«Зрабілі б штучнае дыханне, яна б дасюль жыла...» 20 гадоў пасля трагедыі на Нямізе


Гадавіна трагедыі на Нямізе. Здавалася б, 20 гадоў мінула, але калі гартаеш публікацыі ў медыях ці чытаеш допісы ў сацыяльных сетках, паўсюль бачны гэтак і не сціхлы боль, усцяж гучаць пытанні, на якія мы так і не атрымалі адказаў.

Публікацыя парталу Tut.By «Гэта быў не натоўп. Гэта была цісканіна. 20 гадоў са дня трагедыі на Нямізе – самай страшнай у гісторыі незалежнай Беларусі». Нашыя калегі сабралі ўспаміны людзей, якія апынуліся ў той чорны дзень у тым самым пераходзе. А таксама далі слова блізкім загінулых.

Сярод іх – мама 16-цігадовай Аляўціны Навакоўскай Наталля Навакоўская, якая пасля трагедыі здолела сабраць блізкіх загінулых у аб’яднанне «Няміга’99», каб разам дамагацца праўды ад чыноўнікаў. Спадарыня Наталля цвердзіць, што неўзабаве ўлады на іх, бацькоў, практычна забыліся. Штопраўда, аднойчы ўсё-ткі ўзгадалі з уласнае ініцыятывы:

«Калі ў 2008 годзе каля стэлы адбыўся выбух, бацькоў сталі выклікаць на допыт. Міліцыя палічыла, што мы гэтак помсцім…»

Шукалі адказу на пытанне «Хто вінаваты?» і нашыя калегі з інтэрнэт-рэдакцыі Belsat.eu. У публікацыі «Ты не ўяўляеш, як мне хочацца жыць» выказваецца і маці загінулай Вольгі Плавінскай:

«Калі выцягнулі трупы, паклалі на траве, міліцыянт стаяў, расставіўшы рукі, хуткіх няма, машыны няма. Хоць бы сказаў: «Людзі, хто можа, зрабіць штучнае дыханне!» Нічога не зламана, нічога не пабіта. Зрабілі б штучнае дыханне, яна б дасюль жыла».

Апошнія словы, якія мама пачула ад сваёй дачкі і сталіся назваю для артыкулу: «Ты не ўяўляеш, як мне хочацца жыць». І яшчэ адна публікацыя ад нашых калегаў з Радыё Свабода, якія пагутарылі з аўтаркай кнігі пра трагедыю на Нямізе Палінай Сцепаненка, якая згадвае, як у той час галоўны архітэктар Менску Аляксандр Чадовіч заявіў, што чым хутчэй людзі, у тым ліку і сваякі, забудуць імёны загінулых, тым лепш:

«Як гэта можна забыць? Гэта гісторыя. Загінулі 53 чалавекі… Гэты выпадак трэба згадваць у школах, казаць, што такое натоўп і што трэба рабіць у такіх сітуацыях, бо гэта можа паўтарацца бясконца».

Успамінаем пра трагічныя падзеі 20-гадовай даўніны з Алегам Волчакам, «Прававая дапамога насельніцтву».

belsat.eu