ЗША пашыраюць санкцыі супраць Расеі за дзеянні Крамля ўва Украіне


Апошнія рашэнні адміністрацыі Барака Оўбамы. Вашынгтон пашырае санкцыйны спіс супраць Расеі за дзеянні Крамля ўва Украіне. З сёння эканамічныя ды візавыя абмежаванні ахопяць яшчэ сем расейскіх чыноўнікаў – за ўдзел у будове вайсковых базаў на мяжы з Украінай. Два расейскія танкеры «Маршал Жукаў» і «Сталінград» не змогуць гасціць у амерыканскіх партах. І адразу 26 арганізацыяў і прадпрыемстваў – перадусім крымскіх, не змогуць весці бізнес з амерыканскімі грамадзянамі.

«Злучаныя Штаты глыбока занепакоеныя апошнімі падзеямі на ўсходзе Украіны – цягам апошніх дзён 6 украінскіх жаўнераў загінулі і 33 былі параненыя ў нападах расейскіх сепаратыстаў. Мы назіраем самы цяжкі абмен агнём з леташняга чэрвеня. Гэта відавочнае парушэнне Менскіх дамоўленасцяў з боку Расеі, і мы можам толькі ў чарговы раз заклікаць Расею паўплываць на сепаратыстаў», – адзначыў прэс-сакратар Дзярждэпартаменту ЗША Джон Кірбі.

Такія заклікі з самога моманту анексіі Крыму Расеяй Вашынгтон падтрымлівае эканамічнымі ды візавымі абмежаваннямі. Поўны пералік сотняў фізічных і юрыдычных асобаў, што трапілі пад санкцыі, і віды гэтых абмежаванняў, зойме дзясяткі старонак. Сярод найбольш балючых – адмена падтрымання праектаў Сусветнага банку, увядзенне мытаў на расейскія тавары і сапраўдная эканамічная блакада Крыму. Гэты спіс папаўняецца ледзь не кожны месяц. Ці можна падлічыць страты Крамля ад гэтых санкцыяў?

«Я нагадаю, што дарадца прэзідэнта Расеі Сяргей Глазьеў – такі вядомы патрыятычны эканаміст – ён ацаніў шкоду ад гэтых санкцыяў у 250 мільярдаў долараў – гэта вялізная сума. Але мне здаецца, найбольшы ўплыў – гэта тэхналогіі і гэта тое, што пра гэта казаў сам Уладзімір Пуцін», – заўважыў палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Тым не менш у Крамлі робяць добрую міну пры не найлепшай гульні ды ўводзяць санкцыі ў адказ, якія самі сабе адмаўляюцца адмяніць.

Цяпер у расейскага кіраўніцтва зʼявілася новая нагода да ўпэўненасці. У часопіс «Foreign Policy» трапіў спіс пагрозаў нацыянальнай бяспецы ЗША, які склала адміністрацыя Доналда Трампа. У адрозненні ад дзейнага дакументу, у гэтым спісе прэзідэнта Расеі няма. Але адмысловец Віталь Цыганкоў мяркуе, што хоць Трамп і працягвае Пуціну руку, Крамлю рана адкаркоўваць шампанскае…

«Потым, як здаралася з двума папярэднімі амерыканскімі прэзідэнтамі – Бушам і Оўбамам, якія спачатку знаходзілі ў Расеі нешта добрае, спрабавалі знайсці ў Расеі шляхі да нейкае еднасці, для перазагрузкі, заканчвалася гэта толькі пагаршэннем расейска-амерыканскіх адносінаў. І не таму, што гэтак хацелі амерыканскія прэзідэнты, а таму, што гэтага дабівалася Расея сваёй палітыкай», – падкрэсліў Віталь Цыганкоў.

Адмысловец нагадвае, што ў Крамлі цешыліся і пасля абрання Барака Оўбамы, маўляў, малады ліберальны прэзідэнт, у адрозненне ад свайго папярэдніка Джорджа Буша, будзе праводзіць больш лагодную замежную палітыку. У выніку ж – такога напружання, якое пануе цяпер у расейска-амерыканскіх дачыненнях, не было з часоў Халоднае вайны.

НН, «Белсат». Фота news.bigmir.net