Зноў падвышаюць пенсійны ўзрост. Чаго яшчэ чакаць ад 2018-га?


Мужчыны ў гэтым годзе будуць сыходзіць на пенсію ў 61 год, жанчыны – у 56. Страхавы стаж для налічвання пенсіі таксама павялічваецца – цяпер ён будзе складаць 16,5 год.

Мастачка Ганна выгадавала траіх дзяцей, восем гадоў даглядала хворую маці. Аднак «правілы гульні» змяніліся акурат тады, калі яна нічога ў жыцці змяніць не магла. І жанчына засталася без пенсіі. Гэткіх асобаў, як яна, у краіне блізу тысячы.

Тым, хто даглядаў асобаў з інваліднасцю, нібыта пайшлі насустрач і зменшылі страхавы стаж да 10 гадоў. Аднак агульны стаж падвысілі да 35 гадоў. Таму будучым пенсіянерам трэба ўжо цяпер клапаціцца пра свой страхавы стаж.

Вырасце камуналка

За студзень мы ўжо будзем аплочваць сто адсоткаў кошту камунальных паслугаў з выняткам ацяплення. Але пры гэтым падвышэнне платы нібыта не перавысіць $ 5 на год. Калі глянуць на статыстыку, то за 5 гадоў плата ў жыроўцы павысілася ў 4,5 разы, а мы ўсё роўна не здолелі выйсці на міфічную «поўную аплату».

З прыемных зменаў

З 12 студзеня пашыраецца і пералік відаў дзейнасці, якімі можна займацца без рэгістрацыі ІП як рамеснік. Цяпер рамеснікі змогуць не толькі вырабляць, але і цалкам законна рэкламаваць свае вырабы ў інтэрнэце, прадаваць у майстэрнях і перасылаць пакупнікам.

Раней рамеснікі мелі права прадаваць свае вырабы толькі праз кірмашы ды праз крамы індывідуальных прадпрымальнікаў, гэтакія, як «Краіна майстроў». Але шмат хто ўсё адно шукаў пакупнікоў праз сацыяльныя сеткі пад пагрозаю атрымаць штраф. Цяпер гэтую практыку легалізавалі.

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» цалкам: