Зміцер Дрозд: Можа, кдбшнікі смяюцца з «фраў А», але загад выконваюць


Выведка і контрвыведка, барацьба з тэрарызмам, бяспека ўласных грамадзянаў, эканамічная бяспека і змаганне з карупцыяй – гучыць крута. Мабыць, таму Аляксандр Лукашэнка ў часе сустрэчы з кіраўніком КДБ Валерам Вакульчыкам, не толькі пералічыў тое, чым, на ягоную думку, займаецца найперш Камітэт дзяржбяспекі, але і прымазаўся да гэтае крутасці: маўляў, мы – чэкісты. То бок і Лукашэнка, і КДБ – чэкісты, адно цэлае. А таму і «саромецца старога – няма чаго», падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

У «Гарачым каментары» – гісторык Зміцер Дрозд.

«У падобнай структуры заўжды толькі адна прычына для гонару – што гэтая структура гатовая выканаць любы загад таго, хто пры ўладзе. Сталін шляхам у тым ліку і рэпрэсіяў супраць НКВД практычна знішчыў усё, што магло хоць у малой ступені супраціўляцца. Гэта павінныя быць людзі, якія выканаюць любы загад. Калі раптам з’яўляецца загад зляпіць справу «Белага легіёна», я не думаю, што там сядзяць дурні – там сядзяць разумныя людзі, але яны выконваюць загад. Можа, калі нават выключаюць тэлефоны, дастаюць з іх акумулятары, то смяюцца над «фраў А», над самой гэтай справай, але яны за сваю працу атрымліваюць добрыя грошы і выконваюць загад», – адзначыў Зміцер Дрозд.

Фотаздымак на застаўцы да відэа Tut.by