«Зорны мяч-2019»: лепшых футбалістаў і трэнераў адзначылі ў Менску


У менскім Falcon Club 26 снежня назвалі імёны найлепшых айчынных футбалістаў і трэнераў мінулага сезону.

Інтрыгі амаль не было. Сярод гульцоў тытул лепшага другі год запар дастаўся Ігару Стасевічу. Яго ж прызналі найлепшым паўабаронцам чэмпіянату і найлепшым футбалістам чэмпіянату. Узнагароду найлепшаму трэнеру Беларусі чацвёрты раз запар і рэкордны дзявяты раз у гісторыі атрымаў Віктар Ганчарэнка, які стаіць на чале маскоўскага ЦСКА.

«Я люблю футбол, мне падабаецца гуляць у яго. Гэта прыносіць мне задавальненне. Прафесійнае стаўленне да справы – вось і ўвесь сакрэт», – падсумаваў сваю перамогу Ігар Стасевіч.

«Летась мы страцілі майго найбліжэйшага чалавека, які зрабіў мяне як трэнера. І ўсе свае ўзнагароды, і гэтую, і папярэднія я хацеў бы прысвяціць Анатолю Капскаму. Гэта мой другі бацька, гэта мой сябар, гэта мой настаўнік. Гэта той чалавек, які мяне шмат чаму навучыў і шмат што мне даў. Усё, што я цяпер умею, – дзякуючы яму!» – такія кранальныя словы сказаў журналістам ужо найлепшы трэнер краіны Віктар Ганчарэнка.

Канкурэнтаў у Ігара Стасевіча і Віктара Ганчарэнкі ў іхных амплуа сёлета фактычна не было. Як не было і летась. А вось імя Іллі Шкурына, які стаўся найлепшым бамбардзірам і нападнікам Найвышэйшай лігі, у сістэме нашых футбольных каардынатаў абсалютна новае. На жаль, размаўляць з прэсай Ілля адмовіўся: напэўна, на фоне сітуацыі з ягоным дзіўным пераходам у маскоўскі ЦСКА транзітам праз берасцейскае «Дынама». Дарэчы, каментаваць гэты трансфер не стаў і Віктар Ганчарэнка.

Што датычыць найлепшага брамніка, то і тут абышлося без неспадзяванак: прыз забраў Аляксандр Гутар з берасцейскага «Дынама». У мінулым сезоне ён прапусціў толькі 18 мячоў. Што цікава, супраць згаданага Іллі Шкурына Гутар не згуляў ні разу.

«Не ведаю, на шчасце ці на жаль, але з Іллём мне не давялося сустрэцца сёлета на футбольным полі. А так ува ўсіх камандаў былі досыць добрыя нападнікі. Але і нашая абарона даволі добра спраўлялася», – зазначыў Гутар.

На цырымоніі былі прадстаўнікі ўсіх клубаў Найвышэйшай лігі. У тым ліку «Іслачы», якая шмат каго прыемна здзівіла ў 2019 годзе, хоць узнагародаў яе футбалісты і не атрымалі. Галоўны трэнер каманды Віталь Жукоўскі як заўсёды быў у гуморы ды ахвотна размаўляў з прэсаю:

«Добры быў чэмпіянат. Яскравы. Мне здаецца, што больш заўзятараў сталі гаварыць пра футбол. Вядома, хацелася б яшчэ, каб нашыя каманды траплялі ў Еўракубкі, ну і нацыянальная зборная выступала лепш. А так год асабліва з нашага пункту гледжання быў прадуктыўны і цікавы».

Таксама мы папрасілі падвесці вынікі года і прадстаўнікоў айчыннай федэрацыі футболу. Намеснік дырэктара дэпартаменту камунікацыяў АБФФ Дзмітрый Герчыкаў распавёў:

«На нашую думку, было больш станоўчага. Калі мы нават звернем увагу на банальную статыстыку, больш людзей пачало хадзіць на футбол. Вядома, з аднаго боку, дзякуючы Берасцю, але з другога – на пачатку сезону таксама ў Гомлі вельмі добрая была наведвальнасць. Мы бачым, што ёсць цікавасць да пэўных баталіяў нават нятопавых камандаў. Звярніце ўвагу на тую ж «Іслач», якая ў гэтым сезоне зрабіла фурор. Таксама зазначу, што за апошнія гады гэта самае выніковае першынство ў Беларусі».

Першы намеснік старшныі АБФФ Юрый Вяргейчык у дадатак зазначыў:

«Тая сістэма, якую мы прапанавалі з пераходнымі матчамі, наконт якой шмат хто сумняваўся, дала тую інтрыгу і тыя эмоцыі і заўзятарам, і спецыялістам, якія павінен даваць футбол. Таму мы вельмі радыя, што гэты чэмпіянат трымаў заўзятараў у напрузе да апошняга туру».

Наступны сезон адкрывае нашаму футболу неверагодную перспектыву: нацыянальная зборная – за 2 крокі ад таго, каб трапіць у топ-турнір EURO 2020. Для гэтага ў сакавіку трэба дамагчыся дзвюх перамог у плэй-оф Лігі нацыяў.

Дзяніс Ганчарэнка belsat.eu