– Абсалютна!
Не памыляўся ў сваіх прагнозах Уладзімір Зяленскі: «Аляксандр Лукашэнка балатуецца на пост прэзідэнта Беларусі. Праўда, сенсацыя? Не правільна ставіцца да выбараў кіраўніка Беларусі як да прадказальнай падзеі: не зразумела, хто зойме другое і трэцяе месцы».
А гэтак у фільме «Слуга народу» праявілася стаўленне да кіраўніка Беларусі: Зяленскі – рыхтуецца да прысягі, яму кажуць, што калі заходзіць Лукашэнка, то «можна не ўставаць».
Зяленскі не толькі смяяўся з кіраўніка Беларусі, але… і ўвасабляўся ў Лукашэнку.
«Я – Лукашенко, добро пожаловать у Мінск».
Ды гэтак таленавіта ўвасабляўся, што і паблытаць можна: «Возьмите меня в группу – будет нормандская пятёрка, хорошо, давайте тогда норманская четверка с половинкой, а на ниточке? А на сопельке?»
Ну і як пасля гэтага яны паглядзяць адзін аднаму ў вочы: Лукашэнка не падтрымліваў Зяленскага, Зяленскі пайшоў далей – высмейваў Лукашэнку, як зрэшты і Пуціна.
Пуцін ужо помсціць, а Аляксандр Рыгоравіч не толькі ўсё дараваў, але і пачаў прымазвацца да поспеху цяперашняга ўжо калегі:
Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі: «Валодзя Зяленскі – чалавек новы. Так, малады, так – недасведчаны. Я таксама быў некалі маладзейшым і недасведчаным… Мы пабудуем добрыя дачыненні».
Толькі як хто: як кіраўнікі краінаў або як артысты?
«Валодзя Зяленскі шоўмен, артыст. Тут няма чаго смяяцца – кожны прэзідэнт у нечым артыст».
Наш артыст не толькі таленавіты, а надзвычай запатрабаваны: колькі роляў ён згуляў за гэтыя 25 гадоў!
Не ведаем, як у таленце, а ў паказніках народнай любові кумір украінцаў прайграе Лукашэнку. За Зяленскага прагаласавалі нейкія 73 % выбарнікаў, у бацькі ж нашмат большы вынік.
Падтрыманне выбарцаў:
Аляксандр Лукашэнка (2015) – 83,49 %
Аляксандр Лукашэнка (2006) – 82,60 %
Аляксандр Лукашэнка (1994) – 80,60 %
Аляксандр Лукашэнка (2010) – 79,65 %
Аляксандр Лукашэнка (2001) – 75,65 %
Уладзімір Зяленскі (2019) – 73,22 %
І неяк дзіўна, што пры такой народнай любові да Лукашэнкі самае частае пытанне беларусаў апошнімі днямі: дзе наш беларускі Зяленскі?
Жыхары Бабруйску:
«Іх няма, нават калі ёсць, мы іх не бачым. Годных людзей ён проста не прапускае».
«Трэба ўступаць маладым – магчыма, будзе нешта лепшае ў краіне, і для народу і для дзяржавы ў цэлым».
«Трэба нешта мяняць. Я ўсё ж за Зяленскага».
«Проста народу ўжо хочацца больш маладых палітыкаў і нейкіх пераменаў у жыцці».
Перамны абяцае беларускі комік Андрэй Скараход. Андрэй прыйдзе – парадак навядзе!
Кандыдат-комік даўно ўжо мог быць прэзідэнтам Беларусі, але Яўген Крыжаноўскі не прайшоў кастынг Лідзіі Ярмошынай.
Пакуль беларусы шукаюць свайго Зяленскага, Лукашэнка кажа, што ён і ёсць беларускі Зяленскі:
«Што тут не артыстычнага?»
Вольга Старасціна