Зміцер Вайцюшкевіч адсвяткаваў два юбілеі


Адная з найбуйнейшых імпрэзаў гэтых выходных адбылася ў вёсцы Васілевічы на Гарадзеншчыне. Там, а канкрэтна, на хутары Вайцюшкі, адзначылі адразу 2 юбілеі: Змітру Вайцюшкевічу напярэдадні споўнілася 45 гадоў, а заснаванаму ім аркестру – 15.

Уладзімір Някляеў, паэт:

«Канечне, гэты канцэрт мусіў бы адбыцца недзе на сталічнай сцэне, у Палацы Рэспублікі ці ў Палацы спорту, але ён адбываецца тут па той простай прычыне, што незалежныя людзі, грамадзяне, сённяшняй уладзе замінаюць».

Тым не менш, самому барду святкаванне здалёк ад сталіцы і ў кампаніі сяброў адпавядае: Вайцюшкевіч кажа, што афіцыёзу не жадаў бы. Як, зрэшты, і Лявон Вольскі, які летась адзначыў 50 гадоў.

Зміцер Вайцюшкевіч, бард:

«Я запытаўся ў Лявона пра ягонае 50-годдзе. Ён кажа: «Уяві, калі б я сядзеў у Палацы Рэспублікі, а мне падносілі б дары міністр культуры, кветкі ад Лукашэнкі…» Таму я вельмі цешуся, што мы тут у нефармальных абставінах. Тут няма ніякага рэгламенту і пратаколу».

Супраціўляцца сістэме Зміцер Вайцюшкевіч ужо, здаецца, прызвычаіўся. І на радзіме яму спяваецца лепш, чым у вольным замежжы: музыка не так даўно вярнуўся з Польшчы. Нягледзячы на тое, што імя барда – у чорных спісах музыкаў, канцэрты якіх зладзіць у Беларусі амаль немагчыма, ён працягвае спяваць: на ягоным рахунку 19 толькі сольных альбомаў. І музыка ўжо працуе над новым.

Іншыя тэмы: У музеі Міхала Клеафаса Агінскага прайшоў ужо традыцыйны фэст «Залессе запрашае сяброў». У Каракасе працуе выстава, прысвечанае Фрыдзе Калё.

Марына Вашкевіч, Вольга Чайчыц belsat.eu